Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк ня ведае, ці трэба дэвальвацыя, — фінансавы аналітык


Валеры Палхоўскі

Валеры Палхоўскі

Рашэньне Нацыянальнага банку і ўраду «па недапушчэньні разьвіцьця нэгатыўных тэндэнцыяў на фінансавым рынку», якое ўводзіць 30%-ны збор за продаж валюты фізычным і юрыдычным асобам, накіраванае на спыненьне дэвальвацыйнага ажыятажу. Пра гэта ў інтэрвію Радыё Свабода заявіў фінансавы аналітык Валеры Палхоўскі.

«Бачна адно: Нацыянальны банк спрабуе гасіць тыя дэвальвацыйныя чаканьні, якія сталі разьвівацца ў сыстэме. Ён не разумее, ці трэба праводзіць дэвальвацыю, а калі трэба — то на які ўзровень разьлічваць, таму што на расейскім валютным рынку сытуацыя нявызначаная. Зь іншага боку, Нацбанк павышае даходнасьць па ўкладах у беларускіх рублях да 50%, каб зноў жа зьніжаць прывабнасьць замежнай валюты. На мой погляд, усё гэта скароціць аб’ём спэкулятыўных апэрацыяў і, хутчэй за ўсё, будзе падтрымліваць даходнасьць у беларускай валюце», — кажа экспэрт.

Палхоўскі лічыць, што тое, што адбылося, усё ж нельга лічыць дэвальвацыяй. Хутчэй, гаворка ідзе пра такую фінансавую катэгорыю, як «пашырэньне спрэда» (спрэд — розьніца паміж коштамі пакупкі і продажу валюты, тавару або акцыяў), што вельмі характэрна для моманту, калі ўзьнікае высокі ўзровень нявызначанасьці.

«Фактычна гэта мараторый на правядзеньне валютных апэрацыяў, але ён мае не адміністратыўны характар, а рынкавы: хто захоча — усё роўна купіць, а хто гатовы ўстрымацца — ня будзе ўдзельнічаць у гэтых апэрацыях», — тлумачыць экспэрт.

Але Палхоўскі ня ведае, ці спыніць рашэньне Нацбанка дэвальвацыйны ажыятаж:

«Сам валютны ажыятаж ён будзе гасіць, але ці спыніць — сказаць складана. Я ня ведаю, наколькі прывабным будзе для насельніцтва купляць валюту на 30% даражэй, чым яна ёсьць».

19 сьнежня рашэньнем Нацбанку ўведзены 30%-ны збор за продаж валюты фізічным і юрыдычным асобам. Камісія будзе пералічвацца ў бюджэт. Здаваць валюту ў банкі можна будзе па ранейшым курсе каля 11 тысячаў.

Фактычны кошт даляра пры пакупцы, такім чынам, цяпер 14 150, эўра — 17 400 (курс Нацбанку + 30% з акругленьнем да 50 рублёў).

XS
SM
MD
LG