Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі спадзяюцца дамовіцца пра пастаўкі нафты ў Беларусь да 15 сьнежня.

Пра гэта сказаў журналістам намесьнік кіраўніка Мінэнэрга Расеі Кірыл Маладцоў.

Ён паведаміў, што кансультацыі зь беларускім бокам працягваюцца. На першы квартал графік зьявіцца да 15 сьнежня.

Паводле Маладцова, «усе зацікаўленыя ў тым, каб унесьці яснасьць у бягучы працэс».

Беларусь і Расея вядуць перамовы пра падвышэньне тарыфу на транспартаваньне расейскай нафты па беларускай тэрыторыі. Рашэньня аб падвышэньні пакуль няма, паведаміў у Менску міністар антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі Ўладзімер Калтовіч.

Паводле афіцыйнага прадстаўніка «Транснафты» Ігара Дзёміна, у першай палове сьнежня кампанія правядзе сустрэчы зь беларускімі кампаніямі дзеля вывучэньня мэтодык разьлічваньня тарыфу. Раней паведамлялася, што Беларусь мае намер павялічыць тарыф на транзыт нафты на 20,5%.

«Транснафта» да сярэдзіны сьнежня плянуе перадаць расейскай антыманапольнай службе сваю пазыцыю адносна павышэньня Беларусьсю тарыфу на транзыт нафты з 2017 году. Пра гэта паведаміў журналістам першы віцэ-прэзыдэнт «Транснафты» Максім Грышанін.

Ён назваў «празьмерным» падвышэньне тарыфу беларускім бокам.

Кірыл Маладцоў 29 лістапада заявіў, што Беларусь парушае абавязаньні па пастаўках нафтапрадуктаў у Расею. Ён сказаў, што «фізычны абʼём цяпер не адпавядае таму, што было прапісана ў пагадненьні».

«Яны пастаўляюць бэнзін, але ёсьць пытаньні, якія патрабуюць працягу кансультацыяў», — сказаў Маладцоў.

Віцэ-прэмʼер Расеі Аркадзь Дварковіч сёньня таксама заявіў, што ў Маскве да канца дня 29 лістапада чакаюць прапаноў ад Беларусі па ўрэгуляваньні газавага канфлікту.

Расея плянавала пастаўляць у 2016–2024 гадах у Беларусь 24 мільёны тон нафты штогод. Аднак сёлета абʼём на трэці квартал быў зьніжаны на 2,25 мільёна тон параўнальна зь першапачатковым плянам. Кіраўнік Мінэнэрга Расеі Аляксандар Новак заявіў, што гэтыя бязмытныя пастаўкі зьменшаныя з прычыны няпоўнай аплаты газу і недапаставак нафтапрадуктаў у Расею. Пазьней бакі заявілі, што ўрэгулявалі рознагалосьсі. Аднак Беларусь дагэтуль не пералічыла 281 мільён даляраў за расейскі газ, хоць абяцала зрабіць гэта да 20 кастрычніка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG