Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«15 разоў падцягнуся!» — начальнік менскай міліцыі Барсукоў сустрэўся з доктарам, на сямʼю якога напаў АМАП


Дзьмітры Серада, архіўнае фота

Дзьмітры Серада, архіўнае фота

Ані выбачэньняў, ані тлумачэньняў ад міліцыі за месяц не дачакаўся Дзьмітры Серада, у кватэру якога 4 жніўня ўварваўся АМАП. І Дзьмітры пайшоў на прыём да начальніка ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандра Барсукова.

«Я спытаў, ці нападалі на вашу кватэру невядомыя ў чорным, а пасьля зьбівалі вас, — кажа Дзьмітры. — А ён адказаў, што гэта пытаньне не па сутнасьці».

Гэтаксама адрэагаваў генэрал Барсукоў і на другое пытаньне Дзьмітрыя: якое пакараньне ён бы прызначыў людзям, якія б так зрабілі зь ягонай сямʼёй.

«З новага я даведаўся, што сьледзтва можа весьціся і месяц, і два, — кажа Дзьмітры. — Па выніках ужо будуць вырашаць пытаньне пра пакараньне».

Амаль на ўсе пытаньні генэрал Барсукоў абяцаў адказаць пасьля праверкі, якая праводзіцца Сьледчым камітэтам. Але пахваліўся сваёй добрай спартовай формай і тым, што мае ў кабінэце турнік для заняткаў. «Казаў, 15 разоў падцягнуся, пайшлі праверым, — распавядае Дзьмітры. — Але я не хадзіў ужо, не правяраў».

Таксама генэрал Барсукоў намякнуў, што калі Дзьмітры зьвернецца з запытам, то міліцыя ўставіць яму пашкоджаныя вокны і памяняе разьбітыя дзьверы.

«Ён яшчэ спытаў, навошта рабіць палітыку і журналістаў запрашаць, — зьдзіўляецца Дзьмітры. — А я адказаў, што калі б не журналісты, я б нават з вамі не камунікаваў».

У кватэру Дзьмітрыя, дзе разам зь ім жывуць маці, жонка і трохгадовая дачушка, АМАП уварваўся ранкам 4 жніўня. З даху спусьціліся на гаўбец на кухні, выбілі шкляныя дзьверы. Адначасова штурмавалі ўваходныя мэталічныя дзьверы. Яны дагэтуль пашкоджаныя. Дзьмітры кажа, што грунтоўныя дзьверы абыдуцца яму цяпер у 10–15 мільёнаў старых рублёў. Шкло ў дзьвярах на кухонны гаўбец таксама яшчэ ня ўставілі.

Пасьля штурму, кажа Дзьмітры, яго паклалі ў наручніках на падлогу тварам уніз на вачах жонкі і маленькай дачкі. А пасьля пачалі зьбіваць. Як высьветлілася ў Заводзкім РУУС, яго падазравалі ў «наўмысных дзеяньнях, якія груба парушалі грамадзкі парадак і выказвалі яўную непавагу да грамадзтва, што суправаджалася прымяненьнем гвалту ці пагрозай яго прымяненьня». У лесе побач з домам Дзьмітрыя нейкі мужчына напалохаў дзяўчыну. Пад падазрэньне чамусьці трапіў ён, хоць у той дзень быў на рыбалцы зь сябрамі.

Аднак у Заводзкім РУУС, куды Дзьмітрыя адвезьлі пасьля штурму, яго зноў зьбівалі, патрабуючы хутчэй падпісваць пратаколы.

Нягледзячы на тое, што дзяўчына на апазнаньні не была ўпэўненая, а сьведка ўпэўнена сказала, што гэта ня ён, ноч Дзьмітры правёў на Акрэсьціна. Выпусьцілі яго толькі на наступны дзень — з пабоямі і пратрымаўшы бязь ежы амаль два дні.

А можа, зноў будуць зьбіваць, падумаюць, што мала дапытвалі — трэба яшчэ

«За месяц ніхто ані разу з тых, хто мяне затрымліваў і зьбіваў, не пазваніў, — кажа Дзьмітры. — Званіў толькі падпалкоўнік, пасьля таго як у інтэрнэце ўсё гэта пачалося. Выклікаў нас на апытаньне з жонкай наконт таго, што адбылося. Сьледзтва нібыта вядзецца па скарзе, якую я напісаў у Сьледчы камітэт і ў пракуратуру».

У якім статусе знаходзіцца Дзьмітры па справе, па якой яго затрымлівалі, ён ня ведае. Сьледчы запрасіў яго да сябе на 8 верасьня. «Можа, нешта высьветліцца, — кажа Дзьмітры. — А можа, зноў будуць зьбіваць, падумаюць, што мала дапытвалі — трэба яшчэ». Падазраванага нібыта не знайшлі дагэтуль.

Дзьмітры па прафэсіі дзіцячы лекар-артапэд. Цяпер працуе як індывідуальны прадпрымальнік. Ён запатэнтаваў уласную вынаходку — адмысловы шалом для дзетак, якія пачынаюць хадзіць, каб аберагаць іх ад траўмаў, — і цяпер вырабляе такія шаломы на замовы.

Дзьмітры зьвяртае ўвагу, што ў гэтай кватэры жыве зь дзяцінства. У раёне ў яго шмат сяброў, суседзі добра яго ведаюць і абураюцца: «Гэта было вельмі страшна. Проста «беспредел» — кажуць сталыя жанчыны каля падʼезду.

«Чаму да мяне не зьвярнуліся загадзя, нават калі былі падазрэньні? — пытаецца Дзьмітры. — Ды я б сам прыйшоў да ўчастковага, калі б мяне папрасілі. Ніякіх праблемаў! А цяпер дык я баюся адчыняць дзьверы міліцыі!»

Таксама ён зьдзіўляецца, што ніхто не пацікавіўся, хто жыве і зарэгістраваны ў кватэры.

Стрэс, які перажылі маленькая дачка і жонка Дзьмітрыя, не прайшоў дагэтуль.

За дзіця хваляваліся. У дыспансэры паставілі дыягназ „нэрвовы зрыў“

«Было ўсё вельмі кепска. Першы тыдзень дзіця было ў такім стане... Накіравалі нас у Дзіцячы псыхіятрычны дыспансэр. Мяне, пасьля таго як я зьняў пабоі, накіравалі на бальнічны, — кажа Дзьмітры пра тое, як сямʼя пражыла гэты месяц. — За дзіця хваляваліся. У дыспансэры паставілі дыягназ „нэрвовы зрыў“. Выпісалі шмат заспакаяльных, лекі, нам таксама параілі лекі».

Дзьмітры і ягоная жонка таксама прайшлі лячэньне ў псыхіятра. «Дактары, якія пра гэта чуюць, хапаюцца за галаву і кажуць, што гэтага ня можа быць», — сьмяецца Дзьмітры. Але жонка толькі ўчора, па ягоных словах, перастала прымаць заспакаяльныя лекі. На ўсё лячэньне, кажа Дзьмітры, патрацілі некалькі мільёнаў.

Пра свае далейшыя пляны ён гаварыць пакуль не наважваецца, але повен рашучасьці абараняць сябе і сямʼю да канца і патрабаваць маральнай і матэрыяльнай кампэнсацыі. «Буду патрабаваць па максымуме», — кажа ён.

«Я раней быў нашмат лепшай думкі пра беларускую міліцыю, — кажа Дзьмітры. — Цяпер я лічу, што... Нават ня хочацца такое на камэру казаць. Шмат разоў падумаю, перш чым зьвяртацца. Калі людзі ня хочуць прызнаваць свае памылкі і лічаць, што нармальна з падазраваным абыходзіцца як са злачынцам, то якія могуць быць пытаньні?»

«Сто гадоў без памылак! Так гэта назавем, — сьмяецца Дзьмітры. — У іх у наступным годзе юбілей якраз».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG