Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сьвятыя ніколі


На сьвятыя(-ое) ніколі:

  • ‘невядома калі, ніколі, на няпэўны час’

Пазычаць умее, а каб аддаць — на сьвятыя ніколі (Запісаў Фёдар Янкоўскі).

[Якім:] …Калі ўжо надойдзе тая часінка, што нас злучыць навекі?...
[Паўлінка:] Ха-ха-ха! На сьвятое ніколі. Вельмі ўжо татка мой заеўся на цябе…
(Янка Купала)

Выраз гучыць як рэха каляндарнага —​ на сьвятога Міколу. Але ён не пра 6 сьнежня — дзень сьвятога Міколы ў абодвух календарох.

Некаторыя дасьледнікі мяркуюць, што выраз часткова скалькаваны з польскага Na świętego nigdy / Na święty nigdy. Параўн. запісаную Міхалам Фэдэроўскім беларускую прымаўку Аддасьць ён табе на сьвятыя мігды, што ня ўгледзіш нігды.

Аднак гістарычна першы выраз пра дзень, які ніколі не наступіць, бо яго няма ў календары, — лацінскі ad kalendas Graecas ‘да грэцкіх календаў’. Але ў грэцкай каляндарнай сыстэме календаў (першага дня маладзіка/месяца) не было. Пішуць, што імпэратар Актавіян Аўгуст любіў гэты выраз.

Мовы нашага цывілізацыйна-культурнага рэгіёну па-рознаму яго інтэрпрэтавалі (а мо таленавіта вынайшлі сваё бяз рымскае падказкі).

Па-літоўску ў значэньні ‘ніколі’ могуць ужыць выраз per šventą laukimą ‘на сьвятое чаканьне’ (зрэшты, Сьвятым чаканьнем часам завуць Адвэнт перад Божым нараджэньнем).

Па-ўкраінску на Миколи та й ніколи. У абедзьвюх нашых мовах імя Мікола і прыслоўе ніколі выпадкова сугучныя.

Але беларуская фразэма на сьвятыя(-ое) ніколі зь яе моўнай гульнёй — непаўторная.

Сынонімы: ​як воўк брахаць хвастом будзе; як на далоні валасы парастуць; як будзе баба дзеўкаю; як бусел жарабя ўродзіць; на тое лета, пасьля абеда, гэтакаю парою; (заўтра) ў тую пару, калі рак паляціць з вады ўгару.

Таксама азначае ‘ніколі’ выраз на сьвяты Адам, бо асобнага дня памінаньня сьвятога Адама, здаецца, няма.​

Шукайма беларускія фразэмы тут:

Фёдар Янкоўскі. Беларуская фразеалогія. Фразеалагізмы, іх значэнне, ужыванне. — Менск, 1968.

Зьміцер Санько. Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем. — Менск, 1991.

Ян Станкевіч (пры ўчасьці Антона Адамовіча). Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразэолёгічны і прыказкаў ды прывітаньні, зычэньні і інш. / 3-е выданьне. — Менск, 1992.

Іван Лепешаў. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. У 2-х т. — Менск, 1993.

Мікола Даніловіч. Слоўнік дыялектнай фразеалогіі Гродзеншчыны. — Горадня, 2000.

Е. Боярина, В. Сивчиков. 2000 русских и 2000 белорусских идиом, фразеологизмов и устойчивых словосочетаний. — Минск, 2006.

Вольга Ляшчынская. Сучасная беларуская мова: фразеалогія. — Менск, 2010.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG