Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС настойвае на высылцы Танкачовай


Алена Танкачова

Алена Танкачова

У аддзеле па грамадзянстве і міграцыі ГУУС Менгарвыканаму праваабаронцы Алене Танкачовай паведамілі вынікі разгляду яе скаргі: рашэньне пра высылку зь Беларусі застаецца ў сіле.

У аддзеле па грамадзянстве і міграцыі ГУУС Менгарвыканаму праваабаронцы Алене Танкачовай паведамілі вынікі разгляду яе скаргі: рашэньне пра высылку зь Беларусі застаецца ў сіле.

«Гэта азначае, што асноўная стадыя разгляду ўнутры сыстэмы МУС вычарпаная. МУС не палічыў неабходным унесьці карэкціроўкі ў раней прынятыя рашэньні» — сказала карэспандэнту Свабоды Алена Танкачова. Праваабаронца дадае, што ані падача скаргі, ані звароты грамадзянаў і грамадзкіх арганізацыяў плёну не далі і аніяк не паўплывалі на рашэньне.

Алена паведаміла, што цяпер рыхтуе скаргу ў суд і плянуе падаць яе да канца году. Пасьля гэтага ўлады павінны працягнуць на час разгляду скаргі дазвол на знаходжаньне Алены Танкачовай у Беларусі.

«Магчымасьць, якая была — урэгуляваць гэтае пытаньне ў рамках перагляду рашэньня ў сыстэме МУС — ня выкарыстана. Яны маглі ўнесьці карэкціроўкі, маглі ўлічыць усе прадстаўленыя аргумэнты, але яны гэтага не зрабілі», — сказала Алена Танкачова.

Першамайскі РУУС Менску працягнуў старшыні праўленьня Цэнтру прававой трансфармацыі Алене Танкачовай тэрмін рэгістрацыі на знаходжаньне ў Беларусі на адзін месяц. Гэта было зьвязана з тым, што Алена абскардзіла прынятае рашэньне аб сваёй высылцы ў Галоўным ўпраўленьні ўнутраных спраў Менгарвыканкаму.

Паводле рашэньня, якое вынесла адміністрацыя Першамайскага раёну Менску, 30 лістапада праваабаронца мусіла пакінуць Беларусь бяз права ўезду на працягу трох гадоў.

30 кастрычніка старшыні праўленьня Цэнтру прававой трансфармацыі Алене Танкачовай паведамілі пра ануляваньне дазволу на сталае жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь. Тады ж стала вядома, што ў дачыненьні яе распачатая працэдура высылкі. 5 лістапада ўпраўленьне ўнутраных спраў адміністрацыі Першамайскага раёну Менску прыняло рашэньне аб высылцы Алены Танкачовай зь Беларусі «ў інтарэсах грамадзкага парадку». Фармальнай прычынай такога захаду адміністрацыя Першамайскага раёну называе парушэньне правілаў дарожнага руху.

Рашэньне прадугледжвае забарону на ўезд у Беларусь на працягу трох гадоў. Згодна з рашэньнем Першамайскага РУУС, Алена Танкачова павінна была пакінуць Беларусь на працягу 30 дзён.

XS
SM
MD
LG