Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыскі саміт праграмы «Ўсходняе партнэрства» (УП) дае нагоду для рэфлексіі наконт лёсу гэтага праекту ЭЗ. Прайшло шэсьць гадоў з моманту яе запуску. Час дастатковы, каб падводзіць папярэднія вынікі. Большасьць экспэртаў прыходзяць да высновы, што УП апынулася ў крызісе, самай яскравай праявай якога стаў канфлікт ва Ўкраіне.

Мэта, якую ставіў Эўразьвяз, прапануючы УП, палягала ў тым, каб стварыць на сваёй усходняй мяжы пояс дэмакратычных, рынкавых, праэўрапейскіх краін. Тры дзяржавы (Грузія, Малдова, Украіна) з шасьці краін-партнэраў узялі курс на інтэграцыю ў эўрапейскую прастору, падпісалі дамову аб асацыяцыі з ЭЗ. Здавалася б, вынік нядрэнны. Аднак якім коштам ён быў дасягнуты? Непасрэдным наступствам рэалізацыі УП стаў украінскі крызіс, які пагражае вялікай вайной. У кожнай з гэтых трох дзяржаў Расея адцяла частку тэрыторыі.

У дзьвюх краінах-партнэрах (Азербайджане і Беларусі) ня толькі ня выявіўся прагрэс у сфэры дэмакратыі і правоў чалавека, а нават адбыўся адкат. 19 сьнежня 2010 году адкінула Беларусь на некалькі гадоў назад у адносінах з Захадам. За час існаваньня УП колькасьць палітвязьняў у Азэрбайджане павялічылася ў разы, таму прэзыдэнт Аліеў нават не прыехаў у Рыгу.

Падаецца, у саму канцэпцыю УП эўрапейскімі палітыкамі былі закладзены дэфэкты, якія не дазволілі дасягнуць пастаўленых мэтаў. Не былі дастаткова пралічаныя ўсе наступствы.

Найперш, не была ўлічана гатоўнасьць Расеі ісьці на любыя ахвяры дзеля таго, каб ня страціць кантроль над гэтым рэгіёнам. Нават пасьля расейска-грузінскай вайны 2008 году эўрапейскія палітыкі не чакалі, што Масква можа прымяніць грубую ваенную сілу, каб не дапусьціць Украіну ў Эўропу.

24 гады, якія мінулі пасьля распаду СССР, паказалі, што ўся постсавецкая прастора ня здольная ажыцьцявіць мадэрнізацыю

Па-другое, была перабольшана гатоўнасьць грамадзтваў гэтых краін да трансфармацыі на аснове эўрапейскіх стандартаў. Высьветлілася, што патэнцыял да пераменаў сярод як насельніцтва, так і элітаў краін-партнэраў не такі вялікі, як бачылася напачатку. Увогуле, 24 гады, якія мінулі пасьля распаду СССР, паказалі, што ўся постсавецкая прастора ня здольная ажыцьцявіць мадэрнізацыю. Параўнайце краіны СНД, напрыклад, з Кітаем, які за чвэрць стагодзьдзя літаральна зрабіў скачок у іншую рэальнасьць, каб зразумець, у якой цывілізацыйнай яме яны ўсе апынуліся.

Па-трэцяе, прыцягальнасьць ЭЗ як узору, ідэальнай мадэлі, да якой павінны цягнуцца постсавецкія краіны, была пераацэнена. Тым больш што УП было запушчана ня ў самы ўдалы момант. Якраз падчас устаноўчага саміту гэтага праекту (2009 г.) у самым разгары быў усясьветны фінансавы крызіс, які моцна зачапіў краіны Эўразьвязу. І дасюль ЭЗ ня можа поўнасьцю зь яго выбрацца. Адна эпапэя з крызісам Грэцыі даўно ператварылася ў цяжкую бясконцасьць. На такім тле, зразумела, прыцягальнасьць ЭЗ зьменшылася. Тым больш, краіны-партнэры з самага пачатку былі пазбаўленыя пэрспэктывы членства ў Эўразьвязе, і гэта падсекла стымулы да рэформаў.

Нават Кітай укладае ў краіны гэтага рэгіёну нашмат больш рэсурсаў, чым ЭЗ

Па-чацьвёртае, УП не было падмацавана адпаведнымі фінансавымі рэсурсамі. Расея ж, каб утрымаць суседзяў пад сваім кантролем, грошай не шкадуе. Нават Кітай укладае ў краіны гэтага рэгіёну нашмат больш рэсурсаў, чым ЭЗ. Ніякі праект бяз грошай не працуе, тым больш такі амбітны. А трансфармацыя на аснове эўрапейскіх стандартаў патрабуе вялікіх рэсурсаў, якіх у саміх гэтых краін не было. Расея гатовая была плаціць, але не за рэформы, а за захаваньне статус-кво. Узгадайце, як Пуцін паабяцаў Януковічу 15 млрд даляраў за адмову ад пагадненьня з ЭЗ.

У выніку маем тое, што маем. Нельга сказаць, што ЭЗ ня бачыць усіх гэтых праблемаў. Пра іх гаворыцца на шматлікіх канфэрэнцыях, перамовах, у якіх, у прыватнасьці, і мне асабіста давялося ўдзельнічаць.

Але праблема ў тым, што Эўразьвяз ня мае асаблівай магчымасьці перафарматаваць УП. Вось цяпер Эўразьвяз спрабуе ўнесьці зьмены і ў Эўрапейскую палітыку суседзтва, і ва «Ўсходняе партнэрства». Напрыклад, прапануецца рабіць акцэнт на двухбаковых адносінах ЭЗ з кожнай канкрэтнай краінай-партнэрам УП, каб рэалізоўваць індывідуальны падход, улічыць іхнія асаблівасьці. Але ў такім разе губляецца першапачатковая ідэя наконт агульнай праграмы для цэлага рэгіёну, якая грунтуецца на нейкіх агульных прынцыпах, правілах. Гэта вяртаньне ў 2008 год, калі ніякага УП не было. Бо калі рабіць стаўку на індывідуальны падход, то праект «Усходняга партнэрства» не патрэбен.

Такім чынам, ЭЗ цяпер на пэўным раздарожжы. І ня толькі ён адзін. Здаецца, там цяпер і ўвесь сьвет.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG