Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьпіс забароненых рэчываў, у якім больш як сто наркотыкаў, павялічылі на 9 пазыцыяў. Ці дапаможа гэта спыніць наступ «спайсаў»?


Belarus - spice, drugs, narcomany, Courtesy
Belarus - spice, drugs, narcomany, Courtesy

Мінздраў сваёй пастановай павялічыў на 9 пазыцыяў сьпіс наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў і іх прэкурсораў, якія падлягаюць дзяржаўнаму кантролю. Днямі пастанова Мінздраву была апублікавана на Нацыянальным інтэрнэт-партале і такім чынам стала «кіраўніцтвам да дзеяньня» для праваахоўнікаў.

Ці дапаможа гэта спыніць наступ наркотыкаў у Беларусі?

Паводле Мінздраву, ніводная з 9 навінак «чорнага сьпісу» не выкарыстоўваецца ў мэдыцыне.

«Гэтыя рэчывы былі выяўленыя спэцыялістамі Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз у працэсе вывучэньня і аналізу наркасытуацыі на тэрыторыі Беларусі і Расеі, а таксама маніторынгу спэцыялізаваных інтэрнэт-рэсурсаў з прапановамі продажу псыхаактыўных рэчываў — новых відаў дызайнэрскіх наркотыкаў», — паведамілі БелТА ў Міністэрстве аховы здароўя.

Сьпіс падкантрольных рэчываў павялічваўся і раней. Гэтак, у 2010 годзе да яго дадаліся 24 прэкурсоры і 21 псыхатропнае рэчыва. Цяпер у сьпісе сотні пазыцыяў. Небясьпечныя рэчывы падзеленыя на 36 групаў. Супрацоўнікі міліцыі, якія змагаюцца з наркотыкамі, адзначаюць, што ў Беларусі час, які праходзіць ад зьяўленьня на рынку новага наркотыку да ўключэньня яго ў «чорны сьпіс», скараціўся да некалькіх месяцаў. Асабліва гэтаму пасадзейнічаў 6-ты дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі «Аб неадкладных захадах па супрацьдзеяньні незаконнаму абароту наркотыкаў», які дазволіў больш апэратыўна рэагаваць на зьяўленьне новых наркотыкаў, зазначаюць міліцыянты. Паводле прагнозаў управы наркакантролю МУС, у 2015 годзе ўдасца спыніць да 96% патоку новых наркотыкаў.

У Беларусі прызнаюць, што большасьць курыльных сумесяў і гэтак званых «дызайнэрскіх» наркотыкаў трапляе ў краіну праз Расею. Які заслон будзе пастаўлены гэтаму патоку?

Пакуль, акрамя традыцыйных апэратыўных захадаў, у якасьці сапраўды дзейснай меры барацьбы з наркотыкамі з усходу адмыслоўцы вызначаюць апошнія зьмены ў Крымінальны кодэкс. Паколькі на мяжы з Расеяй няма памежнага кантролю і наркатрафік праз гэтую мяжу не падпадае пад прыкметы кантрабанды, у кодэкс уведзена адказнасьць за незаконнае перамяшчэньне празь мяжу наркатычных сродкаў — зь лютага 2015 году за гэта будуць караць 12 гадамі зьняволеньня. Таксама павялічыліся тэрміны пакараньня тым, хто займаецца распаўсюдам наркотыкаў і ўцягвае ў гэтую небясьпечную справу моладзь.

На сёньня больш за 15 тысяч грамадзянаў Беларусі стаяць на ўліку як асобы, якія ўжываюць наркотыкі. Гэтыя дадзеныя агаласіў намесьнік міністра ўнутраных спраў Аляксандар Шчурко, калі днямі выступаў у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Між тым, паводле неафіцыйных ацэнак, колькасьць тых, хто ўжывае наркотыкі, большая ў некалькі разоў, паколькі афіцыйная статыстыка ня ўлічвае непаўналетніх і моладзь зь невялікім досьведам ужываньня наркатычных рэчываў, у тым ліку «спайсаў» і курыльных сумесяў. Мінулым годам толькі ў Менску ад ужываньня «спайсаў» ды іншых «дызайнэрскіх» наркотыкаў загінула 7 маладых людзей, а ўсяго ад перадазіроўкі за год у Беларусі загінулі 53 чалавекі.

Што, акрамя жорсткага закону, можа стаць эфэктыўным сродкам барацьбы з наркотыкамі?

Максім М. кінуў ужываць наркотыкі некалькі гадоў таму і цяпер дапамагае рэабілітавацца тым наркаманам, якія вырашылі стаць на шлях выздараўленьня і вяртаньня ў грамадзтва. Паводле Максіма, захады праваахоўнікаў па змаганьні з наркотыкамі трэба сумяшчаць з выхаваўчай працай у грамадзтве і асабліва ў сям’і, а таксама лібэралізаваць падыход да тых, хто аднойчы памыліўся.

Трапіць такі першаходка ў калёнію да дасьведчаных наркаманаў — хіба ён выйдзе адтуль і больш ня будзе гэтым займацца?

«Моладзь фармуецца на каштоўнасьцях, якія дэманструе безадказнае жыцьцё, што культывуецца ў нашым грамадзтве. Таму ў маладых людзей нестае бар’ераў, якія б ім не дазвалялі спажываць наркотыкі. Вядома, трэба кантраляваць і межы, але яшчэ больш трэба змагацца за тое, каб моладзь мела іншыя маральныя каштоўнасьці, інтарэсы, мэты. Тады яны самі ня прымуць гэтыя прапановы наркотыкаў. Калі бацька ў сям’і не цікавіцца справамі сына, калі маці не зьвяртае ўвагі на тое, што сын у 16 гадоў прыйшоў дамоў нападпітку і абкураны цыгарэтамі, то потым ужо позна будзе прымаць меры супроць наркотыкаў. Так, цяпер шмат маладых трапляюць за краты за распаўсюд наркотыкаў, з гэтым стала стражэй. Але што атрымліваецца? Трапіць такі першаходка ў калёнію да дасьведчаных наркаманаў — хіба ён выйдзе адтуль і больш ня будзе гэтым займацца? Наўрад ці, бо там ён набыў новыя сувязі, новы досьвед, а на нармальную працу нікуды не бяруць. Вядома, пойдзе гандляваць наркатой. Я б зрабіў гэтак, каб такому чалавеку, які першы раз аступіўся, далі права выбару: ісьці ў калёнію ці ў рэабілітацыйны цэнтар лячыцца. А ізаляваць трэба найперш тых, хто непасрэдна распаўсюджвае наркотыкі ў вялікіх памерах, у тым ліку „наркабаронаў“. Нешта я ня чуў, каб іх у нас саджалі за краты».

У Беларусі ў 2014 годзе было зроблена больш за 7 тысяч злачынстваў, зьвязаных з наркотыкамі. 2800 злачынстваў зьвязаныя з распаўсюдам наркотыкаў, 51 — з арганізацыяй прытонаў для наркаманаў. Асуджана за злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі, каля 3,5 тысячы чалавек. Гэта дадзеныя МУС і Вярхоўнага суду.

Сярод беларускіх наркаманаў пераважаюць тыя, хто ўжывае опіюмныя наркотыкі — больш за 57%. Імкліва расьце група наркаманаў, якія ўжываюць псыхатропныя стымулятары — такіх ужо больш за 4%. Сярод спажыўцоў наркатычных рэчываў дамінуюць людзі зь сярэдняй і незакончанай сярэдняй адукацыяй, каля 40% — асобы за 30 гадоў, толькі чвэрць наркаманаў складаюць жанчыны. Такія зьвесткі прывёў у сваім артыкуле на сайце Мінздрава кандыдат мэдычных навук Уладзімер Максімчук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG