Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскае разьвітаньне з Абамам


Пётр Чаромушкін — журналіст рускай службы Радыё Свабода
Пётр Чаромушкін — журналіст рускай службы Радыё Свабода

У апошнія дні знаходжаньня ў Белым доме адміністрацыі Барака Абамы многія расейскія публіцысты ўзяліся падсумоўваць зьнешнепалітычныя вынікі дзейнасьці прэзыдэнта ЗША, асабліва ў частцы яго адносінаў з Расеяй. Асабліва крытыкуюць апошнія крокі, у прыватнасьці санкцыі і высылку расейскіх дыпляматаў.

Прыемнага ў гэтым, вядома, мала. Але што рабіць — хто сее вецер, той усім вядома што пажынае. У мінулым адміністрацыя ЗША, несумненна, дапускала памылкі ў пэрыяд свайго знаходжаньня ва ўладзе (дарэчы, у ЗША Абаму найчасьцей крытыкавалі за мяккацеласьць), але танальнасьць некаторых расейскіх СМІ цяпер больш падобная на спробу плюнуць у сьпіну, чым правесьці добразычлівы аналіз або ацаніць факты.

Часам складваецца ўражаньне, што санкцыі і іншыя непрыемныя для Расеі акцыі былі не захадам у адказ, а капрызам антырасейскі настроенага прэзыдэнта ЗША, які не разумее, як уладкаваны сьвет, і не ўсьведамляе, што калі насельніцтва некаторых краінаў хоча жыць ва ўмовах сярэднявечнай дыктатуры і цемрашальства, то ня трэба яму (гэтаму насельніцтву) перашкаджаць.

Абама паспаў на канапе, пачытаў, пакуль расейскія памежнікі бадаліся з прадстаўнікамі амбасады ЗША

Чакаць асаблівай любові прэзыдэнта Барака Абамы да расейскіх парадкаў, наогул кажучы, даволі цяжка. Яго першы досьвед далучэньня да расейскай рэчаіснасьці ў 2005 годзе аказаўся, мякка кажучы, няўдалым. Калі ў аэрапорце Пермі амэрыканскі спэцборт з сэнатарамі Абамам і Лугарам быў затрыманы для дагляду, будучаму прэзыдэнту ЗША прыйшлося правесьці некалькі гадзінаў на канапе ў залі чаканьня. Абама і Рычард Лугар прыляцелі ў Перм, каб агледзець завод для зьнішчэньня хімічнай зброі, які фінансаваўся на грошы амэрыканскіх падаткаплатнікаў. Абама паспаў на канапе, пачытаў, пакуль расейскія памежнікі бадаліся з прадстаўнікамі амбасады ЗША з нагоды экстэрытарыяльнасьці статусу амэрыканскага ваеннага самалёту, на якім прыляцелі сэнатары. Але сэнатар Абама крыўды ня затаіў, а рабіў тое, што павінна. І тады, калі стаў прэзыдэнтам — усяляк стараўся замірыцца з Расеяй.

Асабліва пацешна чытаць крытыку дзеяньняў Абамы наконт таго, што на пачатку свайго прэзыдэнцтва ён зрабіў стаўку на прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева і імкнуўся разьвіваць зь ім адносіны, а прэмʼер-міністра Ўладзіміра Пуціна ігнараваў, а то і зусім (страшна ўявіць сабе) крытыкаваў як прадстаўніка сілаў мінулага. Сапраўды, Мядзьведзеў на прэзыдэнцкай пасадзе казаў пра мадэрнізацыю, дэсталінізацыю, пра тое, што свабода лепш, чым несвабода. Выкладаў ідэі, якія цалкам адпавядалі перадавым поглядам Абамы і яго бачаньню сьвету. На каго ж яшчэ мог ставіць амэрыканскі прэзыдэнт, які імкнуўся да сьветлай будучыні і які не спрабаваў пагрузіць сьвет у беспрасьветную цемру? Дарэчы, некаторыя расейскія амэрыканісты робяць выгляд, што забылі, як Абама падчас свайго візыту ў Маскву ў 2009 годзе наведаў рэзыдэнцыю прэмʼер-міністра ў Нова-Агарова, дзе яго частавалі гарбатай з самавару, раскачагаранага ботам, і лекцыяй пра шкоду распаўсюджваньня дэмакратыі.

Мядзьведзеў на прэзыдэнцкай пасадзе казаў пра мадэрнізацыю, дэсталінізацыю, пра тое, што свабода лепшая за несвабоду

Падпісаньне ў Празе ў 2010 годзе дамовы паміж РФ і ЗША аб далейшым скарачэньні і абмежаваньні стратэгічных наступальных узбраеньняў (СНВ-III) стала пацьвярджэньнем таго, што ідэю бязьядзернага сьвету, якая многім і ў ЗША здаецца ўтапічнай, усё ж можна рэалізаваць малымі крокамі. Цяжка сабе ўявіць, каб малады і перадавы прэзыдэнт ЗША, які быў абраны ня столькі з прычыны, як лічыцца, уласьцівай амэрыканскаму грамадзтву паліткарэктнасьці, колькі з прычыны чаканьня міру, з прычыны стомленасьці вайной у Іраку і Аўганістане, стаў бы без разбору бамбіць Дамаск, каб выкурыць адтуль Башара Асада. Напэўна, менавіта так расейскія публіцысты ўяўлялі б сабе «моцнага гаспадара Белага дому». Ці — каб амэрыканскі лідэр прыняў як належнае, што дарагіх расейцаў задавальняе заціск апазыцыі, растоптваньне дэмакратычных свабодаў, палітычныя забойствы і пабудова паліцэйскай дзяржавы. Ня кажучы ўжо пра тое, што яны захоплена будуць вітаць адкройваньне ад суседа прывабнага кавалку зямлі, які ў нейкі момант падаўся безгаспадарным.

Абама прыйшоў у Белы дом як міратворац, які хацеў выправіць здаваліся тады безнадзейна сапсаваныя адносіны з Расеяй пасьля вайны ў Грузіі. Тады, у 2008 годзе, неймаверна было ўявіць сабе, да якой глыбіні падзеньня могуць абрынуцца сувязі паміж Расеяй і ЗША ў 2016 годзе, якія старанна выбудоўваліся намаганьнямі многіх людзей у 1990-я гады. Сёньня ад дасягненьняў тых гадоў не засталося практычна нічога — акрамя супрацоўніцтва ў космасе і гандлю камчацкімі крабамі. Адмена сумесных праектаў у галіне экалёгіі, аховы здароўя, супрацоўніцтва праваахоўных і контрнаркатычных органаў, закрыцьцё Амэрыканскага цэнтру ў Маскве і «амэрыканскіх куткоў» у абласных і краявых бібліятэках, згортваньне праграм вывучэньня ангельскай мовы і многае іншае адбылося не з віны адміністрацыі Абамы, а з віны тых, хто паталягічна баіцца «аранжавай рэвалюцыі», якая падсілкоўваецца ў іх уяўленьні з Вашынгтонскага абкаму, тых, хто мае патрэбу ў вонкавым ворагу, каб апраўдваць легітымнасьць рэжыму.

Сёньня ад дасягненьняў тых гадоў не засталося практычна нічога — акрамя супрацоўніцтва ў космасе і гандлю камчацкімі крабамі

Напярэдадні візыту прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева ў Вашынгтон у чэрвені 2010 году Абама быў заняты высьвятленьнем адносін са сваімі генэраламі. Нягледзячы на гэта, ён знайшоў час, каб адказаць на пісьмовыя пытаньні інфармацыйнага агенцтва «Інтэрфакс», карэспандэнтам якога ў ЗША я тады працаваў. Цяпер дарэмна шукаць на сайце «Інтэрфаксу» гэта інтэрвію, якое некалі лічылася дасягненьнем агенцтвы і яго гонарам. Сутнасьць пасланьня Абамы да расейцаў зводзілася да таго, што трэба перастаць гуляць у гульню з нулявым вынікам, лепш ужыць падыход, ад якога выйграваў бы кожны. Хто можа асудзіць такі падыход? Толькі бязьмерны цынік і крывадушнік.

Пасьля сыходу Мядзьведзева з пасады прэзыдэнта справы ў расейска-амэрыканскіх адносінах пайшлі зусім дрэнна. Новага амэрыканскага амбасадара ў Маскве, дасланага асабіста Абамам, аўтара так званай «перазагрузкі», інтэлектуала, але не дыплямата Майкла Макфола, сустрэлі як спэцыяліста ў распаўсюдзе дэмакратыі і «аранжавых рэвалюцый» і наладзілі на яго практычна адкрытыя ганеньні. Кожны ягоны крок суправаджаўся так званымі журналістамі з НТВ, а кіроўцу нават адправілі ў кутузку за выдуманае парушэньне. Як сказаў мне адзін амэрыканскі дыплямат, нават па маскоўскіх мерках то, як павялі сябе з Макфолам, было відавочным пераборам. Залішне казаць аб адкрытых перасьледах, якія расейскія спэцслужбы вялі супраць расейскіх супрацоўнікаў амбасады ЗША ў Маскве.

Абама не прыехаў на адкрыцьцё Алімпіяды ў Сочы, чым выклікаў немалую незадаволенасьць у Маскве. У Кіеве ўжо быў Майдан, які ў Крамлі любяць назваць «інсьпіраваным краінамі Захаду дзяржаўным пераваротам», а ў Маскве ішоў заціск уяўных «замежных агентаў» і няўрадавых арганізацый. Зразумела, што амэрыканскі лідэр заўсёды будзе на баку сіл, якія імкнуцца да свабоды, асабліва пад націскам такога ўплывовага лобі, як украінскае. Белы дом вызначыў віцэ-прэзыдэнта Джозэфа Байдэна ў якасьці куратара рэформаў ва Ўкраіне, і вядомы палеміст і каталік не адыходзіў ад тэлефону, па якім гаварыў з прэзыдэнтам Парашэнкам, некалькі разоў прылятаў у Кіеў, каб пераканаць украінскіх палітыкаў пакончыць з карупцыяй.

Зразумела, што амэрыканскі лідэр заўсёды будзе на баку сіл, якія імкнуцца да свабоды, асабліва пад націскам такога ўплывовага лобі, як украінскае

Чамусьці расейскія публіцысты маюць тэндэнцыю забываць, што санкцыі зьявіліся не з капрызу Абамы, а былі, як цяпер кажуць у Расеі, «ответкой» на анэксію Крыма, крывавую лазьню, якую ўчынілі на Данбасе, бясконцыя спробы падарваць дэмакратычны працэс ва Ўкраіне, разадраць краіну на часткі. Нават у гэтых умовах прэзыдэнт Абама стараўся падтрымаць стасункі з Крамлём і не дапусьціць поўнага разрыву, які прадракалі многія. Ён адмовіўся пастаўляць так званую сьмяротную зброю ва Ўкраіну, да чаго яго заклікалі. Калі ўспомніць паведамленьні прэс-службы Крамля аб бясконцых тэлефонных размовах Пуціна і Абамы (больш нагадвалі дыялёгі жыхароў розных плянэтаў — асабліва ў частцы выкананьня Менскіх пагадненьняў), яны нязьменна суправаджаліся прыпіскай «тэлефонная размова адбылася зь ініцыятывы амэрыканскага боку». Такая прыпіска тлумачыла: маўляў, мы ім (амэрыканцам) больш патрэбны, чым яны нам. Звычайная лёгіка кухні ў камунальнай кватэры, якая Чыкаскаму міратворцу не вельмі была ўласьцівая.

ёсьць падставы меркаваць, што зьнешнепалітычная спадчына Абамы будзе з часам ацэнена са знакам плюс, а не са знакам мінус

Але самае цікавае, што ж цяпер будзе далей? Прыйдзе Дональд Трамп і ўсё адменіць? Магчыма. У Ізраілі, дзе, як вядома, Абаму не любілі і лічылі памагатым арабаў, ужо задумаліся пра тое, а што будзе, калі абраны прэзыдэнт, які абвяшчае сябе сябрам Тэль-Авіва, адменіць народжанае ў пакутах пагадненьне аб ядзернай праграме Ірана? Ці не прывядзе гэта да росту ядзерных амбіцый Ірану і да аднаўленьня пагрозы атамнай вайны супраць дзяржавы Ізраіль, права на існаваньне якога выключалі некаторыя дзеячы ў Тэгеране?

Рухаючай сілай палітыкі прэзыдэнта Абамы было жаданьне зрабіць сьвет больш бясьпечным і мірным. Часам яго падыход здаваўся наіўным і «прекраснодушным», але вось чаго ў яго не адбярэш — ён імкнуўся да замірэньня, як гэта адбылося з Кубай, і да лепшай будучыні. І не яго віна ў тым, што сьвет складаўся з палітыканаў і «законна абраных» дыктатараў, якія гулялі па іншых правілах. Словам, ёсьць падставы меркаваць, што зьнешнепалітычная спадчына Абамы будзе з часам ацэнена са знакам плюс, а не са знакам мінус.

Пётр Чаромушкін — журналіст рускай службы Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG