Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы кандыдатаў ня ведаем, праграмаў не чыталі», — выбарнікі ў Горадні


Найбольшае ўражаньне ў дзень галасаваньня ў Горадні — малая колькасьць выбарнікаў і на ўчастках, і ў буфэтах.

Ні галасаваць, ні купляць няма каму

Карэспандэнт Свабоды наведаў каля 10 выбарчых участкаў у занёманскіх мікрараёнах Горадні з 11.00 да 14.00. Звычайна гэта час, калі ідуць галасаваць найбольш масава. Але сёньня там і на выбарчых участках, і ў буфэтах былі адзінкі.

Ва ўсіх старшынь выбарчых участкаў цікавіўся, чаму так мала выбарцаў. І амаль паўсюль атрымліваю адзін і той самы адказ — вось перад вашым прыходам быў наплыў, а цяпер нешта заціхла. На пратаколах папярэдняга галасаваньня таксама розныя лічбы — ад трохсот і амаль да тысячы чалавек. У сярэднім на ўчастку трохі болей за паўтары тысячы чалавек.

У буфэце адна з прадавачак махнула на маё пытаньне рукой: маўляў, столькі ўсяго навезьлі, а купляць няма каму.

Людзі хочуць лепшага жыцьця

Цікаўлюся ў спадара перадпэнсійнага ўзросту — чаго чакае ад выбараў, за што аддаваў свой голас? Напачатку той ня хоча гаварыць, але потым нешта ў ім абуджаецца.

— Лепшага жыцьця хочацца, каб разьвіваліся, каб наперад ішлі. Галасаваў за таго чалавека, які абяцаў нам лепшае жыцьцё і што ўсё будзе ціха і спакойна.

А вось жанчына перадпэнсійнага веку адразу пагадзілася адказваць і кажа, што прыйшла сюды дзеля таго, каб лепш жылося:

— Асабліва хочацца, каб заробак быў большы. Усе кандыдаты абяцалі падняць заробак.

— А вам, напэўна, і папярэднія дэпутаты нешта абяцалі. Ці збылося нешта?

— Не, нічога не збылося. Але мы ж больш нічога зрабіць ня можам, таму застаецца верыць у тое, што, можа, хоць нехта не падмане. Больш нічога не пытайцеся ў мяне, вы і самі ўсё разумееце.

Яшчэ адна спадарыня перадпэнсійнага веку кажа таксама, што ад дэпутатаў будучых чакае падвышэньня заробкаў — маўляў, каб ня так, як цяпер, даводзілася цягнуць лямку. Яна, дарэчы, таксама зьдзіўленая, што сёньня так мала выбарцаў на ўчастку.

— Многія ўжо ня вераць дэпутатам, таму, думаю, і галасаваць не ідуць. Мы колькі ўжо хадзілі на гэтыя выбары, а да лепшага нічога не зьмяняецца.

На выбарчых участках нешматлюдна

На выбарчых участках нешматлюдна

Галасуюць наўздагад

Спадар перадпэнсійнага веку ўразіў сваім адказам, хоць ён таксама спадзяецца на лепшыя зьмены ў грамадзтве пасьля выбараў.

— Ні з папярэднімі дэпутатамі, ні зь цяперашнімі кандыдатамі я не сустракаўся, нават ня бачыў іх ніводнага разу. Проста прыйшоў наўздагад, паглядзеў, што мужык майго ўзросту ўжо павінен у жыцьці нешта кеміць, і прагаласаваў за яго. Ніякіх праграмаў я іх не чытаў. Выйшаў у краму, думаў — зайду сюды, разам з мужыкамі па сотцы выпʼю, а тут нават у буфэце нікога няма.

А вось малады чалавек зь дзяўчынай кажа, што прыйшоў адмыслова, каб прагаласаваць супраць усіх. Ён сам паводле адукацыі юрыст, і яго вельмі дзівіць, што сярод шасьці кандыдатаў няма чалавека з такой адукацыяй.

— Я вельмі добра ўяўляю, што будучы дэпутат будзе прадстаўляць у тым ліку і мае інтарэсы ў парлямэнце — там, дзе прымаюцца законы, паводле якіх потым жыве грамадзтва. Я паглядзеў біяграфіі кандыдатаў, і гэтага дастаткова, каб не аддаваць ні за кога свой голас. Я ўжо не кажу пра тое, што падчас выбарчай кампаніі ніводзін зь іх не дайшоў да мяне, я іх ня бачыў і ня чуў.

— Але ж вы маглі наагул не прыходзіць на выбары?...

— Не, я адмыслова прагаласаваў супраць усіх, каб падкрэсьліць сваю пазыцыю. Выбары — гэта не забава і ня нечае прыватнае прадпрыемства, і гэта павінны добра разумець усе выбарцы. Вы ўяўляеце, што я і папярэдніх дэпутатаў ня ведаў і ня бачыў ні разу, а яны, у тым ліку і ад майго імя, за нешта там у парлямэнце галасавалі. Мы самі ня ведаем, хто прыходзіць да ўлады і якім чынам. Так ужо не павінна быць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG