Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольскі: Мы мусім выстаяць і вярнуць сабе гэты горад, гэтую краіну


Лявон Вольскі
Лявон Вольскі

Пад уражаньнем ад падзеяў 25 і 26 сакавіка Лявон Вольскі прэзэнтаваў на музычным партале Tuzin.fm відэа на песьню «Скончылася шоў», куды ўвайшлі кадры з гвалтоўнага разгону мірнага мітынгу на Дзень Волі ў Менску.

Песьня «Скончылася шоў» была запісаная год таму, калі ў Беларусі загаварылі пра лібэралізацыю і адлігу. Яна ўвайшла ў альбом «Псыхасаматыка».

«Бывае, што пішаш песьню і ўкладаеш адзін сэнс, а высьвятляецца, што там ёсьць яшчэ схаваныя сэнсы, — патлумачыў Лявон Вольскі Радыё Свабода. — Так бывае досыць часта. Песьня была ў прынцыпе пра нейкія дзяржаўныя сьвяты — калі скончылася сьвята, разыходзіцца „спэцназ-амон“... У мяне там было, што „раніцай дзяўчыты вернуцца дамоў“ — мелася на ўвазе, што яны гуляюць, „тусяць“. А тут атрымалася, што раніцай дзяўчаты вернуцца дамоў, хутчэй за ўсё, з аўтазака і пастарункаў».

Больш за 800 чалавек былі брутальна затрыманыя на акцыі Дзень Волі ў сталіцы, кадры зь якога ўвайшлі ў новае відэа. Лявон Вольскі таксама быў у цэнтры Менску і бачыў гэты «хапун» на ўласныя вочы. «Скончылася шоў „дэмакратызацыі“. А шмат хто паверыў у новае „вольнае“ жыцьцё, неабмежаваныя канцэрты на радзіме і паразумнелую ўладу. І дарэмна. Скончылася шоў», — зазначыў Лявон у камэнтары для Tuzin.fm.

Вось — мы, людзі, жыхары гэтага гораду, гэтае краіны, а вось — яны, тыя, хто не дае нам напоўніцу жыць у гэтым горадзе, у гэтай краіне.

Музыка мяркуе што падчас гвалтоўнага разгону мірнага шэсьця, людзі не выглядалі на напалоханых ці зьбянтэжаных: «Людзі выглядалі на жаўнераў у баі. Вось — мы, людзі, жыхары гэтага гораду, гэтае краіны, а вось — яны, тыя, хто не дае нам напоўніцу жыць у гэтым горадзе, у гэтай краіне. І мы, людзі, мусім выстаяць. І вярнуць сабе гэты горад, гэтую краіну. І мы выстаім. І вернем».

Цяпер ідуць суды над затрыманымі на Дзень Волі і акцыі пратэсту на наступны дзень. Тым часам ідзе кампанія салідарнасьці з незаконна арыштаванымі людзьмі ды іх сем’ямі. Як пералічыць ці перадаць грошы ў любой краіне сьвету можна дазнацца з адмыслова створанай у фэйсбуку суполкі BY_Help

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG