Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Нацыянальны кангрэс ля помніка Купалу запрасілі замежных дыпляматаў


Мікалай Статкевіч, Уладзімер Някляеў, Генадзь Фядыніч, Вячаслаў Сіўчык
Мікалай Статкевіч, Уладзімер Някляеў, Генадзь Фядыніч, Вячаслаў Сіўчык

На Беларускі нацыянальны кангрэс вылучаныя 500 дэлегатаў, але паколькі мерапрыемства будзе праходзіць пад адкрытым небам, то, хутчэй за ўсё, кангрэс будзе больш малалікі.

Пра гэта заявіў сябра аргкамітэту кангрэсу Ўладзімер Някляеў:

«Мы разьлічваем на 500 чалавек, але гэта пры кангрэсе ў памяшканьні — з мандатамі, рэгістрацыяй, абедам. Наколькі рашэньне ўладаў выгнаць кангрэс на вуліцу зьменшыць яго колькасны склад, будзе бачна непасрэдна на месцы. Але страты, безумоўна, будуць — мы гэта разумеем», — кажа ён.

Мікалай Статкевіч сказаў, што адмову даць памяшканьне для кангрэсу апазыцыя ўспрымае як выклік:

«Безумоўна, мы прымаем гэты выклік. Наш кангрэс набывае новы акцэнт: гэта будзе ня толькі кангрэс, ня толькі пачатак абʼяднаньня дэмакратычных сілаў, але і сам факт правядзеньня кангрэсу, нягледзячы на забарону ўладаў, будзе нашым унёскам у барацьбу за права людзей на мірныя сходы.

Гэта ўжо ня толькі наша справа, таму мы зьвяртаемся да ўсіх грамадзян — прыйсьці а 12-й гадзіне 15 траўня да помніка Янку Купалу і падтрымаць нас, дэлегатаў кангрэсу, падтрымаць нашу барацьбу і разам з намі патрабаваць права на мірныя сходы.

Мы таксама зьвяртаемся да кіраўнікоў дыпляматычных прадстаўніцтваў дэмакратычных краінаў: многія з вас заўважылі станоўчыя зьмены ў палітыцы беларускіх уладаў, таму, калі ласка, прыйдзіце 15 траўня і самі пераканайцеся, якія гэта зьмены. Таксама мы зьвяртаемся да кіраўнікоў дэмакратычных партыяў і арганізацыяў, якія пакуль не падтрымалі Беларускі нацыянальны кангрэс: мы заклікаем вас разам з грамадзянамі падтрымаць наш кангрэс, бо ў дадзенай сытуацыі мы баронім наша супольнае права на мірныя сходы».

Вячаслаў Сіўчык кажа, што грамадзянам, якія прыйдуць на ўстаноўчую сэсію кангрэсу каля помніка Янку Купалу, аргкамітэт надасьць статус гасьцей.

Сябры аргкамітэту падкрэсьліваюць, што кангрэс адкрыты для любой партыі ці руху, для любога грамадзяніна. Пры гэтым Рада кангрэсу будзе працаваць на рэгулярнай аснове.

«У Раду кангрэсу будуць уваходзіць лідэры арганізацыяў, якія падтрымалі Беларускі нацыянальны кангрэс (такіх на гэты момант 7), а таксама паўнамоцныя прадстаўнікі рэгіянальных кааліцыяў дэмсіл, там, дзе яны створаны. Кангрэс ужо стымуляваў абʼяднаньне ў рэгіёнах, і мы спадзяемся, што гэты працэс будзе працягвацца і далей. У радзе кангрэсу будуць пакінуты месцы і для астатніх палітычных партыяў і арганізацыяў — яны будуць іх чакаць», — кажа Мікалай Статкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG