У ЗША арыштаваная Нур Салман, жонка Амара Матына, які застрэліў 49 чалавек у начным клюбе ў Арланда летась у чэрвені . Пра гэта паведамляе тэлеканал CNN.
Арыштаваную падазраюць у дапамозе злачынцу, а таксама ў перашкодзе правасудзьдзю. Праваахоўныя органы мяркуюць, што падчас допыту пасьля нападу жанчына дала паліцыі хлусьлівыя паказаньні. Суд над ёй адбудзецца ў аўторак, 17 студзеня.
12 чэрвеня 2016 года ў горадзе Арланда, штат Флорыда, амэрыканец аўганскага паходжаньня Амар Матын адкрыў страляніну і захапіў закладнікаў у гей-клюбе. Загінулі 49 чалавек, яшчэ каля 50 былі параненыя. Нападнік заявіў аб сваёй прыхільнасьці да экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава».