Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трое пацярпелых, двое пакараных. На крычаўскім цэмэнтным заводзе высьветлілі прычыны аварыі


Цэмэнтны завод у Крычаве
Цэмэнтны завод у Крычаве

Трое працоўных атрымалі тэрмічныя апёкі. Вінаватых пазбавілі прэміі за травень і вынесьлі ім вымову. Прычынай аварыі называецца парушэньне тэхнікі бясьпекі.

Галоўнага інжынэра акцыянэрнага таварыства «Крычаўцэмэнтнашыфэр» і майстра зьмены прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасьці за аварыю, якая здарылася на прадпрыемстве 15 сакавіка. У выніку здарэньня трое працоўных атрымалі тэрмічныя апёкі і былі дастаўленыя ў лякарню. Вінаватых пазбавілі прэміі за травень і вынесьлі ім вымову.

Працоўныя прадпрыемства даслалі Свабодзе копію загаду, у якім пададзеныя «вынікі расьсьледаваньня групавога няшчаснага выпадку на вытворчасьці». У загадзе, выдадзеным 11 траўня, названыя прычыны аварыі, імёны пацярпелых і пакараных, але сваіх імёнаў працоўныя не пажадалі называць:

«У загадзе, выказаліся яны, не адзначаецца, што на прадпрыемстве не было мэдыкаў, хоць кіраўніцтва дапускала магчымасьці надзвычайнай сытуацыі. Аднаго з пацярпелых даставіў у бальніцу родзіч на машыне, які прыехаў па яго з Крычава».

Прычынай аварыі называецца парушэньне тэхнікі бясьпекі. Адзначаецца, што працоўныя выйшлі «на ачыстку цыклёна цыклённага цеплаабменьніка», ня маючы сродкаў, якія засьцерагаюць ад павышанай тэмпэратуры. Акрамя таго, да працы павышанай небясьпекі быў дапушчаны работнік, які ня меў адпаведных навыкаў і кваліфікацыі і допуску да такога роду прац.

«Адбыўся рэзкі абвал зьляжалай цэмэнтнай мукі ў цыклёне. У выніку чаго праз ачышчальныя люкі адбыўся выкід гарачага паветра і часткі гарачай сыравіннай мукі», — гаворыцца пра аварыю ў загадзе.

Пад загадам стаіць подпіс генэральнага дырэктара прадпрыемства Ўладзімера Карчэўскага. Атрымаць камэнтар па выніках заводзкага расьсьледаваньня ў адміністрацыі прадпрыемства не ўдалося.

Паводле копіі загаду, дасланай працоўнымі, вінаватымі ў аварыі прызнаныя галоўны інжынэр «Крычаўцэмэнтнашыфэра» Дзьмітры Шыкаў і майстар зьмены абпалу клінкера (кіраўнік прац) Ігар Бяляеў.

Факт аварыі адміністрацыя прадпрыемства адмаўляла, запэўніваючы, што яе не было. Пра здарэньне паведамілі працоўныя, даслаўшы фатаздымак аплаўленых плястыкавых дзьвярэй побач зь месцам, дзе абрынулася цэмэнтная маса. Яе тэмпэратура, казалі працоўныя, сягала 700 градусаў.

Праз тыдзень пасьля аварыі крычаўская раёнка ў невялікай заметцы паведаміла пра здарэньне на цэмэнтным заводзе.

Аварыю расьсьледаваў Крычаўскі аддзел Сьледчага камітэту. Вынікі расьсьледаваньня на дадзены момант невядомыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG