Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жлобіне «адрэзалі» ад гораду цэлы мікрараён з прыватнымі навабудамі


Яшчэ да рэспубліканскіх «Дажынак», якія праходзілі ў Жлобіне ў 2013 годзе, мясцовыя ўлады вызначылі мікрараён індывідуальнай забудовы «Заходні». Заказчыкам выступіла дзяржаўнае прадпрыемства «УКБ Жлобінскага раёну», праекціроўшчык — інстытут «Гомельграмадзянпраект». Нарэзалі звыш васьмісот участкаў. Шмат хто з гараджанаў пасьпеў пабудаваць дамы, іншыя толькі заклалі падмуркі. І нечакана для тутэйшых забудоўшчыкаў мікрараён аказаўся цалкам адрэзаны ад гораду.

Грошы на дарогу пайшлі на Дажынкі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:45 0:00

Мікрараён «Заходні» месьціцца ў своеасаблівым чатырохкутніку, можна сказаць, капкане: з усходу і поўдня ён аточаны чыгункай, з захаду і поўначы абмежаваны трасамі Р149 і М5. Пакуль не рэканструявалі хуткасную магістраль М5 Гомель — Менск, з цэнтру Жлобіна ў мікрараён «Заходні» індывідуальныя забудоўшчыкі маглі спакойна заехаць праз адмысловы пераезд на чыгунцы, што вядзе ў бок Рагачова. Аднак у зьвязку з рэканструкцыяй хуткаснай магістралі пераезд закрылі, перакінуўшы праз чыгунку адмысловы шасэйны мост.

Жлобінскія забудоўшчыкі
Жлобінскія забудоўшчыкі

Да апошняга часу ў тутэйшых жыхароў заставаўся адзін «пералаз» да сваіх будоўляў — неўладкаваная дарога пад чыгуначным мостам.

«Літаральна два тыдні таму й гэты праезд загарадзілі бэтоннымі блёкамі, — апавядае гараджанін Дзьмітры, які мае ўчастак для індывідуальнай забудовы ў мікрараёне „Заходні“. — Цяпер, каб трапіць у наш мікрараён з грузам ці проста на легкавіку, трэба даваць круг каля дзясятка кілямэтраў — ехаць па магістралі на разьвязку блізу вёскі Беліца».

Дарога жыцьця
Дарога жыцьця

Суразмоўца паказвае мост пад чыгункай, які да апошняга часу зьвязваў мікрараён з горадам. Некалі гэта быў нібыта мост праз рачулку, якая даўно перасохла. Мост такіх самых памераў, як сьцьвярджаюць гараджане, ёсьць у суседнім Рагачове. Дарога пад ім уладкаваная — і людзі ня маюць праблемаў зь пераездам.

«Я зьвязваўся з галоўнай управай Беларускай чыгункі ў Менску, — тлумачыць Дзьмітры. — Там ня супраць упарадкаваньня й нашага пераезду. Мясцовая ўлада, аднак, мусіць у такім разе афіцыйна вызначыць, што гэты геаграфічны пункт зьяўляецца дарогай, расставіць адпаведныя дарожныя знакі, прыладзіць рамку абмежаваньня вышыні — і людзі змогуць карыстацца пераездам. Мы як забудоўшчыкі мікрараёну згодныя нават за свае сродкі ўпарадкаваць гэтую дарогу, зрабіць патрэбную падсыпку. Але мясцовыя чыноўнікі ня хочуць заняцца нават гэтым. Усё адпісваюцца ды аднекваюцца: «Потым, потым». Старшыня райвыканкаму Іван Навуменка на адным з прыёмаў заявіў нам гэтак: «Навошта вы тут наагул дамы будавалі? Будавалі б лепей кватэры — і хадзілі б сабе, паплёўваючы семкамі».

Пашпарт мікрараёну «Заходні»
Пашпарт мікрараёну «Заходні»

Да заблякаванага праезду пад чыгункай пад’яжджае яшчэ з паўдзясятка індывідуальных забудоўшчыкаў.

Забудоўшчык Мікалай: «Гэта стратэгічны шлях для нас, гараджан — тых, хто вырашыў тут пабудаваць сабе хаты. У нас жа нібыта курс у дзяржаве на эканомію. А калі няма праезду наўпрост, то трэба дабірацца кружным шляхам. Растуць транспартныя выдаткі, будаўніцтва замаруджваецца. І чалавек зноў трапляе пад санкцыі: рызыкуе атрымаць штраф ад уладаў альбо наагул пазбавіцца зямельнага ўчастку для забудовы, бо не пасьпеў за тры гады аблаштаваць сядзібу».

Гараджане распавядаюць, што кіроўцы грузавых машын часам адмаўляюцца везьці будаўнічыя матэрыялы ў «Заходні», бо, выяжджаючы на аўтамагістраль, мусяць двойчы (туды й назад) перасякаць электронныя рэгістратары BelToll — сыстэмы збору платы за праезд.

