Сакратар Паветраных сілаў ЗША Дэбра Джэймс дала інтэрвію Reuters, у якім заявіла: «Расея — гэта пагроза № 1 для ЗША».
«У нас ёсьць цэлы шэраг пагрозаў, зь якімі мы маем справу, але Расея з прычыны ядзернага аспэкту можа быць пагрозай існаваньню Злучаных Штатаў», — дадала яна.
Разам з Джэймс начальнік ваенна-марскіх апэрацыяў адмірал Джон Рычардсан і начальнік закупліваньня зброі Пэнтагону Фрэнк Кендал агучылі павелічэньне заклапочанасьці з нагоды ўсё больш агрэсіўнай палітыкі Расеі. Гэта адбылося пасьля завяршэньня Пэнтагонам сакрэтнай ацэнкі бясьпекі для пераможцы на прэзыдэнцкіх выбарах Дональда Трампа.
Кендал дадаў, што палітыка ЗША была сканцэнтраваная на пагрозах у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне і на Блізкім Усходзе, але цяпер была больш сканцэнтраваная на Расеі. А кіраўнік Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў генэрал Джозэф Данфорд заявіў, што мэта Расеі заключаецца ў барацьбе з NATO, падрываньні даверу да альянсу і абмежаваньні праекцыі сілы войска ЗША ў сьвеце.
Як такія заявы паўплываюць на вайсковы бюджэт, пакуль невядома, але чыноўнікі ў галіне абароны кажуць, што ЗША варта сфакусавацца на кібэрбясьпецы, касьмічнай праграме, ядзернай зброі і проціракетнай абароне, дзе Расея прасунулася за апошнія гады.
Эўрапейскія дыпляматы тым часам хвалююцца, што Крэмль можа выкарыстаць час да інаўгурацыі новага прэзыдэнта для новых наступаў ва Ўкраіне і Сырыі.
У ЗША ж прынялі законапраект, скіраваны на прадухіленьне «прыхаванага ўплыву на людзей і ўрады» з боку Расеі. Трамп нядаўна выбраў міністрам абароны ЗША генэрала Джэймса Мэтыса, які сярод іншага згадваў намёкі расейскай прапаганды пра здольнасьць Расеі «ператварыць ЗША ў радыеактыўны попел».