Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму не знаходзяць новых радовішчаў нафты? — Бо ўзялі на ўзбраеньне стратэгію «халявы»


Нафтафае радовішча на Гомельшчыне

Нафтафае радовішча на Гомельшчыне

Адмыслоўцы пра ўчорашнія заявы Аляксандра Лукашэнкі адносна праблемы новых радовішчаў нафты, газу і рэдкіх мэталаў: «Пры ім разбурылі геалягічную навуку, а цяпер зьдзіўляюцца, што няма новых радовішчаў».

«Я проста ня веру, што ў нас няма вялікіх аб’ёмаў нафты і што ў нашых нетрах адсутнічае прыродны газ. На падобных тэрыторыях у Расеі і іншых краінах здабываецца нямала нафты і прыроднага газу, а таксама каштоўных мэталаў — тое, што стварае аснову дабрабыту і ўстойлівасьці любой эканомікі любой дзяржавы», — заявіў Аляксандар Лукашэнка 30 ліпеня, прымаючы з дакладам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Андрэя Каўхуту. Кіраўнік дзяржавы наракаў на ранейшы ўрад за тое, што не дасягнулі посьпехаў у пошуках новых радовішчаў нафты і газу. Паводле афіцыйных зьвестак, гэтай праблеме будзе прысьвечана нарада з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

Ці ёсьць у Беларусі патэнцыял для павелічэньня здабычы карысных выкапняў, у тым ліку нафты і газу? Чаму дагэтуль не ўдалося знайсьці вялікіх радовішчаў?

Геоляг Кастусь Лукашоў: Кожны год скарачалі фінансаваньне і разбурылі навуку геалёгію

Кастусь Лукашоў шмат год працаваў у Інстытуце геахіміі і геафізыкі АН РБ і сьцьвярджае, што айчынная геалёгія прыйшла ў заняпад пры Аляксандру Лукашэнку, таму нараканьні на нейкіх чыноўнікаў недарэчныя.

Кастусь Лукашоў

Кастусь Лукашоў

«Пры Лукашэнку геалёгія як навука прыйшла ў такі заняпад, што чакаць нейкага хуткага прарыву не выпадае. Калі нават інстытут геахіміі і геафізыкі ў сыстэме Акадэміі навук ужо гадоў 5 як закрылі, а адмыслоўцы пазвальняліся і разьехаліся, дык пра што казаць? Вось такая была дзяржаўная палітыка ў гэтай галіне насамрэч. Яшчэ згадваюцца заявы на пачатку кіраваньня Лукашэнкі, дзе лейтматывам было, што Беларусь — гэта бедная краіна і нам некуды падацца, як толькі спадзявацца на ўсходняга суседа. Пакуль я працаваў у акадэмічнай сыстэме, кожны год скарачалася фінансаваньне геалягічных дасьледаваньняў. А трэба сказаць, што асноўныя нашы дасьледаваньні былі зробленыя за савецкім часам — у 60-я, на пачатку 70-х гадоў. Вось знайшлі радовішчы нафты на Гомельшчыне, якія давалі нам у розныя гады да 2 мільёнаў тон, а цяпер крыху больш за 1 мільён, і на гэтым спыніліся.

Збольшага можна прызнаць, што геалёгія Беларусі дасьледавана яшчэ не да канца. Ня тое што нам зусім невядома, дзе што ёсьць, але і магчымасьцяў знайсьці яшчэ нешта хапае. Што да нафты і газу, тут усё ж сумнеў ёсьць, бо геалягічная асаблівасьць нашай мясцовасьці ўсё ж не дазваляе разьлічваць на нейкія велізарныя радовішчы. Але што да гэтак званых „кішэнных“ — іх яшчэ знайсьці можна. Як гэта паўплывае на нашу эканоміку? Ці ўратуе? Цяжка прагназаваць. Нам для ўласных патрэбаў неабходна мець недзе 15 мільёнаў тон нафты штогод, але такое радовішча знайсьці будзе вельмі цяжка. Зь іншага боку, калі ўсё ж ставіць задачу шукаць радовішчы больш актыўна і фінансаваць гэтыя працы, дык нейкі імпульс будзе зададзены і вынік нейкі будзе. Пытаньне, аднак, у тым, ці будуць сьледам за заявамі выдзяляцца грошы? Лічыцца, што кожная сьвідравіна каштуе ня менш за мільён даляраў, хоць дзяржава праз свае праграмы можа кошты зьменшыць. Але ўсё роўна: чым больш укладзеш грошай, тым больш імаверная можа быць аддача. Нават калі мы ня знойдзем новую нафту, дык знойдзем новыя радовішчы карысных выкапняў».

Нават калі мы ня знойдзем новую нафту, дык знойдзем новыя радовішчы карысных выкапняў

Карэспандэнт: Аляксандар Лукашэнка ставіць задачу таксама павялічыць удзел у пошуках карысных выкапняў у іншых краінах праз узаемнае супрацоўніцтва. Ці падаецца вам выкананьне такой задачы рэальнай справай?

Лукашоў: «Як гэта ўжо робіцца ў Вэнэсуэле? Так, гэта магчыма, але паўстае праблема кадраў. Ужо казаў, што ў нас цяжка стала знайсьці адмыслоўцаў у геалягічнай галіне. З-за дрэннага фінансаваньня пазвальняліся дасьледчыкі і навукоўцы, хто куды паразьбягаліся практыкі. І каго з адмыслоўцаў „экспартаваць“ за мяжу, калі тут не хапае кадраў, калі разбурана навуковая школа? А каб падрыхтаваць з выпускніка нават БДУ добрага адмыслоўцу, трэба 10 год, каб ён папрацаваў недзе ў галіне — толькі тады ён зможа нешта зрабіць і за мяжой. Ня ведаю, як тут дзяржава будзе выходзіць са становішча, якое сама і стварыла.

І яшчэ ў мяне пытаньне — а чаму клопат толькі пра нафту і газ, а не пра выкапні для будаўнічых матэрыялаў, не пра мінэральныя воды? Мы неяк зацыкліліся на гэтых вуглевадародах, але ёсьць і іншыя вельмі пэрспэктыўныя кірункі».

Павал Севярынец: Замест пошуку сваёй нафты падселі «на расейскую халяву»

Палітык, геоляг па адукацыі Павал Севярынец падзяляе думку, што Беларусі варта як мага хутчэй «саскокваць» з наркотыка пад назвай «танныя вуглевадароды з Расеі».

«Так, Беларусь мае добры патэнцыял што да карысных выкапняў і радовішчаў нафты і газу. Згодна з навуковымі зьвесткамі, яна займае 13 месца паводле прыродных рэсурсаў сярод 40 краінаў Эўропы — то бок патэнцыял вялікі. Але праблема ў тым, што ў незалежнай Беларусі трэба было рабіць укладаньні ў гэтую галіну не цяпер, а яшчэ ў 1990-х гадах. Бо ўкладаньні ў здабыўную галіну доўгатэрміновыя. Каб цяпер атрымаць аддачу ад новых радовішчаў солі, будаўнічых матэрыялаў, нафты і газу, трэба было ўкладаць грошы хаця б на пачатку 2000-х гадоў.

Прыкладам, у нас сапраўды ёсьць велізарны патэнцыял для распрацоўкі радовішчаў будаўнічых матэрыялаў, але пакуль ён выкарыстоўваецца не на належным узроўні. У нас найвялікшыя ў рэгіёне запасы калійных соляў і кухоннай солі, тут ёсьць і рэдкія мэталы, і велізарныя запасы пітной вады, якая робіцца стратэгічным прадуктам у нашай частцы плянэты. І, урэшце, Беларусь багатая на сланцы, якія цяпер фігуруюць у паняцьці „сланцавая рэвалюцыя“. З гэтых сланцаў можна здабываць і сланцавы газ, што спрабуюць рабіць у Польшчы і Ўкраіне. Але ва ўсё гэта патрэбныя вялікія ўкладаньні, патрэбныя інвэстары. Былі выпадкі на пачатку беларускай незалежнасьці, калі ўзьнікалі праекты, якімі цікавіліся замежнікі. Прыкладам, аўстралійцы цікавіліся беларускімі алмазаноснымі пародамі, калі ў нас знайшлі алмазы. Але наладзіць здабычу не змаглі, бо, мяркую, Масква гэты праект заблякавала. Гэтаксама не змаглі выйсьці на большы ўзровень па здабычы нафты, бо каб адшукаць новыя радовішчы, трэба было ўкласьці значна больш грошай, чым укладалі».

Карэспандэнт: «Магчыма, проста не было гэтых грошай? Чаму, як мяркуеце, не ашчадзілі і не аддалі на пошукі новых радовішчаў нафты?»

Севярынец: «Бо ўзялі на ўзбраеньне гэтую формулу „расейскай халявы“: прасьцей вытаргаваць нафту ў абмен на пацалункі і прыдушэньне беларускай мовы, чым укладаць грошы і жыць сваім розумам. На мой погляд, гэта была сьвядомая, стратэгічная памылка, а можа, і злачынства ў дачыненьні да беларускай нацыі. Бо незалежнасьць краіны засталася без грунтоўных рэсурсаў».

На думку Паўла Севярынца, свой газ у Беларусі можа быць найперш сланцавы, бо прыроднага газу ў нетрах Беларусі, «хутчэй за ўсё, няма».

Станіслаў Гусак: У Беларусі не хапае сваёй нафты, але ёсьць усе ўмовы для стварэньня незалежнага нафтавага рынку

Вынаходнік, экспэрт у галіне энэргетыкі, адзін з аўтараў праекту Балтыйска-Чарнаморскага нафтавага калектару Станіслаў Гусак мае свой погляд на праблему здабычы нафты і газу ў Беларусі.

Станіслаў Гусак

Станіслаў Гусак

Паводле Станіслава Гусака, Беларусь ужо навучылася выкарыстоўваць спадарожны газ, які здабывае на нафтавых радовішчах у Рэчыцкім раёне. Але гэтага газу няшмат, і значнага прыросту яго здабычы ў межах краіны чакаць ня варта. Такі самы пэсымістычны прагноз дае Станіслаў Гусак і адносна знаходжаньня на тэрыторыі краіны вялікіх радовішчаў нафты: «Шанцаў тут вельмі мала, грошы ўкладзем, а вынік можа быць нулявы». Але ў 21 стагодзьдзі гэта і непатрэбна, мяркуе экспэрт — і прапануе іншы шлях:

«Трэба рабіць гэтак, каб на тэрыторыі Беларусі быў рынак паліва. Дзеля гэтага трэба спрыяць, каб праз тэрыторыю краіны прайшлі транснацыянальныя газа- і нафтаправоды. Яны ў нас ёсьць, але пакуль толькі з аднаго боку — з Расеі. А трэба, каб яны таксама прайшлі з Чорнага мора на Балтыку і наадварот — з Балтыйскага мора на Чорнае. Ёсьць распрацоўкі, каб пампаваць нафту з Саудаўскай Арабіі праз Турэччыну да Чорнага мора ў порт Самсун, а адтуль альбо вазіць танкерамі да тэрміналу ў Адэсе, альбо пракласьці па дне мора нафтаправод. З Адэсы ўжо ёсьць лінія нафтаправодаў, празь якія нафту можна дастаўляць і ў Мазыр, і ў Наваполацак. Тое самае цяпер Украіна робіць і адносна газу — ужо будуецца тэрмінал для звадкаванага газу, які зьбіраюцца пастаўляць ня толькі з Паўночнай Афрыкі, але і з ЗША. Таксама ёсьць тэрмінал для звадкаванага газу ў Літве — у Клайпедзе. Туды можна пастаўляць нарвэскі газ.

Калі тут будзе рынак нафты і газу, то мы будзем мець рынкавыя кошты на гэтую сыравіну. Магчыма, яны будуць крыху і большыя за тыя, што мы маем цяпер, але для Беларусі ня ў гэтым бяда. А бяда ў тым, што пакуль мы маем нафту і газ толькі з адной крыніцы. І таму наш сусед, які іх пастаўляе, дыктуе нам нашы паводзіны, як мы мусім ставіцца да тых ці іншых сусьветных падзей, якія ў нас павінны быць парадкі, у тым ліку эканамічныя. І мы гэтак сябе і паводзім, бо фактычна застаёмся закладнікамі Расеі, наша эканоміка разьвіваецца як прыдатак да эканомікі Расеі. Калі ж тут будзе створаны нафтагазавы рынак, мы зможам пры неабходнасьці набыць сыравіну і зь іншых крыніц, а ня толькі з Расеі. Але нам для гэтага трэба мець адпаведныя газа- і нафтаправоды».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG