Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Кіргізстану нагадаў Лукашэнку, што яго не прымаюць «у большасьці цывілізаваных краін сьвету»


Сьцяг Кіргізстану

Сьцяг Кіргізстану

Міністэрства замежных спраў Кіргізіі шкадуе, што дзяржаўныя органы Беларусі маюць намер «любымі сродкамі выгарадзіць і абараніць злачынцаў, асуджаных у Кіргізстане за ўчыненьне асабліва цяжкіх злачынстваў, у тым ліку Бакіева Жаныбека».

Пра гэта гаворыцца ў заяве МЗС Кіргізстану ў адказ на сёньняшнюю заяву МЗС Беларусі.

«МЗС Кіргізстану вымушаны зноў падкрэсьліць, што афіцыйны Менск не павінен забалботваць праблему ўкрывальніцтва кіргіскага крыміналу на тэрыторыі Беларусі. Зусім недарэчна гучаць таксама спасылкі беларускага боку на паняцьці „цывілізаванасьці дзяржавы“, „захаваньня правоў сваіх грамадзян“, „справядлівай судовай абароны“ і „спэцыфічнага падыходу да правасудзьдзя“. Тым больш у сьвятле вядомых сусьветнай супольнасьці фактаў, якія стварылі ўстойлівы імідж адпаведных органаў Рэспублікі Беларусь, у выніку чаго іх кіраўнікоў не прымаюць у большасьці цывілізаваных краін сьвету», — гаворыцца ў заяве кіргіскага МЗС.

У МЗС Кіргізстану адзначаюць, што ў заяве прэзыдэнта Алмазбека Атамбаева не зьмяшчалася абразьлівых выказваньняў на адрас Беларусі, а наадварот, яно было прасякнута «надзеяй на разуменьне праблемы і пераход да канструктыўнага супрацоўніцтва ў частцы выдачы і крымінальнага перасьледу злачынцаў, іншых асобаў у вышуку».

«Міністэрства замежных спраў Кіргіскай Рэспублікі падкрэсьлівае, што Рэспубліка Беларусь павінна выконваць прынятыя на сябе міжнародныя абавязаньні, і зноў заклікае беларускі бок да канструктыўнага дыялёгу ў імя інтарэсаў дружалюбных народаў нашых краін», — адзначаецца ў паведамленьні МЗС.

XS
SM
MD
LG