Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напярэдадні Дня Волі Лябедзька сустрэўся з бацькамі Жызьнеўскага


Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сустрэўся ў Менску з бацькамі Міхаіла Жызьнеўскага. Ім перадалі сродкі, сабраныя сябрамі АГП на помнік Міхаілу.

Лябедзька лічыць, што гэтая сустрэча напярэдадні Дня Волі мела сымбалічнае значэньне.

«Мы заклікаем усіх ня быць абыякавымі. Я думаю, што нам трэба падключаць нашы кантакты ва Ўкраіне, каб знайсьці больш ёмкае месца для Жызьнеўскага. Гэта будзе, калі ён атрымае Героя Ўкраіны. А для гэтага, відаць, трэба, каб ён атрымаў статус ганаровага грамадзяніна Ўкраіны. Тут ёсьць пэўныя моманты, і я думаю скарыстаць свае кантакты, каб вырашыць гэтае пытаньне. Бо гэта будзе і пытаньне вялікай дапамогі бацькам, якім цяпер няпроста. Ім патрэбна псыхалягічная падтрымка, бо яны ўжо і ва ўзросьце».

Паводле Лябедзькі, 25 сакавіка мясцовыя актывісты на Гомельшчыне плянуюць наведаць магілу Міхаіла Жызьнеўскага на могілках у вёсцы Сьцяг Працы ў Гомельскім раёне.

«Трэба гэты пункцік на мапе трымаць і трэба больш чалавечай увагі. І нейкую матэрыяльную дапамогу трэба шукаць, выкарыстоўваць украінскія кантакты, каб была памяць і дапамога. Я думаю, наша сустрэча сымбалічная напярэдадні Дня Волі».

Лябедзька адзначыў, што сябры АГП плянуюць прадоўжыць збор сродкаў.

Актывістка Вольга Мікалайчык распавяла карэспандэнту Свабоды, што збор сродкаў на помнік Жызьнеўскаму працягваецца.

«Скульптар і мастак, сябра мастакоўскай суполкі „Пагоня“ Алесь Шатэрнік, які ўзяўся зрабіць помнік, вяртаецца з Амэрыкі на пачатку красавіка і плянуе шчыльна ўзяцца за справу, каб помнік мы ўсталявалі да лета. Пакуль мы зьбіраем грошы, і гэты працэс складаны, бо краіна ў нас небагатая. Людзі аддаюць апошняе, але гэта там 5–10 даляраў, а сабраць трэба 4–5 тысяч. Але ўжо тысячу перадалі на камень, дзякуючы Кастусю Жукоўскаму з Гомеля. Усяго мы недзе назьбіралі ўжо каля паловы патрэбных грошай. А да лета трэба ставіць, бо гэта ўжо наш абавязак».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG