Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вялікі брат» сочыць за выбарамі


Чым так занепакоіўся Аляксандр Лукашэнка, што тэрмінова сустрэўся з старшынёй КДБ? Абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч: Думаю, зусім не выпадкова кіраўнік Беларусі пасьля драматычных падзей у Францыі, Турэччыне, Армэніі, Казахстане прыняў старшыню КДБ Валера Вакульчыка. Тут варта адзначыць некалькі момантаў.

Найперш, варта заўважыць, што Лукашэнка заўсёды нэрвова рэагуе на замах на дзяржаўную ўладу ў любой краіне. Бо, па ягонаму ўяўленьню, ўлада — рэч сакральная, і любы замах на яе — гэта блюзьнерства. Мы можам успомніць рэзка нэгатыўную рэакцыю Лукашэнкі на зрынаньне рэжыму Слабадана Мілошавіча ў Югаславіі. Ён пасьлядоўна абараняў рэжым Садама Хусэйна ў Іраку. Пасьля «аранжавай рэвалюцыі» ва Ўкраіне ён цэлы год рэфрэнам паўтараў, што у Беларусі рэвалюцыі ня будзе.

Лукашэнка заўсёды нэрвова рэагуе на замах на дзяржаўную ўладу ў любой краіне. Бо, па ягонаму ўяўленьню, ўлада — рэч сакральная, і любы замах на яе — гэта блюзьнерства

Пасьля таго, як быў зрынуты прэзыдэнт Кыргызстану Курманбек Бакіеў, Лукашэнка так блізка прыняў гэта да сэрца, што запатрабаваў стварыць у рамках АДКБ мэханізм абароны існых рэжымаў і даў кіргіскаму кіраўніку палітычны прытулак. Моцна ўразіла беларускага кіраўніка і жудаснае забойства лівійскага дыктатара Муамара Кадафі. Адразу пасьля гэтага Лукашэнка абвясьціў, што Беларусь будзе фармаваць тэрытарыяльную абарону.

Гэтыя падзеі стварылі такі фон, які дапамагае мацаваньню ідэалягічнага канструкту аб беларускай «стабільнасьці». Маўляў, на тле катаклізмаў, якія віруюць ў сьвеце, Беларусь застаецца выспай пакою і стабільнасьці.

Другі момант. Ужо два гады Лукашэнка прапаноўвае насельніцтву новае пасланьне, ці, як кажуць некаторыя аналітыкі, новы кантракт. Сэнс яго такі: цяпер на тле сусьветных катаклізмаў галоўнае для беларусаў не заробкі і пэнсіі, а мір і парадак. Вось і падчас сустрэчы з старшынёй КДБ, кіраўнік дзяржавы, кажучы пра апошнія падзеі ў сьвеце, заявіў: «Становішча вельмі цяжкае. І нам, чаго б ні каштавала, варта захаваць спакой і мір у нашай краіне».

Акрамя таго, гэтыя драматычныя падзеі ў сьвеце легітымізуюць жорсткія дзеяньні ўладаў супраць апанэнтаў і увогуле любых спробаў дэстабілізацыі сытуацыі ў Беларусі. Жорсткія рэпрэсіі будуць з разуменьнем успрыняты грамадзтвам. Вось бачыце, старшыня КДБ не хавае, што гэта ведамства ўважліва сочыць за апазыцыяй, за тым, як яна зьбірае подпісы. У дэмакратычнай краіне пасьля такой заявы кіраўніка спэцслужбы ён быў бы вымушаны неадкладна сысьці ў адстаўку, а ў парлямэнце была б створаная адмысловая камісія па расьсьледаваньні дзейнасьці спэцслужбы. А ў Беларусі гэта успрымаецца як норма.

Дракахруст: Я б у абарону Аляксандра Лукашэнкі сказаў, што падзеі, якія зараз адбываюцца ў сьвеце, прымушаюць кіраўніка любой краіны, дэмакратычнай ці не, задаваць шэфу сваёй спэцслужбы пытаньні пра ўплыў і мадэлі гэтых пагрозаў, якія адбываюцца ў сьвеце.

Ну вось ў Ніцы мы бачылі другое выданьне 11-га верасьня 2001-га году. Ні выбухоўкі, ні аўтаматаў, ні нават нажа, абсалютна карысная для людзей рэч — аўтафура — выкарыстоўваецца як надзвычай эфэктыўная прылада забойства. Калі б я быў на месцы Лукашэнкі, я б задаў шэфу спэцслужбы пытаньне, а што ў нас ёсьць, каб прадухіліць такія сцэнары?

Ні выбухоўкі, ні аўтаматаў, ні нават нажа, абсалютна карысная для людзей рэч — аўтафура — выкарыстоўваецца як надзвычай эфэктыўная прылада забойства. Калі б я быў на месцы Лукашэнкі, я б задаў шэфу спэцслужбы пытаньне, а што ў нас ёсьць, каб прадухіліць такія сцэнары?

Ці тыя ж падзеі ў Армэніі, захоп паліцэйскага пастарунку, заклікі да паўстаньня. А як у нас зброя ходзіць празь мяжу, колькі яе і ў каго яна? Гэта натуральныя пытаньні.

Калі ў Ніцы была жалобная цырымонія па ахвярах трагедыі, то яе ўдзельнікі асьвісталі прэм’ера і іншых прадстаўнікоў ураду, асьвісталі за тое, што ўлада ня здолела абараніць людзей. Нікому ня хочацца аказацца бездапаможным у такой сытуацыі. Для таго спэцслужбы і ёсьць, каб дзяржава ў такіх сытуацыях не была бездапаможнай.

Што тычыцца выбараў, то тут ужо асаблівасьці недэмакратычнай сыстэмы. Шмат хто з палітыкаў, ня кажучы пра аналітыкаў, кажуць, што выбараў у Беларусі няма, што ўдзельнічаць у іх ня трэба, усё роўна нічога ня зьменіцца. Але стаўленьне аўтарытарнай улады да гэтага больш складанае.

Яна ведае такі фэномэн як «цудоўныя выбары», «пераварочваючыя выбары», якія шмат у якіх аўтарытарных краінах былі, дыктатары іх праводзілі, мяркуючы, што ўсё схоплена, што іх ярмошыны ўсё вырашаць і падлічаць, як трэба. А выбары аказваліся каталізатарам для вельмі значных падзеяў.

І я мяркую, што размова Лукашэнкі з Вакульчыкам была менавіта пра гэта: ці ёсьць перадумовы для такога разьвіцьця падзеяў? Калі Вакульчык сказаў «так», а магчыма ён і сказаў «так», то напэўна былі дадзеныя нейкія дадатковыя распараджэньні для прадухіленьня адпаведнага сцэнару. Часам і гэта не дапамагае, але прынамсі ў межах аўтарытарнай лёгікі гэта абсалютна натуральныя рашэньні. Не ва ўсіх атрымліваецца, але робяць так усе.

Цыганкоў: Цікава было б з гэтага пункту гледжаньня калі-небудзь глянуць у архівах ці ў цяперашняй раскладцы структуры КДБ, колькі ў гэтым ведамства супрацоўнікаў усё-такі займаецца патэнцыйнымі тэрарыстамі. Мне здаецца, на дадзены момант відавочна пераважаюць тыя, хто праслухоўвае апазыцыйных лідэраў. У адрозьненьне ад любых дэмакратычных і пэўных недэмакратычных краінаў, такі перакос у дзейнасьці КДБ яўны.

У сувязі з падзеямі ў Турэччыне ўзьнікае пытаньне, ці здольнае беларускае войска на патэнцыйны пераварот? Наўрад ці, паколькі для гэтага павінна быць традыцыя, як у той жа Турэччыне. Да таго ж ваенныя павінныя адчуваць сябе асобнай кастай. У Беларусі гэтага няма, армія няспынна скарачаецца. Нягледзячы на тое, што Лукашэнка кажа, якая яна баяздольная, лічбы паказваюць іншае. Усё менш нават сродкаў з бюджэту ідзе на войска, у адрозьненьне ад КДБ і міліцыі. Войска ня мае ні падтрымкі фінансавай, ні арганізацыйнай з боку дзяржавы і не адыгрывае асобную палітычную ролю.

Тэма стабільнасьці на фоне апошніх падзеяў у краінах, блізкіх да Беларусі — а гэта Ніца, пераварот у Турэччыне, драматычныя падзеі ў Армэніі і Казахстане, працяг украінскага канфлікту — будзе актыўна распрацоўвацца беларускай прапагандай

Тэма стабільнасьці на фоне апошніх падзеяў у краінах, блізкіх да Беларусі — а гэта Ніца, пераварот у Турэччыне, драматычныя падзеі ў Армэніі і Казахстане, працяг украінскага канфлікту — будзе актыўна распрацоўвацца беларускай прапагандай. Апошнім часам, як паказваюць апытаньні, украінскія падзеі ўжо не ўспрымаюцца так востра, як раней, беларусы пачалі хвалявацца найперш за эканамічнае становішча.

Новыя падзеі задаюць новы фон. Калі зьявы, падобныя перавароту ў Турэччыне, тэрактам у Эўропе (апошні выпадак — сёньняшні напад у цягніку ў Нямеччыне мігранта з Аўганістану), то тэма «абы не было вайны» зноў будзе і пэдалявацца прапагандай, і міжволі займаць думкі беларусаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG