Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выратаваньне кнігарні «Логвінаў» сабраныя першыя ахвяраваньні


Стэнд кнігарні на выставе ў Ляйпцыгу, архіўнае фота
Стэнд кнігарні на выставе ў Ляйпцыгу, архіўнае фота

На сайце savelohvinau.club зьявіліся зьвесткі пра першыя ахвяраваньні, якія прыйшлі на рахунак у адказ на заклік выдаўцоў беларускіх кніг аб дапамозе.

«Вельмі рады, што людзі гэтак хутка пачалі нам дапамагаць. Мы ўсім вельмі ўдзячныя за падтрымку і салідарнасьць. Рыхтуем шэраг мерапрыемстваў, каб увага грамадзкасьці не зьнікала», — адгукнуўся на навіну выдавец Ігар Логвінаў.

На 18:30 21 студзеня з патрэбных для пакрыцьця штрафу 65 тысяч даляраў было сабрана амаль паўтары тысячы.

Тэатральны рэжысэр Валер Мазынскі мяркуе, што падтрымаць прыватнае выдавецтва «Кнігарня Логвінаў» — справа гонару ня толькі недзяржаўных культурніцкіх праектаў.

«Гэтая справа ўвесь час была агульная. Яна ня можа быць асобна тых ці асобна гэтых. Але ў нас увесь час гэтак атрымліваецца, калі адных ціснуць і прымушаюць адмовіцца ад таго, што яны любяць і чым займаюцца, а другія чакаюць, калі пагрукаюць у дзьверы. А грукаюць у нас у дзьверы кожнаму паасобку. І мы на гэтыя граблі ўвесь час наступаем. Але паасобку мы нічога ня зробім, бо будуць грукаць».

Кнігарня «Логвінаў» за 15 гадоў існаваньня выдавецтва выпусьціла каля 1000 выданьняў.

«Кнігарня стала цэнтрам прыцягненьня творчай інтэлігенцыі. Тут прайшлі сотні прэзэнтацыяў, сюды прыходзілі тысячы зацікаўленых — чытачоў і аўтараў. Сёньня існаваньне праекту ў небясьпецы.

Шаноўныя сябры! Мы прывыклі атрымліваць грошы за нашы кнігі. Мы не прывыклі прасіць. Дадзеная сытуацыя — абсурдная і несправядлівая — ставіць пад пагрозу ня проста існаваньне „Кнігарні Логвінаў“. Пад пагрозай магчымасьць свабодна выдаваць у краіне кнігі і перадаваць іх у рукі чытачу.

Мы мусім заплаціць гэты непад’ёмны штраф, роўны гадавому абароту прадпрыемства. Толькі з вашай дапамогай выдавецтва і кнігарня змогуць прадуктыўна працягваць сваю працу.

Логвінаў застанецца з вамі. Давайце зробім гэта разам!», — зьвяртаецца сайт да сваіх чытачоў і паведамляе рахунак для збору сродкаў.

LT052140030003236738
Logvino literaturos namai
Nordea Bankas, Bank code 21400
Swift code NDEALT2X

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG