Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Магілёўшчыне міліцыянт ашукаў пяць банкаў


©Shutterstock
©Shutterstock

У райцэнтры Бялынічы, што на Магілёўшчыне, арыштавалі супрацоўніка мясцовага аддзяленьня ДАІ. Як паведамляе ўпраўленьне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму, міліцыянт уваходзіў у давер да знаёмцаў, прасіў аформіць на сябе крэдыты, абяцаючы своечасова іх пагашаць.

«Пры садзейнічаньні іншых грамадзян ён забясьпечваў крэдытаатрымальнікаў даведкамі, якія ўтрымлівалі несапраўдныя зьвесткі пра месца іх працы і даходы, для выдачы крэдытаў на максымальна магчымую суму», — гаворыцца ў прэс-рэлізе аддзяленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў упраўленьня ўнутраных спраў.

Асобы, якія бралі на сваё імя крэдыты для міліцыянта, ведалі, што падаюць у банкі несапраўдныя дакумэнты.

«У пяці камэрцыйных банках Магілёва ім былі выдадзеныя крэдыты на суму больш за 790 мільёнаў рублёў», — гаворыцца ў паведамленьні Ўпраўленьня ўнутраных спраў.

Пацярпелымі ад махінацыяў звольненага зь міліцыі супрацоўніка прызнаныя банкі.

У Бялынічах удалося высьветліць імя арыштаванага міліцыянта і пасаду, якую ён займаў. Аляксандар Варапаеў служыў старшым інспэктарам па адміністрацыйнай практыцы.

Ягоныя махінацыі выявілі пры вывучэньні дэклярацыяў пра маёмасьць супрацоўнікаў унутраных спраў вобласьці. Падазрэньне выклікалі сумы крэдытаў, якія ўзяў на сябе бялыніцкі ДАІшнік.

Яго вінавацяць у махлярстве, учыненым у асабліва буйным памеры. Адзначаецца, што з органаў унутраных спраў яго звольнілі па адмоўных матывах яшчэ да таго, як распачалі крымінальную справу.

Аляксандар Варапаеў — ня першы, каго арыштоўвалі за махінацыі з крэдытамі на Магілёўшчыне.

У Крычаве тры дзясяткі чалавек сталі ахвярамі махлярства дворнічыхі зь мясцовага жыльлёва-камунальнага ўпраўленьня. Яна ўгаворвала людзей і афармляла на іх для сябе крэдыты. Гэтак яна набрала крэдытаў амаль на мільярд рублёў.

Раённы суд пакараў махлярку дзевяцьцю гадамі турмы агульнага рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG