Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларуская забаўка MSQRD ператварае людзей у ды Капрыё і Сталіна — і скарае сьвет


Праграма беларусаў атрымала мільён даляраў інвэстыцыяў і пабывала ў шоў Джымі Кімэла. А беларуская дзяржаўная прэса паверыла, што яе купіў Apple.

Мабільная праграма MSQRD («Маскарад») становіцца самай папулярнай для iPhone i iPad у розных краінах сьвету, у ЗША яна значыцца ў топе праграмаў App Store. Нядаўна бэта-вэрсія выйшла і для Android. Посьпех беларускай забаўкі даволі хуткі — яна была распрацаваная толькі ў лістападзе.

Напісаць за 48 гадзін

Каманда Masquerade, як прыгадвалі ейныя заснавальнікі Сяргей Ганчар і Яўген Зацяпякін, займалася тэхналёгіямі распазнаваньня твараў ад 2010 году. Штуршком для распрацоўкі ўласнай забаўкі стала тое, што праграму адэскіх распрацоўшчыкаў Looksery, якая мяняе твары падобным чынам, за 150 млн даляраў набыў адзін з самых папулярных мэсэнджэраў у сьвеце, Snapchat.

MSQRD была створаная падчас хакатону Garage48 Minsk у лістападзе 2015 году. Хакатон — гэткі таварыскі чэмпіянат для распрацоўшчыкаў, калі ў адным месцы зьбіраюцца некалькі камандаў, якія за кароткі час ствараюць праграмны прадукт. Той хакатон доўжыўся ўсяго 48 гадзін, і ў выніку яго каманда Masquerade змагла стварыць праграму па дынамічным накладаньні вусоў на відэа карыстальніка.

Стаць Сталіным, ды Капрыё ці Гары Потэрам

Бліжэй да сьнежня MSQRD навучылася накладаць ня толькі вусы, а і цэлыя твары. Праграма адсочвае ключавыя пункты на відэа карыстальніка — нос, вусны, вочы, вушы і гэтак далей — і суадносіць іх з ключавымі пунктамі на загадзя падрыхтаванай масцы. Пазнавальнымі застаюцца рысы і карыстальніка, і маскі, то бок можна адгадаць, што пад грымам Джокера хаваецца ваш сябра.

Bloomberg зьвязвае посьпех MSQRD з маскай актора Леанарда ды Капрыё — маўляў, якраз перад тым, як Леа атрымаў доўгачаканы «Оскар», праграма выбілася ў амэрыканскі топ. Распрацоўшчыкі ж зьвязваюць посьпех MSQRD найперш з хуткасьцю і лёгкасьцю праграмы, якая не тармозіць нават на старых iPhone.

Самі адшукалі

Спачатку распрацоўшчыкі не зьбіраліся запускаць праграму па ўсім сьвеце, а арыентаваліся на запуск толькі па Расеі. Але і бяз значных укладаньняў у маркетынг праграма стала набіраць карыстальнікаў па ўсім сьвеце. Спачатку яна «стрэліла» ў Расеі, дзе ёй скарысталіся расейскія тэлезоркі Міхаіл Галусьцян, Гарык Харламаў і Алег Газманаў.

Але нечакана для саміх распрацоўшчыкаў выкарыстаньнем MSQRD пахваліўся франтмэн гурту Scooter Эйч Пі Бакстэр, затым праграма двойчы зьявілася ў папулярным амэрыканскім шоў Джымі Кімэла. Цяпер праграму запампавала больш за 10 мільёнаў чалавек — і колькасьць загрузак пастаянна расьце.

12 чалавек зь мільёнам

Праграма распрацаваная даволі невялікай камандай з 12 чалавек, большасьць зь іх працуе ў Беларусі. Пэўны час каманда нават ня мела Android-распрацоўшчыка, таму Android-вэрсія запазьнілася. Што праўда, цяпер каманда мае добрую падтрымку — у якасьці мэнтара выступіў вядомы беларускі бізнэсовец Юры Гурскі, віцэ-прэзыдэнт расейскай Mail.Ru Group.

З інвэстыцыямі праблемаў няма — у канцы лютага каманда пахвалілася інвэстыцыямі ў «суму з шасьцю нулямі» пры ацэнцы кампаніі ў «дзясяткі мільёнаў». Беларускае дзяржаўнае інфармагенцтва БЕЛТА нават паверыла ў жарт пра тое, што Apple купляе беларускую праграму за 117 млн даляраў, і апублікавала навіну, якую неўзабаве выдаліла са свайго сайта. Навіна і праўда выглядала рэалістычна на фоне куплі аналягаў за мільёны даляраў. Але беларускія ІТ-бізнэсоўцы пакуль ацэньваюць MSQRD у 10–20 млн даляраў — хіба праз год і пры адчувальным росьце цана праграмы можа вырасьці да сотні мільёнаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG