Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мітынгу прадпрымальнікаў прагучаць эканамічныя і палітычныя патрабаваньні


Мітынг прадпрымальнікаў 22 лютага

Мітынг прадпрымальнікаў 22 лютага

Індывідуальныя прадпрымальнікі краіны 28 лютага а 15:00 праводзяць мітынг на Кастрычніцкай плошчы Менску. Разам з эканамічнымі яны маюць намер выставіць палітычныя патрабаваньні. Частка ж гандляроў ня мае пэўнасьці, ці браць удзел у чарговай акцыі пратэсту.

Адна з найбольш актыўных груп сярод удзельнікаў мінулых мітынгаў — прадпрымальнікі Віцебску. Гэтым разам, аднак, яшчэ не прынятае рашэньне адносна ўдзелу: частка гандляроў рашуча наважаныя рушыць у Менск, а іншая частка спадзяецца на выніковасьць перамоваў у працоўнай групе пры Міністэрстве эканомікі, сказала Свабодзе лідэрка прадпрымальніцкага руху ў Віцебску Ірына Яскевіч:

«Еднасьці няма, нават у справе перамоўнага працэсу. Частка хоча выйсьці на працу, некаторыя — каб закрыць сваю дзейнасьць. Але для гэтага неабходныя дамоўленасьці ў працоўнай групе, бо нават закрыцца людзі ня могуць без агромістых стратаў і выдаткаў. Што тычыцца мітынгу, то карысныя і перамовы, і мітынгі — людзі лічаць, што адно другому дапамагае. Прынамсі, нас ужо нельга не заўважыць, бо доўгі час нас не хацелі заўважаць і казалі, што мы ў адпачынках. Але людзі выходзяць на плошчу і кажуць, што прэзыдэнцкі ўказ невыканальны. І на гэта ўжо нельга закрыць вочы».

Прадпрымальнікі Салігорску расчараваныя малой колькасьцю ўдзельнікаў мінулых мітынгаў. Асабліва ўражвае адсутнасьць менскіх гандляроў, а таму наконт удзелу сьветлагорцаў пэўнасьці няма, кажа мясцовы актывіст Анатоль Зьмітровіч:

«Пры гэтым арганізатары заявілі мітынг на 15:00, відавочна арыентуючыся на менскіх гандляроў. Бо зусім ня ўлічваюць, што людзям з рэгіёнаў яшчэ некалькі гадзін спатрэбіцца, каб вярнуцца дадому.

Тым часам прадпрымальнікі паказваюць, што яны былі не ў адпачынках і іхнія праблемы ня вырашаныя. Гэта значыць, што гэтыя праблемы могуць „стрэліць“ у іншы час. А іншы час можа быць небясьпечны, бо наперадзе выбары, а людзі застаюцца бяз сродкаў, пры тым, што кошты, жыроўкі растуць. І на прадпрыемствах незадаволенасьць людзей расьце. Да ўладаў, здаецца, гэта даходзіць».

Тым часам папярэдні мітынг на Кастрычніцкай плошчы паказаў, што ўлады гатовыя змагацца з пратэстамі гандляроў усімі магчымымі сродкамі. Людзей разганялі сьнегаўборачныя машыны і людзі з шуфлямі. Таксама супрацоўнікі міліцыі спрабавалі скласьці пратаколы на актывістаў і перапісвалі імёны іншых людзей. Гэтыя дзеяньні незаконныя, і людзі павінны ім не паддавацца, заявіў Свабодзе менскі прадпрымальнікі, адзін зь лідэраў руху салідарнасьці «Разам» Аляксандар Макаеў:

«Міліцыянты падыходзілі і проста перапісвалі імёны людзей — гэта акцыя запалохваньня, і вельмі подлая. Яна скіраваная на тое, каб людзі не хадзілі і не патрабавалі сваіх правоў. Паводле Канстытуцыі людзі маюць права ня сьведчыць супраць сябе, а таму ўсе пытаньні няхай задаюць мне. Таму, калі міліцыянты паспрабуюць нешта падобнае — будзем за карак выводзіць такіх міліцыянтаў, бо гэта перавышэньне службовых паўнамоцтваў. Таксама людзі баяцца падыходзіць да мікрафона, каб выказацца, баючыся буйных штрафаў. Таму ёсьць дамоўленасьць з праваабарончымі арганізацыямі, каб адсочваць такія выпадкі і дапамагаць людзям, калі падобныя выпадкі будуць здарацца».

Напярэдадні мітынгу дробныя прадпрымальнікі разам з палітыкамі правялі працоўную сустрэчу ў рамках створанага «Камітэту за ўратаваньне прадпрымальніцтва». Прысутны на сустрэчы Мікола Статкевіч, у прыватнасьці, сказаў:

«Вельмі радуюць зьмены ў грамадзкіх настроях, якія адбыліся за апошнія паўгода. За апошнія пяць гадоў у цэнтры Менску не было мітынгаў дэмакратычных сіл, нават Дзень Волі сьвяткавалі на Бангалоры.

Сёлета Дзень Волі пройдзе ў цэнтры Менску незалежна ад таго, які будзе адказ на пададзеную заяву.

Такія кардынальныя зьмены адбыліся дзякуючы тым мужным і годным людзям, якія мінулай восеньню выходзілі на акцыі на плошчы Свабоды, каля КДБ і Дома ўраду. Але трэба памятаць, што большасьць грамадзтва ўсё яшчэ запалоханая. І ў нас няма іншага выйсьця, як абудзіць мужнасьць і грамадзкую актыўнасьць у напалоханых».

«Камітэт за выратаваньне прадпрымальніцтва» заклікаў прадпрымальнікаў, палітычныя партыі, грамадзкія арганізацыі падтрымаць мітынгі 28 лютага і 14 сакавіка. Падтрымаць прапанову прадпрымальнікаў Слоніма і распачаць з 1 сакавіка ўсеагульны страйк зь нявыплатай падаткаў і арэнды. Падтрымаць прапанову прадпрымальнікаў Баранавічаў і з 7 сакавіка распачаць акцыю «Пара мяняць лысую рызіну» ў вялікіх і малых гарадах краіны. Падтрымаць вулічную акцыю да Дня Волі 25 сакавіка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG