Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі заклікала актывізаваць у лютым-сакавіку адстрэл дзікоў, каб не дапусьціць распаўсюду вірусу афрыканскай чумы сьвіней.

Паводле міністэрства, гэта робіцца, каб выканаць даручэньне рэспубліканскага штабу па ліквідацыі гэтага і іншых асабліва небясьпечных захворваньняў жывёл.

На аблвыканкамы ўскладзена каардынацыя працы па канфіскацыі, пахаваньні і ўтылізацыі дзікоў.

Мінлясгас просіць егерскую службу ўзмацніць штодзённае абсьледаваньне паляўнічых угодзьдзяў у радыюсе 20 км ад сьвінагадоўчых комплексаў, інфармаваць насельніцтва пра выплаты за здабычу дзіка, а таксама арганізаваць брыгады зь мясцовых паляўнічых.

Мінлясгас заклікае выключыць фармальны падыход у гэтай справе. Таксама зьвяртае ўвагу на арганізацыю належнага кантролю за ўтрыманьнем месцаў пахаваньня туш здабытых дзікоў.

«Прадукцыя, атрыманая ад здабычы дзіка, не павінна выкарыстоўвацца для ўласных патрэб, яна падлягае ўтылізацыі», — адзначылі БЕЛТА ў Мінлясгасе.

3 лютага Рассельгаснагляд пракамэнтаваў заяву міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Леаніда Зайца пра тое, што «сёньня няма нагоды казаць пра існаваньне ў краіне АЧС». Расейцы выказалі сумнеў, што у Беларусі праводзіцца маніторынг афрыканскай чумы сьвіней.

«Пытаньні выклікае і іншая заява міністра — пра тое, „што толькі за 2012-2013 гады было зачынена каля 400 суб’ектаў гаспадараньня з пагалоўем больш за 300 тысяч сьвіней“ — пры тым, што па яго ж словах, „няма падставы казаць пра тое, што ў краіне ёсьць АЧС“», — адзначае Рассельгаснагляд.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG