Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне ўшанавалі героя Нябеснай Сотні Міхася Жызьнеўскага — змагара за вашу і нашу свабоду


На Гомельшчыне ўшанавалі героя Нябеснай Сотні Міхася Жызьнеўскага
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:25 0:00
Наўпроставы лінк

22 студзеня ў Гомелі адзначалі другую гадавіну з дня трагічнай гібелі беларускага героя Нябеснай Сотні Міхаіла Жызьнеўскага. Міхась стаў другой па ліку ахвярай рэжыму з сотні змагароў, якія палеглі на барыкадах у Кіеве за свабоду і незалежнасьць Украіны.

На могілкі ў вёску Сьцяг Працы, дзе пахаваны Міхаіл Жызьнеўскі, прыехалі яго бацькі, дзясяткі грамадзкіх актывістаў з Гомеля й Менску.

Побач з помнікам, вырабленым у ліпені на ахвяраваньні беларускіх грамадзянаў, вывесілі на маладым дубочку ўкраінскі блакітна-жоўты й беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сьцягі.

Ніна Жызьнеўская, маці загінулага героя ўкраінскага Майдану:

«Я вельмі ўсьцешана, што людзі не забыліся на майго Міхася, прыехалі падтрымаць мяне. Прыехалі ўспомніць, пакланіцца Мішы. Я вельмі ўдзячная беларусам, якія падтрымліваюць нас і дапамагаюць. Вялікі дзякуй усім!

У гэты дзень — як вам сказаць? — хачу, каб справа, за якую змагаўся мой сын, ня згінула марна, каб яе падхапілі ўсе нашы беларусы».

Ніна Жызьнеўская
Ніна Жызьнеўская

Міхаіл Жызьнеўскі
Міхаіл Жызьнеўскі

Жызьнеўская паведаміла, што ёй тэлефанавалі з Канады, дзе сёньня ў шматлікіх тамтэйшых касьцёлах зладзілі памінальныя малітвы ў памяць Міхася.

Бацька героя Нябеснай Сотні Міхаіл Пятровіч кажа, што боль ад страты сына не сьціхае — ні ў яго самога, ні ў маці, ні ў сястры:

«Адно крыху грэе, што ён загінуў за свабоду ня толькі ўкраінскага, але й беларускага народа. Падтрымку ад простага люду Беларусі мы маем, але, канечне, не ад кіраўніцтва. Будзе новае кіраўніцтва, будзе й новае стаўленьне да Мішы як героя Нябеснай Сотні. Ён быў душою як за Ўкраіну, так і за Беларусь. Проста хацеў, каб людзі жылі ў свабодзе, а ня ў тым мітычным стане, які ў нас называюць свабодай і дэмакратыяй».

Адзін з арганізатараў жалобнай цырымоніі, гомельскі палітык Уладзімер Кацора патлумачыў, што месца пахаваньня героя Нябеснай Сотні Міхаіла Жызьнеўскага стала для патрыятычна настроеных гамельчукоў яшчэ адным абавязковым месцам памяці і пашаны — поруч зь мясьцінамі, зьвязанымі зь дзяячкай БНР Палутай Бадуновай, выбітным прадстаўніком нацыянальна-вызвольнага руху Цімохам Вострыкавым, вязьнем ГУЛАГу Рыгорам Клімовічам:

«Мы павінны тут быць у такія дні, бо бачым, што адбываецца ў нашай краіне, у нашых суседзяў. На жаль, трэба ахвяраваць, бо свабода ў загоне. Сёньня, умоўна кажучы, мы тут як на лініі фронту. І гэтую абарону трэба трымаць. Думаю, што недалёкі той час, калі й Міхась атрымае ад новай улады тую пашану, якой заслугоўвае. Для нас Міхась — герой, герой Беларусі, герой Украіны, хоць такіх афіцыйных званьняў у яго пакуль няма».

Да помніка Жызьнеўскаму грамада ўскладае вянкі і жывыя кветкі, запальвае зьнічы, выстаўляючы іх крыжам на пастамэнце.

Грамадзкая актывістка, рэжысэрка-дакумэнталіст зь Менску Вольга Мікалайчык чытае малітву:

«Царыца Нябесная, Прасьвятая Багародзіца дзева Марыя! Перадай нашу малітву, нашу любоў сыну Беларусі й Ўкраіны Міхасю Жызьнеўскаму ад яго бацькоў, сястры Натальлі, ад нас, грамады, якая прыйшла схіліць галовы свае ў памяць, у гонар сына беларускай нацыі. У беларусаў засталіся толькі дзьве рэчы — самаахвярнасьць і памяць. Гэтыя дзьве рэчы нас выратуюць як нацыю, выратуюць і прывядуць да вольнай будучыні».

Пісьменьнік Анатоль Бароўскі (зьлева) зь Нінай і Міхаілам Жызьнеўскімі
Пісьменьнік Анатоль Бароўскі (зьлева) зь Нінай і Міхаілам Жызьнеўскімі

Выступае Дзьмітры Якаўцаў
Выступае Дзьмітры Якаўцаў

Слова бярэ гомельскі пісьменьнік Анатоль Бароўскі, намінант на літаратурную прэмію імя Міхася Жызьнеўскага за раман «Воляй абраны» — пра каханьне кіраўніка беларускага паўстаньня 1863–1864 гадоў Кастуся Каліноўскага і яго нарачонай Марыі Ямант. Прэмія была заснавана летась украінскімі й беларускімі пісьменьнікамі.

«Так сталася, што калі Кастусь Каліноўскі ўзначаліў паўстаньне, стаяла ідэя: „За вашу і нашу свабоду“. Перакінуўшы мост у сёньняшні час, мы таксама можам сказаць: „Міхась Жызьнеўскі загінуў за вашу і нашу свабоду — за свабоду Ўкраіны, за свабоду Беларусі“. Мы нізка схіляем галовы перад яго бацькамі, спадарыняй Нінай і спадаром Міхаілам, перад самім Міхасём. Мы ўсьцешаныя тым, што ў нас у Беларусі ёсьць такія магутныя, мужныя, адухоўленыя людзі, якія ахвяруюць сваім жыцьцём дзеля шчасьця ня толькі сваёй радзімы, але і, напэўна, усяго чалавецтва».

Прамоўца ўзгадаў Каліноўскага і ягоныя «Лісты з-пад шыбеніцы», у якіх той пісаў: «„Народзе, ...тады толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою маскаля ўжо ня будзе!“ І атрымліваецца, што маскаль хоча сядзець ва Ўкраіне і ў Беларусі. Мы таксама хочам вызваліцца, як і Ўкраіна, з гэтых путаў».

У неба ўзьлятае фаервэрк. Грамада скандуе: «Слава Ўкраіне!», «Жыве Беларусь!»

Бліжэй да вечара на могілкі ў вёску Сьцяг Працы прыехала аўтобусам яшчэ адна дэлегацыя менчукоў, якую ачольвалі Павал Севярынец і Вячаслаў Сіўчык. Яны таксама ўшанавалі памяць Міхася Жызьнеўскага, беларускага рыцара ўкраінскага Майдану.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG