Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Берасьцейшчыне адбудзецца аўтапрабег у гонар Касьцюшкі


Сядзіба Тадэвуша Касьцюшкі ў Марачоўшчыне на тле палаца Пуслоўскіх
Сядзіба Тадэвуша Касьцюшкі ў Марачоўшчыне на тле палаца Пуслоўскіх

Грамадзкі аргкамітэт па ўшанаваньні памяці Тадэвуша Касьцюшкі рыхтуецца зладзіць аўтапрабег па мясьцінах, дзе нарадзіўся і жыў змагар за свабоду. Удзельнікі мяркуюць наведаць Сяхновічы, Крупчыцы і Косава.

Сябра аргкамітэту Алесь Мех з Кобрыні сказаў Свабодзе, што сёлета праграма ўшанаваньня памяці Тадэвуша Касьцюшкі будзе шырэйшая, чым звычайна:

«4 лютага, у дзень народзінаў Тадэвуша Касьцюшкі, плянуюцца ўрачыстасьці ў яго гонар ва ўрочышчы Марачоўшчына каля Косава (Івацэвіцкі раён). Прыедуць дыпляматы, прадстаўнікі ўладаў і грамадзкасьці, будуць выступы, экскурсія ў сядзібу Тадэвуша Касьцюшкі. Гэта традыцыйныя мерапрыемствы, якія ладзяцца штогод. Аднак сёлета наш аргкамітэт вырашыў пашырыць сьвяткаваньне гадавіны народзінаў нацыянальнага героя. У нашай праграме будзе заезд у музэй у Сяхновічах (Жабінкаўскі раён), дзе выступяць навукоўцы. Потым паедзем у Крупчыцы, на месца вялікай бітвы паўстанцаў Тадэвуша Касьцюшкі з расейскімі войскамі Суворава. Адтуль прыедзем ужо ў Косава, дзе будуць адбывацца афіцыйныя мерапрыемствы».

Спадар Мех лічыць недастатковым ушанаваньне змагара за свабоду, якое ладзіцца на афіцыйным узроўні:

Сябры грамадзкага аргкамітэту па ўшанаваньні Тадэвуша Касьцюшкі — Алесь Мех, Рыгор Грык і Валер Фамінскі (зьлева направа)
Сябры грамадзкага аргкамітэту па ўшанаваньні Тадэвуша Касьцюшкі — Алесь Мех, Рыгор Грык і Валер Фамінскі (зьлева направа)

«Прыкра, што сярод грамадзкасьці цікавасьць да гэтага сьвята зьніжаецца. Гэта адбываецца таму, што ўлада ў нас не беларуская, а антыбеларуская. І вынік яе дзейнасьці такі, што такія сьвяты не адзначаюцца на высокім дзяржаўным узроўні. Таму мы як грамадзяне мусім займацца годным ушанаваньнем памяці Тадэвуша Касьцюшкі».

Памяць Тадэвуша Касьцюшкі штогод ушаноўваюць 4 лютага ў Косаве ў сядзібе, дзе цяпер музэй. Звычайна сюды прыяжджаюць замежныя дыпляматы, іх сустракае кіраўніцтва Івацэвіцкага райвыканкаму ды прадстаўнікі Берасьцейскага аблвыканкаму. З розных гарадоў Беларусі зьяжджаюцца прадстаўнікі грамадзкасьці. Пасьля ўскладаньня кветак да валуна з рэльефам Касьцюшкі прысутныя ідуць на экскурсію ў сядзібу, а дыпляматы дораць музэю экспанаты, зьвязаныя з эпохай Касьцюшкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG