У цэнтры расейскай сталіцы Масквы каля ўладкаванага грамадзкасьцю «мэмарыялу» апазыцыйнаму палітыку Барысу Нямцову паліцыя затрымала шасьцярых чалавек. Пра гэта паведамляе расейскі праваабарончы партал «АУС-Інфа».
Паводле яго, у ноч на 27 лютага да Маскварэцкага моста пад’ехалі чатыры паліцэйскія аўтамабілі. Паведамляецца, што ў пастарункі адвезьлі шасьцярых актывістаў, сярод якіх адна жанчына.
Разам з паліцыяй на месца затрыманьня пад’ехалі некалькі аўтамабіляў, якімі вывезьлі з моста ўсе прынесеныя людзьмі кветкі і партрэты забітага апазыцыянэра.
Напярэдадні паведамлялася таксама аб затрыманьні каля «мэмарыялу» Нямцову жанчыны, якая прыйшла пакласьці кветкі.
У нядзелю ў Маскве адбыўся «Марш памяці Нямцова». У ім узялі ўдзел каля 15 000 чалавек, паводле арганізатараў. Пасьля завяршэньня ўзгодненага з уладамі шэсьця некаторыя актывісты адправіліся да месца забойства палітыка. Акцыі памяці Нямцова адбыліся ў многіх гарадах Расеі і сьвету.
Апазыцыйнага расейскага палітыка Барыса Нямцова застрэлілі 27 лютага 2015 году на Вялікім Маскварэцкім мосьце ў цэнтры Масквы. Паводле вэрсіі сьледзтва, верагодным заказчыкам і арганізатарам злачынства зьяўляецца былы афіцэр батальёну «Поўнач» Руслан Мухудзінаў. Яму прад’яўлена завочнае абвінавачаньне, зь лістапада 2015 году ён знаходзіцца ў міжнародным вышуку.