Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падзеньне ўсясьветных цэнаў на нафту актуалізуе пытаньне пра ролю нафтаперапрацоўкі ў эканоміцы Беларусі і ўвогуле ў існаваньні беларускай сацыяльнай мадэлі.

Ужо шмат гадоў экспэрты разважаюць пра фэномэн Беларусі. Фактычна ня маючы ўласнай нафты (тая, што здабываецца ў Гомельскай вобласьці, — гэта мізэр), краіна атрымлівае 30–40% экспартных даходаў ад продажу нафтапрадуктаў. Іншыя такія прыклады ў сьвеце знайсьці цяжка.

Фэномэн тлумачыцца проста: Беларусь — афшор для расейскіх нафтавых кампаніяў. То бок беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы (наваполацкі «Нафтан» і Мазырскі НПЗ) імпартуюць нафту з Расеі па льготных цэнах, бяз мыта, а экспартуюць атрыманыя зь яе нафтапрадукты па ўсясьветных цэнах.

Тут дарэчы параўнаньне з Украінай. Там шэсьць НПЗ, аднак стабільна працуе толькі адзін, краіна імпартуе нафтапрадукты зь Беларусі, бо так выгадней. Праблема ў тым, што Ўкраіна можа купляць расейскую нафту па цане, якая ўлічвае кошт экспартнага мыта. Што аўтаматычна робіць нафтаперапрацоўку там нерэнтабэльнай.

«Нафтан» і Мазырскі НПЗ былі пабудаваныя ў савецкія часы, каб забясьпечваць палівам Савецкую Армію, якая мусіла быць гатовая да вайны ў Эўропе. І, дарэчы, у 1990-я гады, калі ўсясьветныя кошты нафты былі нізкія, роля нафтаперапрацоўкі ў беларускай эканоміцы была невялікая. Расея тады таксама пастаўляла нафту па льготных цэнах, і паводле дамовы Беларусь павінна была пералічваць экспартнае мыта ў бюджэт РФ. Але Менск спыніў выплату гэтага мыта, а Масква фактычна махнула рукой, бо сума была малая.

Сытуацыя памянялася з 2003 году, калі пачаўся рост усясьветных цэнаў на нафту. Менавіта з гэтага часу нафтадаляры сталі займаць істотную долю ў бюджэце Беларусі. Беларуская сацыяльная мадэль атрымала новае дыханьне, у краіне пачаўся спажывецкі бум, Лукашэнка пашырыў сваю сацыяльную базу, займеўшы новых прыхільнікаў. І тады ж пачаліся нафтагазавыя войны паміж Беларусьсю і Расеяй — саюзьнікі дзялілі даходы ад нафтапрадуктаў. Масква прымусіла Менск плаціць нафтавае мыта.

Шмат напісана пра шчасьлівы лёс тых краінаў, якія маюць шмат нафты. Тэрмін «эміраты» стаў хадзячай назвай. Лукашэнка абяцаў пабудаваць у Беларусі «эміраты», калі б ня трэба было пералічваць мыта за экспарт нафтапрадуктаў у бюджэт РФ.

Думаю, калі б Беларусь ня сталася нафтавым афшорам альбо калі б не было нафтавага буму 2003–2014 гадоў, беларускай сацыяльнай мадэлі цяпер бы ўжо не існавала

Але варта зьвярнуць увагу, што нафтавыя запасы забясьпечваюць росквіт і дабрабыт толькі дзяржавам, якія маюць мала насельніцтва: Саудаўская Арабія, краіны Пэрсыдзкай затокі, Брунэй. Дзяржавам жа зь вялікай колькасьцю насельніцтва нафта мала дапамагае стаць заможнымі. Такія нафтавыя краіны, як Расея, Вэнэсуэла, Нігерыя і дасюль ня надта жыравалі, а цяпер, з падзеньнем усясьветных цэнаў на нафту, увогуле апынуліся ў крызісным стане. Эканамісты нават ужываюць тэрмін «нафтавы праклён». То бок, паразытуючы на нафце, яны шмат гадоў нічога не рабілі, каб дывэрсыфікаваць эканоміку, разьвіваць іншыя галіны вытворчасьці, ладзіць рэформы. Хачу нагадаць, што крах СССР адбыўся ў момант, калі ўсясьветныя цэны на нафту рэзка пайшлі ўніз.

Гэты самы нафтавы праклён тычыцца і Беларусі. Думаю, калі б яна ня сталася нафтавым афшорам альбо калі б не было нафтавага буму 2003–2014 гадоў, беларускай сацыяльнай мадэлі цяпер бы ўжо не існавала. Яна б альбо развалілася, пахаваўшы збудаваны на ёй палітычны рэжым, альбо Лукашэнка быў бы вымушаны пайсьці на рынкавыя рэформы.

Але цяпер сытуацыя мяняецца. Нафтавыя цэны ўпалі. Да гэтага дадаецца падатковы манэўр, які з 2015 году ладзіць Расея, у выніку чаго кожная тона нафты, імпартаваная Беларусьсю, будзе на 100 даляраў даражэйшая. І хоць мыта на экспарт нафтапрадуктаў цяпер застанецца ў беларускім бюджэце, даходы ад нафтаперапрацоўкі зьменшацца. Гэта сур’ёзная праблема. І першыя яе наступствы ў выглядзе дэвальвацыі мы ўбачылі. А ўсё самае цікавае наперадзе.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG