Апошнія два тыдні ва Ўкраіне адбываюцца іммпрэзы, прымеркаваныя да 75-ых угодкаў зь дня трагедыі ў кіеўскім Бабіным Яры, дзе за ўвесь час гітлераўскай акупацыі зь верасьня 1941-га па лістапад 1943-га, паводле розных дадзеных, расстраляныя ад 70 да 200 тысяч габрэяў, цыган, украінцаў, а таксама ваеннапалонных, сьвятароў і пацыентаў псыхічнай лякарні.
«Гэта трагедыя 20 стагодзьдзя, якую яшчэ трэба дасьледаваць. За адну ноч загінулі тры тысячы цыганоў, 34 тысячы габрэяў, загінула наша выбітная ўкраінская паэтка Алена Тэліга і проста выдатныя ўкраінцы, якія хацелі спакойна і свабодна жыць. Гэта было і маштабнае зьнішчэньне псыхічна хворых, таму што па загадзе туды звозілі пацыентаў з усіх бальніц. Гэтыя бесчалавечныя рэчы павінны праз розныя мерапрыемствы, праз розныя формы даводзіцца да моладзі», — кажа міністар культуры Ўкраіны Яўген Нышчук.
Але і празь дзесяцігодзьдзі гэтыя мэмарыяльныя мясьціны церпяць — неаднаразова вандалы намагаліся зьнішчыць галоўны сымбаль памяці — Мянору — помнік, усталяваны ўжо пасьля распаду Савецкага Саюзу ў 1991 годзе габрэйскаю супольнасьцю. Яго аблівалі фарбаю, спрабавалі спаліць. У 2001 годзе, пасьля наведваньня гэтага месца прэзыдэнтам Ізраілю Мошэ Кацавам, была ўсталяваная памятная пліта, якая некалькі разоў разьбівалася, і яе вырашылі наагул прыбраць. Сёлета ў траўні маладзёны проста пад гэтым знакам спалілі сьцяг Ізраілю.
«Вандалы рабілі такія рэчы, якія прыніжалі ўсіх, ня толькі габрэйскую супольнасьць, таму цяпер мы зрабілі ўсё, каб забясьпечыць відэаназіраньне і ўзмоцнены рэжым бясьпекі. Цяпер ужо адноўленая Мянора і добраўпарадкаваныя тры алеі — алея праведнікаў, алея пакутнікаў і дарога смутку», — дадаў міністар культуры.
У гэтыя дні на сэмінарах і навуковых канфэрэнцыях асабліва актыўна абмяркоўваюць і дасьледуюць антысэміцкую дактрыну нацызму, а на выставах і кінафэстывалях дэманструюць дакумэнтальныя сьведчаньні і экспанаты ад фотаздымкаў да асабістых рэчаў, прадстаўленых нашчадкамі сьведкаў гэтай страшэннай трагедыі.
Галоўныя ж мерапрыемствы адбудуцца заўтра, 29 верасьня, на тэрыторыі нацыянальнага мэмарыяльнага комплексу «Бабін яр», якія пачнуцца а 19.00 пры ўдзеле ўкраінскага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі. Для звычайных наведвальнікаў мэмарыяльны комплекс будзе зачынены ў гэты дзень да 21 гадзіны ў мэтах бясьпекі, а цяпер тут гаспадарчыя службы даводзяць да ладу апошнія штрыхі.
На мерапрыемствах у Кіеве чакаюць тысячу замежных гасьцей, сярод якіх ёсьць прадстаўнікі беларускай габрэйскай суполкі, і афіцыйных дэлегацый, у тым ліку на чале з прэзыдэнтам Ізраілю Рэўвэнам Рыўліным. Напярэдадні ён выступіў на парлямэнцкіх слуханьнях у Вярхоўнай Радзе і згадаў пра беларускае паходжаньне бацькі сваёй жонкі Няхамы — Мэнахема Шульмана, які нарадзіўся ў Мар’інай Горцы і там жа ў часе Другой сусьветнай вайны быў расстраляны разам са сваімі братамі.
«Кожны год у дзень памяці ахвяраў Галакосту мы ў Ізраілі і ва ўсім сьвеце чытаем імёны загінуўшых. У кожнага чалавека ёсьць імя. Але ёсьць імёны, шмат імёнаў, якія ніколі ня будуць знойдзеныя, нягледзячы не бясспрэчныя намаганьні знайсьці іх. Стрыечныя браты маёй жонкі, дзеці, немаўляты засталіся безь імёнаў. Нікому ў сьвеце іх імёны невядомыя. Яны былі тут, і іх няма», — адзначыў прэзыдэнт Ізраілю.
Бабін Яр таксама стаў міжнародным сымбалем Галакосту. Гісторыкі і дасьледчыкі плянуюць на гэтым месцы стварыць вялікі нэкропаль, у якім будуць замацаваныя імёны ўсіх, хто тут быў расстраляны 75 гадоў таму. Каб памятаць і не паўтарыць.