Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзея Кучар: У беларускай опэры маё рэзюмэ праігнаравалі


Надзея Кучар

Надзея Кучар

Беларуска Надзея Кучар, салістка Пермскага тэатру опэры і балету, якая стала пераможцай Міжнароднага конкурсу опэрных сьпевакоў Бі-Бі-Сі ў Кардыфе, дала эксклюзіўнае інтэрвію Свабодзе.

У фінале конкурсу, які трываў увесь мінулы тыдзень, Надзея Кучар перамагла 19 сьпевакоў з усяго сьвету. Міжнародны конкурс опэрных сьпевакоў Бі-Бі-Сі ў Кардыфе, мэта якога — пошук «таленавітых клясычных сьпевакоў будучыні», адбываецца кожныя два гады. Упершыню яго правялі ў 1983 годзе.

У інтэрвію Радыё Свабода Надзея Кучар сказала, што любіць гурт «Песьняры» і што вырашыла супрацоўнічаць з расейскім тэатрам, бо ў Беларусі «яе рэзюмэ праігнаравалі».

— Надзея, віншую вас зь перамогай. Што самае складанае было ў змаганьні? Што вы адчуваеце пасьля заканчэньня конкурсу?

— Цяжка сказаць, што я адчуваю, думаю, што гэта можна ўявіць і бяз словаў. Пакуль вельмі хачу адпачыць. У мяне цяпер адпачынак, і я буду ў сваякоў у Менску. Калі казаць пра конкурс, то я нават ня ведала, ці ішла я з адрывам, бо самую моцную пяцёрку фіналістаў мне ні разу не ўдалося паслухаць на сцэне. Таму падчас змаганьня я не магла ў поўнай ступені ацаніць свае шанцы і сытуацыю ўвогуле. Я проста працавала, рабіла сваю справу так, як магла. І вось такі атрымаўся вынік.

— Nadine Koutcher — гэта сцэнічнае імя?

— Так, гэта маё эўрапейскае імя. Замежнікам складана вымаўляць імя Надзея. Прозьвішча ў тым выглядзе, як яно запісана ў пашпарце, таксама заўсёды чытаюць няправільна. Таму давялося прыдумаць міжнародны варыянт, які я выкарыстоўваю толькі па-за межамі Расеі. У Расеі мяне ведаюць як Надежду Кучер.

— Вы даўно жывяце і працуеце ў Расеі, але на ўсіх міжнародных конкурсах прадстаўляеце Беларусь. Гэта ваша прынцыповая пазыцыя?

— Я грамадзянка Беларусі ўсё ж такі. Але насамрэч цяжка сказаць, якую краіну я павінна прадстаўляць, таму што, па сутнасьці, я не беларуска, а ўкраінка, але нарадзілася ў Беларусі і маю беларускае грамадзянства. У Беларусі я пражыла да 23 гадоў, затым пераехала ў Расею.

— Вы працуеце ў пермскім тэатры опэры і балету. Чаму не ў Беларусі?

— Мяне не запрашалі працаваць на радзіме. Яшчэ навучаючыся ў кансэрваторыі ў Санкт-Пецярбургу, я дасылала ў беларускі тэатар опэры і балету сваё рэзюмэ. Яго праігнаравалі. Затое я атрымала вельмі добрую прапанову ад маэстра Тэадора Курэнтзіса, які запрасіў мяне працаваць у Перм. Гэта была прапанова, ад якой я не магла адмовіцца. І я з задавальненьнем працую ў гэтым тэатры.

— Як вы ставіцеся да беларускай музыкі?

— З клясычнай беларускай музыкі я б адзначыла кампазытара Яўгена Глебава. Я захаплялася яго музыкай, калі вучылася ў Беларусі ў вучэльні. На жаль, мне ніколі не даводзілася нічога выконваць зь беларускай опэрнай клясыкі. А яшчэ я абажаю «Песьняроў». У мяне захоўваецца дыск зь іх цудоўнымі гітамі.

— Давайце вернемся да вашай перамогі ў конкурсе опэрных сьпевакоў BBC. Як вы лічыце, гэты посьпех — ваша асабістае дасягненьне ці плён беларускай школы опэрнага майстэрства?

— Беларуская школа тут мала мае дачыненьня. Я вучылася сьпяваць у Расеі. У Беларусі я толькі пачынала, але ўсё, што я ўмею сёньня, я атрымала ў Расеі. Асноўны крытэр на конкурсе быў — валоданьне вакальнай тэхнікай. Тое, на якім узроўні я ёй валодаю, сыграла асноўную ролю ў маёй перамозе. А гэта ўсё мне дала расейская школа опэрнага майстэрства.

— Ці могуць опэрныя сьпевакі высокага ўзроўню працаваць і разьвівацца ў Беларусі?

— Ёсьць зоркі беларускія. Цяпер Аксана Волкава вядомая на ўвесь сьвет. Які вялізны посьпех у Ільлі Сільчукова! Той жа Юры Гарадзецкі, які летась на конкурсе ў Кардыфе прадстаўляў Беларусь. Вельмі шмат зорак сусьветнага ўзроўню, таму ўсё магчыма і ў Беларусі, было б жаданьне.

— Ёсьць думка, што з прычыны кліматычных умоваў найлепшыя опэрныя галасы — у паўднёвых краінах, напрыклад, у Італіі. Ці праўда гэта?

— Я, наадварот, вельмі шмат разоў чула ад заходніх калегаў, што найлепшыя опэрныя галасы — славянскія. Я сама гэта заўважаю, што прырода ўзнагародзіла вельмі прыгожымі і магутнымі галасамі ўкраінцаў, беларусаў, расейцаў. А таксама — баўгараў, малдаван і румынаў.

— Опэра — найперш для элітаў, ці яна мае пэрспэктыву стаць народным відам мастацтва?

— Я лічу опэру мастацтвам для людзей асаблівага складу розуму. Гэта, відаць, самы складаны для разуменьня від мастацтва. Ён складаны і для прафэсіянала, і для чалавека неадукаванага ў сэнсе музыкі. Таму што опэра — вельмі шматграннае мастацтва, а ў людзей вельмі рознае ўспрыняцьце яе. Таму я перакананая, што ніколі опэра ня стане чымсьці шараговым.

— Якая ваша любімая опэрная партыя?

— Мая самая любімая і самая першая роля — гэта Марфа з опэры Рымскага-Корсакава «Царская нявеста». Гэта самая блізкая для мяне роля, я стаўлюся да яе зь вялікім трымценьнем. І абсалютна на ўсіх конкурсах выконваю арыю менавіта з гэтай опэры. Я заўсёды прапагандую менавіта гэтую музыку.

— У якім сэнсе?

— У самым прамым. За мяжой гэтая опэра ня вельмі вядомая, і гэтую музыку ня ведаюць. Я ў прынцыпе прапагандую рускую музыку ў цэлым. Замежнікі ведаюць тры опэры Чайкоўскага «Яўген Анегін», «Пікавая дама» і «Іялянта». А той жа Рымскі-Корсакаў — гэта дрымучы лес для замежнікаў. І цяпер, калі я выконвала арыю Марфы з «Царскай нявесты», у Расеі казалі, што гэта з майго боку вялікая рызыка — выконваць музыку, якой ніхто ня ведае, якую могуць не зразумець і не ацаніць. Але я заўсёды раблю тое, што лічу патрэбным. І я не прайграла, бо зрабіла правільны выбар.

— Вы кажаце, што папулярызуеце рускую клясычную музыку. А чаму гэта варта рабіць?

— А як жа яе не папулярызаваць? Гэта вялізарны пласт клясычнай музыкі. Нельга сказаць, хто больш напісаў — эўрапейцы ці рускія. Плюс гэта музыка неверагоднай прыгажосьці. Руская музыка вельмі складаная для выкананьня, таму і не папулярная ў Эўропе.

— Дзе беларускі слухач можа пачуць опэрную дзіву Надзею Кучар?

— Цягам наступнага году я буду сьпяваць у Жэнэве, у Пермі, у Францыі і ў Чылі.

Надзея Кучар нарадзілася ў Менску ў 1983 годзе. У 2003 годзе з адзнакай скончыла Менскае музычнае вучылішча імя Глінкі па спэцыяльнасьці «Музыказнаўства». У 2006 годзе стала ляўрэатам 1 прэміі конкурсу вакалістаў у рамках Міжнароднага фэстывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG