Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэса мусульманскага сьвету: Асуджэньне нападнікаў на Charlie Hebdo і крытыка забітых


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

СМІ мусульманскага сьвету зьмяшчаюць шырокі спэктар рэакцый на забойства 12 чалавек у памяшканьні сатырычнага часопіса Charlie Hebdo ў Парыжы.

У Іране як кансэрватыўныя, гэтак і рэфармісцкія выданьні падверглі крытыцы Charlie Hebdo за публікацыю карыкатур на прарока Мухамада, і выказалі сумнеў у тым, ці ёсьць такая публікацыя праявай прынцыпу свабоды слова.

Кансэрватыўная газэта «Рэсалат» піша, што напад быў вынікам падтрымкі анты-ісламскіх СМІ. «Павышэньне актыўнасьці экстрэмісцкіх і анты-ісламскіх груп і сродкаў масавай інфармацыі (да якіх належаў і Charlie Hebdo прывяло да цяперашняй катастрофы бясьпекі ў Эўропе», — сьцьвярджаецца ў рэдакцыйным артыкуле.

Рэфармісцкі штотыднёвік «Шарк» таксама скрытыкаваў францускі сатырычны часопіс за публікацыю карыкатуры на Мухамада. «Гэта непрымальна, што прэзыдэнт Францыі абараняе свабоду слова ў сваёй прамове пасьля нападаў», піша штотыднёвік. «Гэты папулярны часопіс апублікаваў абразьлівую выяву прарока ісламу». «Шарк» мяркуе, што «перагляд адносін з памяркоўнымі ісламскімі краінамі, такімі як Іран, якія знаходзяцца ў канфрантацыі з экстрэмізмам (маецца на ўвазе арганізацыя „Ісламская дзяржава“ — рэд.) пад імем ісламу, можа прывесьці да паразуменьня і ліквідацыі атмасфэры гвалту».

Турэцкая прэса шырока паведамляе пра трагедыю ў Парыжы. Камэнтатары таксама адзіныя ў асуджэньні публікацыі карыкатураў, але танальнасьць выказваньняў крыху адрозьніваецца ад танальнасьці іранскай прэсы.

Аглядальнік Milli Gazete піша: «Першае, што трэба зрабіць цяпер, гэта асудзіць гвалт. Але галоўнае пытаньне палягае ў барацьбе зь ім, каб не дапусьціць спадзяваньняў выключна на ваенныя рашэньні».

Пан-арабская газэта Al-Hayat рэзка асудзіла напад у Парыжы. Яе загаловак сьцьвярджае, што «тэрарысты патапілі сэрцы Парыжу ў халоднай крыві».

А вось эгіпецкая Shorouk News ускладае віну за напад на сам штотыднёвік Charlie Hebdo. У газэтным загалоўку сказана, што «гісторыя абразы прарока скончылася ў агні».

У прэсе краінаў Цэнтральнай Азіі рэакцыя ў асноўным адлюстроўвае афіцыйныя заявы, якія асуджаюць трагедыю і канстатуюць, што тэрарызм зьяўляецца глябальнай праблемай.

У Казахстане шэраг СМІ паведамілі, што каля 30 казахстанскіх журналістаў ўсклалі кветкі да кансуляту Францыі ў Алматы, каб ушанаваць памяць ахвяраў нападу ў Парыжы. «Мне здаецца, што гэта нармальная рэакцыя журналістаў — падтрымаць калегаў», — сказала журналістка Маржан Элшыбаева ў інтэрвію парталу Tengrinews.

У Азэрбайджане праўрадавая прэса друкуе афіцыйны ліст прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева свайму французскаму калегу Франсуа Алянду. Аліеў адзначыў, што Азэрбайджан «глыбока абураны гэтай жудаснай падзеяй і рашуча падтрымлівае рашучую барацьбу супраць усіх формаў тэрарызму».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG