Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьвятлану Алексіевіч ігнаруе не дзяржаўнае тэлебачаньне, а асабіста Лукашэнка...»


Найбольш адметная падзея апошніх тыдняў, пра якую Радыё Свабода шмат і падрабязна паведамляла — прысуджэньне і ўручэньне Нобэлеўскай прэміі беларускай пісьменьніцы Сьвятлане Алексіевіч. Прэстыжная ўзнагарода ўпершыню ў гісторыі дасталася грамадзянцы Беларусі, але беларускую ўладу гэты факт ня надта парадаваў.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэту тэму. Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў, прачытаўшы на сайце Свабоды публікацыю пад загалоўкам «Беларусы просяць паказаць уручэньне Нобэлю Алексіевіч па дзяржаўным тэлебачаньні», піша:

«Пранізьліва разанулі зрок і слых і назва, і першы радок: «Дзяржаўная беларуская прэса ігнаруе Алексіевіч». Воля ваша, шаноўнае спадарства, але нешта дзіўнае адбываецца ў нашай краіне: дзяржаўныя СМІ быццам не заўважаюць падзею міжнароднага маштабу, якая ў першую чаргу тычыцца менавіта нас, беларусаў. Але зь якога перапуду беларусы павінны ПРАСІЦЬ аб трансьляцыі такой падзеі? Не ПАТРАБАВАЦЬ, а ПРАСІЦЬ! Як такое наогул можа быць? Зрэшты, можа — калі ўлічыць адну акалічнасьць: Сьвятлану Алексіевіч ігнаруе не дзяржаўнае тэлебачаньне, а асабіста прэзыдэнт краіны Лукашэнка.

Вы спытаеце: а чаму ён ігнаруе Першага і Адзінага Беларускага Ляўрэата Нобэлеўскай Прэміі ў галіне літаратуры?

А таму, шаноўнае спадарства, што, па-першае, «жаба» яго душыць. Як так — зь ім не параіліся, у яго не спыталі, каму Нобэля даць? Ды як яны наогул адважыліся, сякія-такія? І чаму далі Нобэля Алексіевіч, а не яму? Ён жа, а не Алексіевіч, у гэтай краіне самы-самы!

Хаця... скажыце на літасьць, а за што яму таго Нобэля даваць? За тое, што ён, Лукашэнка, юдафоб і гомафоб? За тое, што сьпяваючы пад баян «льёт ли тёплый дождь, падает ли снег», бязбожна фальшывіць? За поўны збор «ляпаў» кшталту апошняга: «сегодня в мире почти как-будто война идёт»? Вось-вось, такіх «крылатых выразаў» у яго акурат на пяць тамоў і набярэцца.

А па-другое — ну, як можна Алексіевіч наогул да мікрафону дапускаць? А раптам яна паўторыць тое, што сказала нядаўна на прэсавай канфэрэнцыі: «усе дыктатары — неразумныя людзі». Значыцца... дурні? У электарату адразу ўзьнікне пытаньне: каго гэта яна мела на ўвазе?

Так што, шаноўнае спадарства, ня бачыць нам трансьляцыі Нобэлеўскай цырымоніі, як сваіх вушэй, колькі б там беларусаў у пэтыцыі не падпісалася, хоць усе дзевяць мільёнаў.

(Я, дарэчы, таксама падпісаў тую пэтыцыю)», —

— паведаміў у сваім лісьце на Свабоду Кастусь Сырэль з Вушачаў.

Некаторыя ў атачэньні Лукашэнкі былі зусім ня супраць таго, каб уганараваць Сьвятлану Алексіевіч на належным узроўні. Гэта было відавочна хоць бы па некаторых публікацыях галоўнага рупара Лукашэнкі — газэты «Советская Белоруссия», якія зьявіліся напярэдадні і адразу пасьля навіны пра Нобэль для беларускі. Аргумэнты тут відавочныя: водблеск сусьветнай славы міжволі падаў бы і на тых, хто арганізаваў бы ў Беларусі адпаведныя ўрачыстасьці. Тым больш, што Алексіевіч ніколі не была зацятай апазыцыянэркай і не стаяла пад сьцягамі тых, хто змагаўся за нацыянальныя каштоўнасьці. Так што прычынаў для надта вялікага непрыняцьця яе з боку дзейнай улады як быццам няма.

Лукашэнка, аднак, на гэтыя ўгаворы і прапановы не паддаўся. Чаму? Хутчэй за ўсё, Вы, спадар Кастусь, маеце рацыю: прычына — у банальнай зайздрасьці да чужой славы.

Аўтар наступнага ліста Павел Біч зь Менску спрабуе разабрацца у прычынах нацыянальнага нігілізму многіх беларусаў. Слухач піша:

«Корань усіх нашых бедаў у слабасьці нацыянальнай самасьвядомасьці народа. Імпэрцы намі верцяць, як хочуць Аднойчы гэта можа скончыцца поўнай стратай сувэрэнітэту.

Новая наша назва «беларус» не нараджае патрыётаў у патрэбнай колькасьці. Вось яркі прыклад. На пытаньне ў клясе адной гарадзенскай школы: «Дзеці, хто сярод вас размаўляе на беларускай мове?», дзеці адказалі: «Толькі адзін вучань, таму што ён паляк». Такім чынам, дзеці ўжо засвоілі, што яны, будучы беларусамі, павінны размаўляць на рускай мове.

Бо галоўнае ў слове, натуральна, корань. І вучань з маленства ўсьведамляе, што ёсьць корань «рус», і ён належыць назьве вялікага рускага народа; а ёсьць слова «беларус» — яго нацыянальнасьць, якая ёсьць адросткам рускага народу. Так на ўсё жыцьцё ў нашых людзей забіваецца Нацыянальнае. Таму што быць адросткам чагосьці — прыніжальна.

Трэба быць ідыётамі, каб спрабаваць з такой назвай народа выхаваць патрыётаў. Трэба вяртацца да назвы Вялікалітва, літоўцы, літвіны. Інакш — загінем. Ды мы і ўжо гінем», —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Павел Біч зь Менску.

Калі б уся справа тут была толькі ў назве, спадар Павел... Праблема нацыянальнай самаідэнтыфікацыі народу куды глыбей, яе ніякімі перайменаваньнямі ня вырашыш.

Што непасрэдна да назваў «Літва» і «Беларусь», то для ўсіх, хто крыху абазнаны ў гісторыі, відавочна, што вы маеце рацыю: гістарычная Літва — гэта якраз сёньняшняя Беларусь. Для тых, хто жыў у 16-м, 17-м, 18-м, нават 19-м стагоддзях, гэта не падлягала ніякім сумневам. Але 20-е стагодзьдзе перакуліла звыклае ўяўленьне. Хто ведае, калі б бацькі-заснавальнікі БНР у сакавіку 1918-га назвалі рэспубліку інакш — магчыма, і не замацавалася б гэта назва. А так — маем што маем. Бальшавікі, абвяшчаючы ў студзені 1919-га БССР, у назьве пайшлі ўсьлед за стваральнікамі БНР. Адпаведна, не паўставала пытаньне аб назьве і ў 1991годзе, калі краіна станавілася незалежнай. За стагодзьдзе вырасла не адно пакаленьне грамадзянаў, якія ўсьведамляюць сябе менавіта беларусамі, а сваю краіну — Беларусьсю, і з гэтым немагчыма не лічыцца.

_______________________________________________________________________________

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, Паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG