Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рымдзюны. Не супрантаце лятувішкай?


Рымдзюны. Астравецкі раён
Рымдзюны. Астравецкі раён
Ідучы па старой вуліцы вёскі Рымдзюны, я кіўнуў на літоўскае прывітаньне «лаба діена», якое мне паслала маленькая згорбленая старая. Але падтрымаць размовы ня здолеў.

Старая гаворыць па-літоўску.


— Аш ня супранту лятувішкай.


— Не супрантаце?


Зьдзіўленьне старой было настолькі шчырае, як быццам дыялёг адбываецца ў Літве. Зрэшты, літоўская мова ў Рымдзюнах — своеасаблівая лякмусавая папера на вызначэньне «свой» — «чужы». Але ці надоўга захаваецца ў нас жывая літоўшчына?



Дзьве старыя літоўкі, Ўладзіслава Вінцене і Яніна Трапшэне, часта зьбіраюцца, каб пасьпяваць старадаўнія песьні ды ўзгадаць дзяцінства. Гледзячы на іх жыцьцярадасныя твары, цяжка паверыць, што гэтыя бабулі памятаюць вайну. Вайну, як дзіцячыя забавы.


Вайна прыпала на ваша дзяцінства. Вам было страшна? Ці вы гулялі?


— Мне ня надта было страшна. Нават у акопы былі пайшоўшы. А там жа так файна! У акопах сабе дзеці гуляюць. Страшна не было. А табе, Уладзя?


— Я ў акопах помню, як была.


— І нічога страшнага.


— Не.


— Хораша. Пайшлі ў акопы, залезем, сьпім сабе.


— А як самалёт ляціць, мама крычаць: «Хавайцеся!» Дык наадварот, вылезеш.


— Галаву высунеш.


У гэтых мясьцінах больш за ўсё баяліся байцоў Арміі Краёвай. У старой Яніны краёўцы забілі ў 44-м бацьку.


— Хадзілі бандыты па вёсках, рабавалі людзей. І зайшлі да нас. Застрэлілі кабана вялікага. Загадалі бацьку запрэгчы каня, каб іх падвезьці. Падвёз да Петрык, іх там абстралялі немцы. Іх там і замучылі. Страшна мучылі. Прывязаўшы да колаў, цягалі па вуліцы. А пасьля павесілі.


А што гэта былі за бандыты?


— Называліся палякі. Але некаторыя па-польску гаварыць ня ўмелі.


І яны такім чынам ваявалі за Польшчу…


— Так. Аграбалі людзей. Прыйдзе сюды, глядзіць і кажа другому: «А мама яшчэ казала і калаўрот узяць». Гэта ж былі ваякі!


А як ставіліся немцы да вас?


— Нічога. Яны нармальна з намі жылі, немцы. Нямецкія, літоўскія былі ў лесе, каля Багданішак.


А літоўская паліцыя, яна была набраная з тутэйшых вёсак?


— Не. Ня з нашых.


Рымдзюны славяцца сваёй літоўскай школай. Рэдкі палітык суседняй дзяржавы не завітваў сюды. Сярод старой драўлянай забудовы яна выглядае сапраўды іншародным целам. З добрай, не сылікатнай, цэглы, зробленая па аўтарскім архітэктурным праекце. Давайце завітаем і мы. Каб пагутарыць з навучэнцамі старэйшых клясаў. Прызнацца, я быў трохі ў разгубленасьці ад размовы з маладой грамадзянкай Літвы, якая вучыцца тут, таму што бацькі працуюць па кантракце. І зь яе тутэйшым бой-фрэндам.



— Я асабіста паважаю Лукашэнку за тое, што ён не дазваляе, каб яму нехта на галаву наступаў. Мне падабаецца, як ён кіруе.


А што падабаецца, калгасы?


— Тое, што ніхто ня крадзе, як у Літве.


А тое, што людзей пабілі 19-га?


— Гэта нядобра, канечне. Ён вельмі прывык да сваёй улады. Ён намеціў свае пляны гадоў на дваццаць і ня хоча сваю працу нікому перадаваць.


Вы б хацелі пераехаць сюды жыць?


— Не!


Пры такім клясным Лукашэнку…


— Тут усё па-старому. А ў Літве больш эўрапейскага. Мы ўступілі ў Эўразьвяз. Ёсьць куды паехаць, больш свабоды. Нам лепей.


Нам вы пакідаеце такога кляснага Лукашэнку, савецкага, а сабе вы пакідаеце Эўразьвяз і адкрытыя межы?


— Так.


Здорава.


— Я пляную адвучыцца тут, а затым паехаць у Літву паступіць. І сваё жыцьцё зьвязваю зь Літвой. Кожнаму чалавеку сваё. Мне Літва бліжэй.


Хай цынічна, але затое вельмі шчыра. Вам савецкі правадыр, а нам Эўропа.


Школа падзеленая на дзьве няроўныя часткі. На літоўскай мове навучаюцца больш за 70 вучняў. На беларускай — каля 50. Я ня думаю, што беларусаў настолькі менш. Уся справа ў пэрспэктыве зьехаць у блізкую Вільню. Паслухаем дырэктарку школы Сьвятлану Лукшэне.


— Калі ты чалавек, які ведае мову і мае літоўскія карані, то маеш такія самыя магчымасьці, як і мы. Яны могуць атрымаць візу. У іх шлях будзе складаны, бо прыйдзецца яшчэ раз даказаць, што яны могуць зразумець тую мову. Толькі так. Наагул кожны чалавек павінен зразумець, што ён хоча ў гэтым жыцьці, што для яго галоўнае, якімі каштоўнасьцямі ён будзе кіравацца. І ісьці далей.


А кірунак Вільня і Эўропа — што пераважае, Вільня ці Менск?


— Няма перавагі. У нашых дзяцей ёсьць права выбару.


Зрэшты, далёка ня ўсе былыя віленскія студэнты застаюцца на тым баку мяжы. Вось прадавачка ў краме, маладая сымпатычная кабета, вярнулася ў родныя Рымдзюны пасьля навучаньня ў Віленскім пэдагагічным. І зусім не выглядае няўдачніцай.


А вам хацелася застацца ў Вільні?


— У нас прымаўка такая: рабі пільна, і тут будзе Вільна. Вы ж ведаеце, што такое жыльлёвае пытаньне. А тут ідзеш па вёсцы — каму «добры дзень», каму «лаба діена».


А якая мова гучыць часьцей сярод людзей?


Я не заўжды разумею, што бабулі гавораць. Тут мясцовая гаворка. Дзукійская зь беларускай намяшаная.

— Зьмяшана. Я не заўжды разумею, што бабулі гавораць. Тут мясцовая гаворка. Дзукійская зь беларускай намяшаная.


А вось на прызбу роднай хаты прысеў пакурыць малады вясковец Віктарас.


— Перахацеў я ехаць у Літву.


Чаму?


— Сьвежае паветра, лес недалёка. Пойдзеш, сок бярозавы спусьціш. Соку пап’еш, смачна. У Літве грошай болей плацяць. Але я не хачу ў Літву. Мне на вёсцы сама лепей. Я дзе радзіўся, тут і жыць буду.


А многа вашых аднагодкаў зьехала?


— Не. Адны вешаліся, тапіліся і гэтак далей…


Як бачым, «эўрапейская» нацыянальнасьць — не заўжды нагода, каб пакінуць сваю радзіму. Але вернемся да нашых бабуль. Якія любяць параўноўваць двух прэзыдэнтаў. Свайго, за каго нязьменна аддаюць галасы, і тую, што кіруе краінай іх дзяцей.



— Даля, яна нічога.


— Даля Грыбаўскайце, каб ёй далі такі закон, як Лукашэнку, дык яна была б яшчэ якім добрым кіраўніком. А так, гэты Кубілюс камандуе!


— Чаго мы яго не павучылі, як ён быў у нас!


— Ага. Чарта ўжо навучыш. Кубілюс, прэм’ер-міністар. І ён жа ўсім кіруе, а ня Даля. Каб Даля была як Лукашэнка…


— Тады б парлямэнт расфармавалі б! Адзін на другога — сядзяць, цыгарэты кураць.


— Там кіраваньня няма. Які ж яна прэзыдэнт?


— А наш Лукашэнка, хоць дыктатарам называюць, але яшчэ трымае трохі.


— І ня трохі трымае. А яшчэ парадачна трымае. Каб толькі яго слухалі гэтыя ўсе…


Часта даводзіцца чуць ад старых калгасьніц нараканьні на несправядлівасьць сьвету. Для іх улада заўжды была добрая. Што Сталін, што Лукашэнка. Кепскімі і несправядлівымі былі толькі мясцовыя старшыні і брыгадзіры. Але і на тым сьвеце старыя не чакаюць справядлівасьці.


— Усюды несправядлівасьць. Але што зрабіць?

— На тым сьвеце будзе справядлівей.

— І там будзе. Каторы багаты, каторы хітры, дык і там будзе панаваць. А ты як быў бедны, дык цябе ніхто ня будзе любіць і там.

— На тым сьвеце будзе справядлівей.


— І там будзе. Каторы багаты, каторы хітры, дык і там будзе панаваць. А ты як быў бедны, дык цябе ніхто ня будзе любіць і там.


— Ну ты, Уладзя, даеш!


— Я нідзе не патраплю, акрамя смалы. Але каторы даўся мне ў знакі, дзесяць чарпакоў лішніх налью.


— Альфонсу.


— Так. Гэтаму брыгадзіру — то налью.


— Яго, можа, там і ня будзе. Ён, можа на нябёсах сядзіць.


— На нябёсах. Глядзі, каб у самым дне не сядзеў.


— Там, Уладзя, будзе справядлівасьць. Там пойдзем жыць.


— Там як шатан пакруце хвастом, так і скамандуе. Цяперака ж лепей ліпнуць да яго, чым да Бога.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG