Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэрмэр: Вынішчэньне дзікоў — барбарства

абноўлена

«У сьвіной праблеме па-сьвінску паводзяць сябе ўлады»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:28 0:00
Наўпроставы лінк

«У сьвіной праблеме па-сьвінску паводзяць сябе ўлады» (ВІДЭА)

У бюджэце фэрмэра зь вёскі Мацкі на Меншчыне Ўладзімера Матусевіча прадугледжаны выдаткі на падкормку дзікоў. Фэрмэрскія палеткі ўтыкаюцца ў лес, адкуль сьвіньні чародамі выходзяць паласавацца кукурузай ці чарвякамі ў барознах. Каб мінімізаваць шкоду ад налётаў, гаспадар стварае «буфэрныя зоны», падкормліваючы лясных гасьцей бульбай, яблыкамі, збожжам. Але справа ня толькі ў эканоміцы: як кажа Ўладзімер Матусевіч, ён проста любіць прыроду і катэгарычна супраць таго, што дзікоў цяпер пачалі вынішчаць, каб захаваць калгасныя сьвінакомплексы.

Ад уласнага пагалоўя спадар Матусевіч адмовіўся колькі гадоў таму: працы хапае і ў полі, а мяса ды малако можна купіць на рынку. А для каго тады акуратна складзеныя купы сена? «Для казуляў, дзікоў, — тлумачыць ён. — Прыйдзе зіма, насыпле сьнегу, сена будзе адзіным ратункам». Уладзімер Матусевіч кажа, што тых жа дзікоў апошнім часам распладзілася вельмі шмат. І для яго вялікае задавальненьне назіраць за імі:

«Часам выйдзеш вечарам, ды глядзіш, як яны корпаюцца. Побач калгаснае поле, пазалетась там была кукуруза, цяпер пасеялі грэчку. А мае палі зь ім мяжуюць. Дык я сядаю на ровар, выяжджаю, а тут да вечара ўжо цэлыя чароды пасьвяцца, ходзяць самыя розныя — ад вялікіх да малых. Увогуле вельмі цікавая жывёла, жыве побач. Жыла і, спадзяюся, жыць будзе надалей. Апошнім часам іх стала многа. Параўноўваю са сваім дзяцінствам: калі пойдзеш у грыбы, убачыш недзе парытую зямлю — ух ты, дзікі былі. Неяк аж страшна — але пабачыць не ўдавалася. А цяпер можна проста выйсьці падвечар на поле і глядзець колькі захочаш. Выходзяць зь лясоў, кормяцца. І калі летам ім яшчэ нічога, то зімой, у вялікі сьнег, настае бяскорміца, нічога ня могуць дастаць. Гэта для іх бяда».



Спадар Матусевіч не хавае абурэньня, што дзяржаўныя ведамствы пастанавілі зьнішчыць усё пагалоўе дзікоў: тыя, маўляў, уяўляюць рэальную пагрозу свойскім сьвіньням — пераносяць вірус афрыканскай чумы, і таму ня маюць права на існаваньне:

«Я дзікоў падкормліваю таму, што люблю прыроду, люблю жывёльны сьвет. І гэты сьвет павінен быць разнастайны — і жывёльны, і расьлінны. Таму маё стаўленьне да ідэі поўнага зьнішчэньня тых жа дзікоў, зразумела, адмоўнае. На жаль, я ня ведаю, як перажылі гэтую навалу краіны, якія раней сутыкнуліся са сьвіной чумой, бо хвароба была і ў іншых месцах. Як нічога на гэты конт ня ведаюць і ўсе астатнія беларусы, як там усё адбывалася — зьнішчалі дзікоў, не зьнішчалі, колькі гадоў цягнуўся карантын ці безь яго абыходзіліся. Ніхто ж нам нічога не расказаў! Але я супраць таго, каб мой лес апусьцеў, ня выйшаў гэты дзік і не пакорпаўся на маёй зямлі. Бо жывёла таксама адчувае добрае стаўленьне і прыходзіць».

Мацкоўскі фэрмэр кажа, што за столькі гадоў вывучыў усе месцы дысьлякацыі дзікоў і дзеліцца зь імі ня толькі зімой. Так, цяпер падсалоджвае ім жыцьцё яблыкамі, збожжам, гароднінай:
Але ніякім браканьерствам я не займаюся, сьвіньні самі выходзяць на маю зямлю, шукаюць ежу, і проста грэх чаго-небудзь ня даць ім зьесьці. Хоць я сам не паляўнічы, я іх не страляю.

«Цяпер я бульбу адмыслова не вырошчваю, але раней было шмат, заўсёды яе падсыпаў. Але ёсьць яблыкі, бываюць адкіды збожжа. Ведаеш месцы, дзе выходзяць зьвяры, пакідаеш там, дзе яны звычайна кормяцца. Прыходзяць да мяне ў бурты з гноем, асабліва зімой, там варочаюць. Там таксама можна пакідаць нейкую прадукцыю. У гэтым годзе ўжо нарыхтаваў сяго-таго на зіму — сеяў ячмень, абавязкова падсыплю ім. Хоць, магчыма, гэта і незаконна зь цяперашняй пазыцыі. Бо ў паляўнічых, егераў ёсьць свае пляцоўкі, дзе яны падкормліваюць жывёлу, і можна ўвогуле падвесьці, што я займаюся браканьерствам. Але ніякім браканьерствам я не займаюся, сьвіньні самі выходзяць на маю зямлю, шукаюць ежу, і проста грэх чаго-небудзь ня даць ім зьесьці. Хоць я сам не паляўнічы, я іх не страляю».

Фэрмэр Уладзімер Матусевіч
Фэрмэр Уладзімер Матусевіч


Дзяржаўныя ведамствы спасылаюцца на рэзкі рост пагалоўя дзікоў і немагчымасьць адсачыць эпізаатычную сытуацыю ў іхніх чародах. Таму нічога не застаецца, як скарыстаць радыкальны мэтад — адстрэл. А вось Уладзімер Матусевіч называе гэта барбарствам:

«Так, апошнім часам дзікіх сьвіней разьвялося шмат. Яны нават пэўную шкоду робяць, таму што колькасьць сапраўды вялікая. Але гэта не падстава, каб зьнішчыць іх поўнасьцю. Гэта ж дзікасьць нейкая! Рэгуляваць іх колькасьць, каб яны мірна суіснавалі побач з чалавекам, натуральна, трэба, але каб так вось па-барбарску вынішчаць — я, безумоўна супраць гэтага. Да таго ж мы з гэтым заўсёды жылі, існавалі. Сярод дзікіх сьвіней, як і сярод іншай жывёлы, таксама свае хваробы. І гэта ўспрымалася нармальна. Паміралі, у наступныя гады адраджаліся, былі ўспышкі, але жывёльны сьвет сам у стане адрэгуляваць патрэбны парытэт. Калі іх расплодзіцца шмат і яны ня змогуць пракарміцца, зьяўляецца нейкая эпідэмія, якая іх косіць. Яны тады паміралі, і, такім чынам, іх колькасьць рэгулявалася самой прыродай».
Паводле чутак, нейкая фірма набыла ў Літве ці яшчэ дзесьці танна вось гэты корм, зь якім урэшце і занесьлі сьвіную чуму. А цяпер, відаць, вырашылі на дзіках за ўсё адыграцца

Пры гэтым ня выключана, што самі дзяржаўныя структуры спрычыніліся да таго, каб праблема набыла цяперашнія маштабы:

«Увогуле ёсьць зьвесткі, што гэтую заразу занесьлі з камбікармамі для падкормкі менавіта дзікіх сьвіней. У нас усё паляваньне, як і іншыя прыбытковыя сфэры, пад крылом адміністрацыі прэзыдэнта; яна займаецца арганізацыяй усіх гэтых VIP-паляваньняў, падкормкай і г. д. Паводле чутак, нейкая фірма набыла ў Літве ці яшчэ дзесьці танна вось гэты корм, зь якім урэшце і занесьлі сьвіную чуму. А цяпер, відаць, вырашылі на дзіках за ўсё адыграцца».

Апроч таго, Уладзімер Матусевіч лічыць абсалютна слушным абурэньне тых, каго паставілі перад фактам зьнішчэньня пагалоўя на прыватных падворках. Па яго словах, людзі сталі закладнікамі непісьменнасьці ўладаў:

«Людзі на гэтай зямлі жылі вякамі, вякамі займаліся сьвіньнямі, займаліся жывёлагадоўляй, і зараз прыдумляць прычыну — пагроза сьвінакомплексам — гэта абсурд. Я цалкам разумею трывогу начальнікаў: калі ў вёсцы 20 сьвіней, а побач на сьвінарніку 20 тысяч, то так, трэба захоўваць нейкія інтарэсы. Але людзі ў чым вінаватыя? Што ім збудавалі комплекс? Калі вы хочаце, каб людзі самі, добраахвотна адмовіліся ад вырошчваньня сьвіней, дык зацікаўце іх. Дайце цану ў 2–3 разы большую, поўную кампэнсацыю за сьвінчо, якое вы забераце, закапаеце ці спаліце. Дайце ўзамен авечак, качак, гусей, але так, каб не абураўся чалавек, каб не казаў, што ў яго забіраюць апошняе. Зь любым чалавекам можна дамовіцца, толькі дайце яму праўдзівую інфармацыю, дайце годную матэрыяльную кампэнсацыю, тады можна будзе пазьбегнуць усіх тых скандалаў, плётак, якія разгараюцца. І ўсе будуць на месцы — і комплексы застануцца, і людзі змогуць зразумець становішча дзяржавы, не трымаць сьвіней год, два ці колькі. Дамовіцца можна і трэба».

Фэрмэр Уладзімер Матусевіч
Фэрмэр Уладзімер Матусевіч

Улады дапусьцілі вельмі вялікую памылку, калі пачалі нешта ўтойваць, хаваць, а потым разгарнулі самую сапраўдную кампанію зачысткі хлявоў. І галоўная памылка ў тым, што яны проста не працуюць з насельніцтвам.

Як падсумоўвае спадар Матусевіч, у сьвіной праблеме найперш па-сьвінску паводзяць сябе афіцыйныя ўлады:

«Улады дапусьцілі вельмі вялікую памылку, калі пачалі нешта ўтойваць, хаваць, а потым разгарнулі самую сапраўдную кампанію зачысткі хлявоў. І галоўная памылка ў тым, што яны проста не працуюць з насельніцтвам. Лукашэнка калі ачуняў? Тыдні два таму, праз тры месяцы ад пачатку праблемы. Сказаў, што, маўляў, па-сьвінску абышліся. Толькі не ўдакладніў, што па-сьвінску з намі абыходзяцца заўсёды. Няхай гэта ім будзе навукай на будучыню. Бо калі б адпачатку далі нармальную кампэнсацыю, далі нешта ўзамен, урэшце, проста папрасілі б людзей па-добраму, тады можна было б такога скандалу, такога шуму пазьбегнуць. А ўсе гэтыя чуткі, плёткі — толькі з-за таго, што нам проста не даюць інфармацыі. Альбо калі і даюць, то са спазьненьнем. І ў гэтым вінаватыя афіцыйныя ўлады».
Чыноўнікі перакананыя: каб не дапусьціць распаўсюду афрыканскай чумы сьвіней на сьвінакомплексы, усіх «недзяржаўных» сьвіней трэба зьнішчыць.

Паводле дадзеных Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя, дзікоў у Беларусі больш за 80 тысяч. На прыватных падворках вырошчваецца блізу 900 тысяч сьвіней. Чыноўнікі перакананыя: каб не дапусьціць распаўсюду афрыканскай чумы сьвіней на сьвінакомплексы, усіх «недзяржаўных» сьвіней трэба зьнішчыць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG