Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На мастацкай радзе Менгарвыканкаму помнік Леніну каля МТЗ не разглядаўся, — старшыня Саюзу мастакоў


Пастамэнт пад помнік набірае трываласьці
Пастамэнт пад помнік набірае трываласьці

Адкрыцьцё помніка Леніну заплянаванае на 7 лістапада каля прахадной Менскага трактарнага заводу. На МТЗ кажуць, што гэты помнік раней стаяў на заводзкай тэрыторыі, а з ініцыятывы вэтэранаў яго вырашылі адрамантаваць і ўсталяваць каля прахадной, у сквэры «70 год МТЗ». Між тым гэтая тэрыторыя належыць гораду, і, адпаведна, усталяваньне тут помнікаў павінна праводзіцца пасьля шэрагу дазволаў і ўзгадненьняў.

Вядомы скульптар Павал Вайніцкі кажа, што ня чуў пра ўзгадненьне ўсталяваньня помніка Леніну каля МТЗ.

«Існуе пастанова Савета міністраў аб усталяваньні манумэнтальных скульптур, якой гэта рэгулюецца. Спачатку арганізацыя, якая жадае нешта ўсталяваць у гарадзкой прасторы, павінна атрымаць зь Міністэрства культуры згоду, а для гэтага абгрунтаваць, чаму помнік патрэбны, і даць гістарычную даведку, каму гэты помнік. Калі ёсьць такая згода Мінкультуры, далей усё вырашаюць гарадзкія ўлады. Калі атрымалі згоду гарвыканкаму, трэба прайсьці экспэртную раду па манумэнтальным і манумэнтальна-дэкаратыўным мастацтве. І нарэшце — абавязковае ўзгадненьне з адміністрацыяй Лукашэнкі. Гэта нават самае асноўнае, у нас ніводзін помнік бяз згоды адміністрацыі на вуліцы не паставіш. Але я пра такі помнік першы раз ад вас чую», — сказаў скульптар Павал Вайніцкі.

Старшыня Саюзу мастакоў Рыгор Сітніца таксама ня чуў раней пра намер гарадзкіх уладаў усталяваць каля МТЗ помнік Леніну. Паводле Сітніцы, мастацкая рада пры гарвыканкаме такой прапановы не разглядала.

«Я ў гэтай радзе і першы раз чую, каб МТЗ зьвяртаўся з прапановай усталяваць помнік Леніну ў сквэры каля МТЗ. Была ад іх прапанова паставіць помнік далакопу з канём — помнік тым, хто будаваў гэты завод. Мы разглядалі гэтую прапанову, але ня надта яе ўхвалілі і адправілі на дапрацоўку. Гэта было тыдні 2–3 таму. А каб паставіць помнік Леніну — такой прапановы не разглядалі. Калі ўсё ж ставяць, дык гэта будзе незаконна, бо няма дазволу гораду. Ціхай сапай спрабуюць...» — мяркуе Рыгор Сітніца.

У Менгарвыканкаме карэспандэнту Свабоды не змаглі паведаміць, ці прайшлі на МТЗ працэдуру ўзгадненьня на ўсталяваньне помніка Леніну на тэрыторыі сквэру. Паводле адказных супрацоўнікаў Менгарвыканкаму, дазвол на правядзеньне масавага мерапрыемства, заплянаванага на 7 лістапада, атрыманы, а вось з дазволам на ўсталяваньне помніка — зьвестак няма. «Мне пра гэта невядома», — сказала супрацоўніца прэсавай службы Сьвятлана Бялінская. Начальнік прэсавай службы Алена Мокар слухаўку цягам двух дзён не падняла. Адмовіліся камэнтаваць сытуацыю і ў адміністрацыі МТЗ. Адзін з кіраўнікоў заводу, да якога дазваніўся карэспандэнт, проста кінуў слухаўку.

Помнік Леніну за плотам МТЗ, архіўнае фота
Помнік Леніну за плотам МТЗ, архіўнае фота

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч мяркуе, што ўсталяваньне помніка Леніну — палітычная зьява, адсюль і таемнасьць вакол пытаньня пра дазвол на помнік:

«Жывем 25 год у незалежнай Беларусі, а з „саўка“ яшчэ ня вылезьлі, усё яшчэ ходзім у савецка-бальшавіцкіх штоніках. Але мяне гэта ня дзівіць, прынамсі ў дачыненьні да Беларусі. Што да ўсталяваньня помніка без дазволу — магчыма, яны яго прасоўваюць як малую архітэктурную форму. Тады трэба ўзгадненьні толькі ад мясцовай улады. Але там павінны быць малыя габарыты, а тут жа гаворка ўсё ж пра помнік».

4 лістапада ў сквэры каля МТЗ карэспандэнт Свабоды пабачыў абцягнуты поліэтыленам драўляны куб, унутры якога стаіць чорны пастамэнт з дарагога каменю. Месца Леніну знайшлі якраз на мяжы сквэра і плошчы перад прахадной. Людзі, якія будуць тут хадзіць, змогуць дакрануцца да Леніна рукой. А калі вандалы? Хто цяпер будзе ахоўваць Ільіча?

Мастацтвазнаўца і гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі адзначыў, што помнік Леніну, які раней стаяў на тэрыторыі МТЗ, а цяпер перамесьціцца ў сквэр на вуліцы Даўгабродзкай, не ўяўляе ніякай ні гістарычнай, ні мастацкай каштоўнасьці.

«Увогуле я ўспрымаю гэта як кур’ёз, анэкдот. Так ці інакш, за апошнія 20 гадоў паловы Леніных у нас ня стала. Канечне, гэта не выглядала гэтак драматычна і фэерычна, як ва Ўкраіне. Але шмат дзе ціхай сапай Леніны папрыбіраліся. Асабліва ад школ, ад дзіцячых садкоў.

Некаторых мне нават шкада — Ленін-акцябронак стаяў каля будынку цяперашняй кубінскай амбасады. Быў такі мілы садовы гномік.

Сам скульптар адцураўся ад гэтай працы, бо такіх прац было вельмі шмат, і яны па-простаму называліся «халтура»

А мастацкую каштоўнасьць мае хіба што толькі помнік Леніну на плошчы Незалежнасьці скульптара Манізера. Яшчэ пэўную гістарычную каштоўнасьць уяўляе помнік Леніну на тэрыторыі шпіталя імя Клумава — бо яго паставілі да вайны, у вайну хавалі-перахоўвалі. Гэтым помнікам месца ў гістарычным музэі.

А што да помніка на МТЗ, дык пры жаданьні нават аўтара гэтага твору ніхто ня згадвае, сам скульптар адцураўся ад гэтай працы, бо такіх прац было вельмі шмат, і яны па-простаму называліся „халтура“.

Ведаеце, крыху зьмянілася геапалітычная сытуацыя: у Расеі Леніна цяпер клянуць на чым сьвет, бо менавіта зь ім зьвязваюць паразу ў Першай усясьветнай вайне і развал Расейскай імпэрыі. А для нас, як і для грамадзян прыбалтыйскіх краін, можна сказаць, што ягонае імя зьвязанае ўрэшце з атрыманьнем незалежнасьці. Таму хай стаіць, калі грошы ў заводу ёсьць».

«Сымбаль нашых змарнаваных грошай» — работнікі МТЗ пра помнік Леніну

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG