Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы на ваенным становішчы», — у Брусэлі паўсюль вайскоўцы, не працуе грамадзкі транспарт, жыхарам ня раяць выходзіць на вуліцы — сьведчаньні відавочцаў


Адразу пасьля тэрактаў у Брусэлі перастаў функцыянаваць грамадзкі транспарт. Эвакуаваныя многія грамадзкія будынкі, а жыхарам раяць не выходзіць на вуліцу без патрэбы, паведамілі Свабодзе відавочцы.

«Мы на ваенным становішчы», — паведаміў Свабодзе Валянцін — беларус, які вучыцца ў Бэльгіі.

Раніцай ён быў яшчэ ў Брусэлі, адкуль выехаў у суседні Гент. Цяпер усе сувязі з Брусэлем спыненыя, туды ня ходзяць цягнікі, прыпынены рух усяго грамадзкага транспарту ў самім горадзе.

«Там эвакуавалі нават унівэрсытэты, супраць якіх таксама плянаваліся атакі, — сказаў Валянцін. — Паўсюль паліцыя й вайскоўцы на вуліцах».

Па ягоных словах, падвышаныя меры бясьпекі былі тут уведзеныя яшчэ пасьля лістападаўскіх тэрактаў у Парыжы. А цяпер паўсюль вайскоўцы, і гэта выглядае як самае сапраўднае ваеннае становішча.

«Мы ўжо даўно жывем пры ваенным становішчы. Зь вясны, відаць. Цяпер яшчэ Салам арыштавалі. Усе вельмі напалоханыя, але пры гэтым спакойна рэагуюць. Робяць усё, як кажуць улады».

Свабода таксама зьвязалася зь дзяўчынай, якая знаходзіцца ў будынку побач з Эўрапарлямэнтам. Тут, па яе словах, ахоўнікі з аўтаматамі былі яшчэ да выбухаў. Вайскоўцы на вуліцах былі яшчэ ўчора.

А сёньня раніцай пасьля тэрактаў у аэрапорце на вуліцах зьявілася шмат вайсковых машын. Пасьля выбуху ў мэтро будынак унівэрсытэту закрылі, і ўсярэдзіну нікога не пускаюць.

«З вокнаў унівэрсытэту відаць, што на вуліцах мала людзей, — кажа Людміла. — Усім рэкамэндавалі заставацца ў памяшканьнях».

Яна дадае, што меры бясьпекі ў Бэльгіі не такія суворыя, як былі ў Францыі пасьля тэрактаў. Яна была ў Парыжы празь некалькі тыдняў пасьля выбухаў, і там правяралі торбы на ўваходах у молы й гатэлі. У Брусэлі нават пасьля сёньняшніх выбухаў у аэрапорце й мэтро такіх праверак не было.

Тэракты ў Брусэлі. 10 фота

XS
SM
MD
LG