Індывідуальныя забудоўшчыкі згадваюць таксама, што калі ім прапаноўвалі пагаджацца на ўчасткі ў мікрараёне «Заходні», то чыноўнікі паказвалі генплян з дужа вясёлкавымі пэрспэктывамі. У мікрараёне, маўляў, будуць дзьве школы, два дзіцячыя садкі, кавярня, пошта, сквэры, пляцоўка для выгулу сабак і нават штучныя азёры з катамаранамі.

Мікрараён «Заходні»
Мікрараён «Заходні»

Насамрэч жа выйшла зусім іншае: у мікрараён ужо каторы год ня могуць нават падаць электрычнасьць, ня кажучы ўжо пра газ, цэнтралізаваны вадавод і добрыя дарогі. Ад вясёлкавай пэрспэктывы рэальнымі застаюцца хіба толькі паэтычныя назвы вуліц, нібы сьпісаныя зь песьні вядомага расейскага сьпевака: Абрыкосавая, Вінаградная, Ранішняя.

«Калі ў 2013-м у Жлобіне праходзілі рэспубліканскія „Дажынкі“, — апавядаюць гараджане, — то адзін з тагачасных намесьнікаў старшыні райвыканкаму патрабаваў, каб мы зьнесьці часовыя збудаваньні — схованкі для інструмэнтаў, будматэрыялаў. Матываваў гэта тым, што нашы будкі псуюць зьнешні выгляд мікрараёну. Урэшце нас адгарадзілі ад магістралі часовым высокім плотам, які пазьней зьнялі».

Прыватныя забудоўшчыкі, заціснутыя са сваімі сядзібамі паміж чыгункаю і шасэйнымі магістралямі, грукаюцца ў розныя інстанцыі — Камітэт дзяржкантролю, Гомельскі аблвыканкам. Дапытваюцца: як жа можна праектаваць у горадзе новы мікрараён, каб у ім не было нармальнай транспартнай сувязі з горадам?

Мікрараён «Заходні»
Мікрараён «Заходні»

«Нядаўна напісалі нават ліст у Адміністрацыю прэзыдэнта на імя кіраўніка дзяржавы. Рэакцыі ад яго пакуль няма. З Гомеля нам адказваюць тое самае, што і мясцовыя ўлады: сродкаў на будоўлю альтэрнатыўнай дарогі ў бюджэце няма — чакайце, маўляў, калі будуць. А калі яны будуць, аднаму Богу вядома. Калі, канечне, вядома», — падсумоўвае забудоўшчык Дзьмітры.

Пакуль гутарым з заклапочанымі гараджанамі, пад чыгуначным мостам праяжджаюць, віляючы паміж бэтоннымі блёкамі, дзьве фурманкі цыганоў. Прынамсі адна з цыганскіх сем’яў парадкуе сваю сядзібу ў мікрараёне «Заходні» — і ці ня тая гэта сям’я, якая да «Дажынак» жыла паблізу вёскі Лебядзёўка, але была сагнана з наседжанага месца ўладамі? Цыганскія хаты былі пастаўленыя там самавольна і нібыта таксама псавалі мясцовыя краявіды.

Сьледам на міні-трактары вязе трубы на будоўлю сталага веку мужчына, які назваўся Браніславам. Ні фурманкі, ні міні-трактары на магістраль не дапускаюцца, і Браніслаў, выціскаючы ўсё магчымае са сваёй малой тэхнікі, узьбіраецца ад пераезда на гравейку, што вядзе да мікрараёну «Заходні».

Платная траса Менск — Гомель
Платная траса Менск — Гомель

«Па трасе не паедзеш — нельга. А будавацца неяк трэба. Вось і шукаем праходы, праезды. Нядаўна вёз чалавек фурманкай дошкі, зачапіўся пад мостам за тыя блёкі, што паклалі ўпоперак дарогі. Конь ня цягне. Разгрузіў фурманку і сам цягаў тыя дошкі на сьпіне да гравейкі. Я яму нават дапамагаў. Гэта як забойства. Участкі пад будоўлю прапануюць, а жыць не даюць. Гэта натуральны зьдзек, я так лічу, — кажа Браніслаў.

Пэнсіянэр торгае шнур старцёра — міні-тэхніка ажывае і паўзе ў напрамку мікрараёну індывідуальных забудоўшчыкаў, бесьперапынна пыхкаючы рухавічком.

Звароты гараджанаў у інстанцыі пра неўладкаваны мікрараён «Заходні», дзе паводле рашэньня Жлобінскага райвыканкаму гараджанам прызначана паляпшаць свае жыльлёвыя ўмовы, нарэшце змусілі той жа райвыканкам зьвярнуць увагу на ім жа створаны гарадзкі «хутар». Намесьнік старшыні райвыканкаму ў пытаньнях будаўніцтва Андрэй Бараноўскі 6 траўня патлумачыў карэспандэнту БелаПАН:

«Паколькі ёсьць калектыўны зварот, то на будучым тыдні ў мікрараён выяжджае камісія. Будзем разьбірацца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG