Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадаўтваральныя прадпрыемствы Баранавічаў пасьля калядных вакацыяў, якія зацягнуліся для некаторых заводаў ажно да канца студзеня, толькі цяпер аднаўляюць працу.

На заводах — заробкі каля двух мільёнаў, прастоі ды скарачэньні

Сытуацыя са збытам, а адпаведна — і з заробкамі, надзвычай складаная. Баранавіцкі завод аўтаматычных лініяў апошнім часам працаваў сабе на страту. Кіраўніцтва пастанавіла спыніць вытворчасьць на студзень. У лютым прадпрыемства запрацавала ў рэжыме чатырохдзёнкі: выходныя — пятніца, субота і нядзеля.

Ня лепшым чынам выглядае сытуацыя яшчэ на адным буйным прадпрыемстве — Баранавіцкім аўтаагрэгатным заводзе. Кіраўніцтва прадпрыемстваў пазьбягае камэнтаваць іх стан і адмаўляецца ад кантактаў з карэспандэнтам Свабоды. Рабочыя ж заводаў кажуць пра крытычную сытуацыю і адсутнасьць працы.

«Кіраўнік прадпрыемства, выглядае, намагаецца выправіць сытуацыю. Часта на працы з самай раніцы да позьняга вечара. Але гэта пакуль мала дапамагае, каб выйсьці з крызісу. Прынамсі, колькасьць замоваў, адпаведна — загружанасьць, не павялічваецца.

У мяне заробак два мільёны дзьвесьце тысяч рублёў. Як можна на такую суму пракарміць сям’ю, заплаціць за камунальныя паслугі?

Гэта наагул немагчыма. Я ня ведаю, што далей будзе», — кажа Сяргей, рабочы баранавіцкага аўтаагрэгатнага заводу.

На заводзе жалезабэтонных вырабаў заробкі рабочых скараціліся больш як у два разы. Рабочыя наракаюць і кажуць, што ня ведаюць, як выжываць.

«Раней на заводзе я атрымліваў штомесяц каля сямі мільёнаў. Тады ж і кошты былі іншыя, зусім іншая сытуацыя была. А цяпер мой заробак складае каля трох мільёнаў. Баюся, каб яшчэ больш ня зьнізілі», — скардзіцца Віктар, які працуе на заводзе ЖБВ.

Прычына заняпаду — спад расейскага попыту на тавары

Кіраўніцтва раёну канстатуе, што ажно восемдзесят адсоткаў тавараў, якія тут выпускаюцца, разьлічаныя на экспарт у Расею. Але праз спад эканомікі ў суседняй краіне зацікаўленасьць у прадукцыі зь Беларусі зьнізілася да мінімуму. Адсюль і скарачэньні вытворчасьці, і звальненьні. Гэтак, на заводзе ЖБВ толькі летась колькасьць рабочых скарацілася на 100 чалавек.

«Ніякіх паляпшэньняў на прадпрыемствах няма. У лепшым выпадку заводы працуюць сама больш чатыры дні на тыдзень. Вядома, што пры такіх варунках няма ніякага заробку.

Таму тыя, хто мае магчымасьць, звальняюцца, ідуць на іншую працу. Але ў самім горадзе альтэрнатывы практычна няма.

Амаль на ўсіх прадпрыемствах сытуацыя такая ж самая. Выключэньне — толькі тыя арганізацыі, якія вырабляюць харчы, у тым ліку хлебазавод. Не скажу, што там вялікія заробкі. Але працуюць цэлы дзень.

А вось прамысловасьць сапраўды ў надзвычай складанай сытуацыі. А што яшчэ горш — ня бачна аніякіх пэрспэктываў», — сказаў Свабодзе Віктар Цяпін, былы інжынэр-канструктар, сябра партыі «Справядлівы сьвет».

Харчы даражэюць, заробкі ў сельскай гаспадарцы скарачаюцца

Яшчэ горшыя справы, нягледзячы на дзяржаўныя датацыі і дапамогу, у сельскай гаспадарцы Баранавіцкага раёну. Вяскоўцы, якія наведваюць буйны райцэнтар, каб знайсьці таньнейшыя тавары і харчы, наракаюць на катастрафічнае падзеньне ўзроўню жыцьця.

«Я колькі год працую ў СПК, што непадалёк ад райцэнтру. Раней яшчэ неяк больш-менш можна было пражыць, заробкі былі нават і па тры мільёны. А цяпер я ў роспачы. За студзень мне налічылі нешта каля двух з паловаю мільёнаў, але ў выніку атрымала мільён сямсот тысяч рублёў. Атрымала на рукі гэтыя грошы і гатовая расплакацца. Як пры такой сытуацыі гадаваць дзяцей? Як можна пражыць? Наагул, нас падманваюць у СПК. Паглядзіце, паўсюль растуць кошты, у тым ліку і на харчы. А для нас зьніжаюць расцэнкі на малако. Як такое можа быць?» — бядуе Галіна, жыхарка баранавіцкага раёну.

Людзі ў апатыі, на акцыі выходзіць пару чалавек

Задаць гэтыя пытаньні чыноўнікам, а таксама выказаць свой пратэст супраць падзеньня ўзроўню жыцьця грамадзянаў плянуе на мітынгу актывіст прадпрымальніцкага руху ў Баранавічах Мікалай Чарнавус.

Сёмага сакавіка ў цэнтры гораду прадпрымальнік мае намер правесьці рэспубліканскі мітынг. Гэта ня першая акцыя актывіста. Але мінулая спроба правесьці пікет завяршылася тым, што выказаць сваю думку ў Баранавічах на плошчу выйшлі лічаныя адзінкі.

«Я ня бачу аніякіх рухаў сярод людзей. Немагчыма выцягнуць людзей на пікет. Баяцца чамусьці. Пры гэтым асабіста ўсе моцна абураюцца і лаюць улады. Але ніхто не жадае нешта зрабіць самастойна. Я спадзяюся, што гэта празь некаторы час зьменіцца. Але пакуль вельмі сумна», — камэнтуе сытуацыю Віктар Цяпін.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG