Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Можа, і няма мне дараваньня...» — бабруйскага актора асудзілі на 18 гадоў «за наркотыкі»


Глеб Багаеўскі

Глеб Багаеўскі

«Ён стаміўся ад наркотыкаў ды свайго ладу жыцьця. Ён хацеў зьмяніць яго і толькі наважыўся расправіць крылы, як іх абрэзалі», — актора Глеба Багаеўскага асудзілі на 18 гадоў калёніяў.

40-гадовага актора тэатру і кіно прызналі вінаватым адразу па некалькіх абвінавачаньнях — незаконны выраб наркотыкаў з мэтай іх збыту; утрыманьне наркапрытону; схіленьне да ўжываньня наркотыкаў; крадзеж, зьнішчэньне, пашкоджаньне ці ўкрыцьцё дакумэнтаў. Справу Ленінскі суд Магілёва разглядаў на закрытым працэсе.

Абвінавачаны выступіў супраць такога разгляду, але ягонае хадайніцтва было адхіленае.

Родныя і сябры кажуць, што доказы віны Глеба сумнеўныя, і дамагаюцца перагляду справы. Паводле іх, у якасьці злачынцы прадставілі актора, каб зрабіць працэс супраць яго як мага гучнейшым. Грамадзкую думку рыхтавалі, кажуць яны, да абвінаваўчага выраку.

На момант арышту Глеб выбавіўся ад сваёй залежнасьці ад наркотыкаў і зьбіраўся ажаніцца, каб пачаць жыць наноў.

Днямі Магілёўскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу на вырак раённага суду.

Разгляд апэляцыйных скаргаў у абласным судзе — канвэер. У невялікай залі судовых пасяджэньняў зьбіраюцца тыя, хто спадзяваўся на скасаваньне выракаў, вынесеных раённымі судамі, альбо на зьмякчэньне прысуду сваім зьняволеным родзічам. З такім жа спадзевам у Магілёў прыехалі маці асуджанага актора Антаніна Бендава і сяброўка яе сына, харэограф з Магілёўскага абласнога тэатру імя Дуніна-Марцінкевіча Вольга Саманава. Вольгу прызналі пацярпелай па справе Глеба Багаеўскага. Яна верыць у невінаватасьць сябра і змагаецца за яго вызваленьне.

Сяброўка актора: справу супраць Багаеўскага сфабрыкавалі

«Азнаёміўшыся з пратаколам судовага пасяджэньня, я з упэўненасьцю магу сьцьвярджаць, што крымінальная справа супраць Багаеўскага сфабрыкаваная, — настойвае ў апэляцыйнай скарзе Вольга. — Фальсыфікацыя адбылася ў ходзе сьледзтва, але не падчас суду. Суд выявіў факты, якія даводзяць невінаватасьць Багаеўскага. Аднак у пратаколе судовага пасяджэньня яны або не зафіксаваныя, або скажоныя да непазнавальнасьці на карысьць абвінавачаньня».

Вольга Саманава

Вольга Саманава

Вольга ў скарзе намагаецца давесьці абласному суду, што выкрыты ў рэчах Багаеўскага амфэтамін загадзя яму падкінулі, каб былі падставы для крымінальнай справы. Яна падае храналёгію апошніх сутак перад затрыманьнем Глеба. Спрабуе даказаць, што ён ня мог вырабіць псыхатропнае рэчыва напярэдадні затрыманьня, і дапускае, што яму яго падкінулі.

Будынак абласнога суду

Будынак абласнога суду

Зручная ахвяра для гучнай справы

«Суд зрабілі закрытым, каб фальсыфікаваць факты ды сказіць паказаньні ўдзельнікаў працэсу, — кажа Вольга Саманава. — Глеб прасіў, каб закрыты працэс быў зроблены для той часткі, дзе разглядалі выраб рэчыва, аднак да ягонай пазыцыі не прыслухалася судзьдзя».

«У пратаколах не зафіксаваныя цэлыя блёкі судовых пасяджэньняў», — настойвае Вольга.

«Я думаю, калі б Глеб быў на працэсе адзін, то нічога выправіць ня выйшла б. А так мы будзем змагацца да канца. Я бачыла, як праходзіў працэс, і вырак мяне шакаваў. Я перакананая: віна Глеба не даказаная. Яго трэба было вызваляць і выбачацца перад ім».

На яе думку, Глеб стаў зручнай ахвярай для гучнай справы.

Вольга Саманава: «Я перакананая: віна Глеба не даказаная»

Вольга Саманава: «Я перакананая: віна Глеба не даказаная»

«Па тэлебачаньні паказвалі вобшук кватэры, дзе ён жыў. Падтэкст гэтага сюжэту быў такі: „Глядзіце, у тэатры працуе наркаман, які арганізаваў наркалябараторыю і прытон“. Гэтак фармавалі грамадзкую думку. Калі Антаніна Ўладзімераўна пабачыла гэтую перадачу, то яе ледзьве не хапіў удар. Падчас вобшуку ў кватэры апэратыўнікі рабілі ўсё што хацелі. Іх было сем чалавек, а яна адна», — кажа Вольга.

«Калі прыйшлі з вобшукам, то кватэру рамантавалі, а апэратыўнікам рамонтны вэрхал быў зручны, каб заявіць, што ў ёй прытон, — дадае Антаніна Ўладзімераўна. — За кожным апэратыўнікам не было як упільнаваць. Яны ведалі, што шукалі, і тое знайшлі».

У пратаколе судовага разбору, заўважае Вольга, не было згадак, што апэратыўнікі вялі відэафіксацыю ператрусу. Паводле яе, сюжэт на тэлебачаньні ў праграме «Экстрим среда» выйшаў да суду, а ў ім былі скарыстаныя апэратыўныя здымкі.

Антаніна Бендава — маці Глеба Багаеўскага

Антаніна Бендава — маці Глеба Багаеўскага

«Сюжэт выйшаў 16 сакавіка, а суд пачаўся 27 красавіка. З інтэрнэту сюжэт прыбралі, як толькі мы пачалі настойваць, каб яго далучылі да справы».

«Глеб не прымае гэтага прысуду і працягвае змагацца, — кажа пра пазыцыю сябра Вольга. — У турме яму цяжка, бо ён не вінаваты. Глеб настроены на барацьбу. Ён верыць, што выйдзе значна раней, чым праз 18 год. На ягоную думку, або ў краіне адбудуцца зьмены, альбо мы даможамся перагляду выраку».

«Калі чалавеку даюць 18 гадоў, павінны быць неабвержныя доказы ягонай віны, — дадае Вольга. — Безумоўных жа доказаў няма».

У адным са сваіх лістоў Глеб напісаў: пасьля азнаямленьня з пратаколам судовага пасяджэньня ў яго процьма пытаньняў.

Фрагмэнт ліста Глеба Багаеўскага: «Працягну на судзьдзю скардзіцца. Настроіўся на гэтую хвалю»

Фрагмэнт ліста Глеба Багаеўскага: «Працягну на судзьдзю скардзіцца. Настроіўся на гэтую хвалю»

«Іх там столькі! Неадпаведнасьці! — піша сваім родным асуджаны. — Я шакаваны. І гэта ня проста неадпаведнасьці, а натуральна — фальсыфікацыі. Шмат чаго скажона. Прашу азнаёміцца са справаю, а мне адказваюць: у пратаколе ўсё адлюстравана».

«Працягну на судзьдзю скардзіцца. Настроіўся на гэтую хвалю», — дадае пры канцы ліста Глеб Багаеўскі.

Маці: я плакала, калі сын пайшоў у акторы

У Глебавым пакоі бацькоўскай кватэры вялікая бібліятэка. Шмат фатаздымкаў родзічаў. Антаніна Ўладзімераўна ў мінулым сама акторка. Тата Глеба, Юры Багаеўскі, таксама выступаў на тэатральнай сцэне.

«Я дужа плакала, калі Глеб паступіў у тэатральны. Муж супакойваў: „А можа, гэта гены?“ І сапраўды — хто ведае? Глеб — добры камэдыйны актор. Я сама ў гэтым пераканалася, бо бачыла пастаноўкі зь ягоным удзелам», — кажа Антаніна Ўладзімераўна, паказваючы Глебаў пакой.

Паводле Антаніны Бендавай, на пачатку 1990-х гадоў Глеб паступіў быў вучыцца ў Менскі радыётэхнічны інстытут. Жыў у інтэрнаце. Там, дапускае яна, сын і «падсеў» на наркотыкі.

Глеб Багаеўскі на інстытуцкім пасьведчаньні

Глеб Багаеўскі на інстытуцкім пасьведчаньні

«У 1993 годзе выжывалі хто як мог. Інтэрнат ня спаў круглыя суткі. У ім усё можна было купіць. Прадавалі і наркотыкі. Іх ахвотныя набывалі ў замежнікаў, жыхароў Сярэдняй Азіі. Яны казалі: навошта алькаголь, наркотык ужыў — і назаўтра галава не баліць. Гэта, відаць, было пераканаўча, і наркотыкі куплялі. Але ніхто не дапускаў думкі, што яны будуць патрэбныя кожны дзень».

Інстытут Глеб ня скончыў, а неўзабаве пайшоў у акторы.

Таленавіты актор, імпульсіўны і непрадказальны чалавек

«Глеб — чалавек з дужа складаным жыцьцём. Аднак тое, што пра яго цяпер кажуць, няпраўда. Ён таленавіты актор. І, магчыма, гэты талент не даваў яму спакойна жыць», — ахарактарызавала Багаеўскага ягоная калега з тэатру, у якім ён працаваў.

Бабруйскі тэатар, у якім працаваў Багаеўскі

Бабруйскі тэатар, у якім працаваў Багаеўскі

«Глеб дужа стаміўся ад наркотыкаў, ад свайго ладу жыцьця, — казала яна. — Ён прагнуў пераменаў, хацеў зьмяніць сваё жыцьцё. Многія ўспрымалі яго як агрэсіўнага чалавека, але і гэта няпраўда. Ён дужа эмацыйны чалавек, як і любы актор. Нягледзячы на свой лад жыцьця, у яго былі ўстойлівыя прынцыпы. Ён не хаваў, што ўжывае наркотыкі, але быў супраць іх распаўсюду. Для яго гэта было табу».

«Мой дыплёмны спэктакль „Ноч Гельвэра“ быў пастаўлены зь ім», — кажа пра Багаеўскага актор Магілёўскага тэатру Ўладзімер Пятровіч.

«З гэтай пастаноўкай мы аб’ехалі нямала фэстываляў, і тое, што спэктакль выйшаў яркі і моцны, — заслуга і Глеба. Ён, безумоўна, чалавек таленавіты, імпульсіўны, як усе „рудыя“, і непрадказальны. Відаць, у гэтым ягоная бяда. Ён таленавіты актор і мог бы вырасьці ў моцнага творцу. Глеб вылучаўся непрадказальнасьцю ў сваіх дзеяньнях і рашэньнях, можна гэта назваць і прынцыповасьцю. Ён складаны чалавек».

Адна з узнагародаў за спэктакль «Ноч Гельвэра»

Адна з узнагародаў за спэктакль «Ноч Гельвэра»

«Пасьля першай ягонай адседкі мы зь ім сустракаліся, — працягвае Ўладзімер Пятровіч. — Гаварылі пра тое, каб аднавіць спэктакль. Я б з радасьцю на гэта пайшоў. Гаварылі, ці вернецца ён у прафэсію. Аднак вось так склалася ў яго...»

Пайшоў у міліцыю з прызнаньнем

Першае зьняволеньне ў Глеба Багаеўскага было таксама за наркотыкі. З васьмі прысуджаных гадоў ён адседзеў чатыры.

Пры канцы 2005 году, кажа Антаніна Ўладзімераўна, сын добраахвотна паведаміў міліцыі, што вынайшаў спосаб вырабляць амфэтамін у хатніх умовах. Глеб, казала ягоная маці, хацеў, каб праваахоўныя органы прадухілілі магчымасьць распаўсюду гэтага спосабу. Прызнаньне Глеба выслухалі, але дакумэнтаваць ня сталі. І меру стрыманьня тады не ўжылі.

Антаніна Бендава: «Прызнаньне скарысталі, каб пасадзіць сына»

Антаніна Бендава: «Прызнаньне скарысталі, каб пасадзіць сына»

Паводле Антаніны Ўладзімераўны, сын, не дачакаўшыся рэакцыі міліцыі, падаўся ў Расею працаваць. Пазьней яго затрымалі ў Санкт-Пецярбургу, і высьветлілася, што ён у вышуку. Паўгода Глеб адседзеў у сумнавядомых «Крестах», потым яго дэпартавалі на радзіму і асудзілі за выраб наркатычных рэчываў. У судзе факт таго, што Багаеўскі прыходзіў у міліцыю з заяваю, пацьвердзіўся, аднак зьмякчыць вырак не памог.

Многія знаёмцы, кажа Антаніна Ўладзіміраўна, былі перакананыя, што прызнаньне Глеба спрацавала супраць яго. «Прызнаньне скарысталі, каб пасадзіць сына», — плачучы казала жанчына.

Страх свабоды

Чатыры гады няволі, кажа Антаніна Ўладзімераўна, сыну даліся цяжка.

«У яго быў страх, як ён выйшаў на свабоду, — кажа яна. — Ён цалкам выпаў з жыцьця. Гарадзкая колеравая гама для яго была дужа яркая. У няволі ж зусім іншае жыцьцё, там іншыя інтарэсы. Я думаю, што ў калёніі яго адвадзілі ад наркотыкаў, але алькаголь тут жа замяніў іх. Наркотыкі для яго былі, хутчэй за ўсё, пошукам альтэрнатывы алькаголю».

Вырабленая ў калёніі Багаеўскім з хлеба ружа

Вырабленая ў калёніі Багаеўскім з хлеба ружа

«У калёнію, дзе сядзеў сын, прыяжджалі ягоныя калегі, — працягвае Антаніна Ўладзімераўна. — Адміністрацыя дазваляла яму сустракацца зь імі. Яны казалі, што чакаюць яго на свабодзе. Калі ж ён вызваліўся, то ў Магілёўскім тэатры для яго месца не знайшлося».

Дапамог Глебу з працаўладкаваньнем, казала ягоная маці, былы кіраўнік магілёўскай філярмоніі Ўладзімер Браілоўскі, які таксама пабываў за кратамі. У калёніі Багаеўскі зь ім і пазнаёміўся.

«Уладзімер Веньямінавіч дапамог сыну, каб той не адчуваў сябе выкінутым з жыцьця. Потым Глеб працаваў у Магілёўскім лялечным тэатры, але ён быў замалы для яго. Я бачыла яго на сцэне гэтага тэатру, і мне было шкада сына. Гэты тэатар быў не для яго».

Бібліятэка ў пакоі зьняволенага актора

Бібліятэка ў пакоі зьняволенага актора

Паводле Антаніны Ўладзімераўны, Глеба пасьля году працы ў Магілёве запрасілі ў Бабруйск. Запэўнілі, што возьмуць у мясцовую тэатральную трупу. Але заяву не падпісалі.

«Глеб быў разьбіты гэтай адмовай, — кажа Антаніна Ўладзімераўна. — Год ён працаваў на розных прадпрыемствах, пакуль не ўзялі ўсё ж у бабруйскую тэатральную трупу. Для Глеба пачаўся новы этап ягонага жыцьця».

«Беды Глеба — ад ягонага ўнутранага самотніцтва», — дадае Вольга Саманава.

Антаніна Бендава чытае адзін з апошніх лістоў сына са зьняволеньня

Антаніна Бендава чытае адзін з апошніх лістоў сына са зьняволеньня

«Таленавітыя людзі, нібыта, улюбёнцы публікі. Зь імі весела, імі захапляюцца, але такое стаўленьне няшчырае. Глеб быў самотнікам. У сваё жыцьцё ён мала каго пускаў, але ўсё ж імкнуўся дапамагчы іншым. Сярод тых, каго Глеб пускаў да сябе, былі тыя, хто яму здраджваў. Для Глеба здрады адыгрывалі фатальную ролю».

Падрэзаныя крылы

Незадоўга да арышту Глеб прапанаваў каханай жанчыне выйсьці за яго замуж. Яна настойвае: Глеб больш за два гады не ўжываў наркотыкаў і прагнуў зьменаў у сваім жыцьці.

Магілёўскі тэатар, у якім хацеў працаваць Глеб Багаеўскі

Магілёўскі тэатар, у якім хацеў працаваць Глеб Багаеўскі

«Ён верыў, што ягонае жыцьцё зьменіцца, калі зьявіцца сям’я. Ён чакаў пераменаў у жыцьці, але, безумоўна, не такіх, якія яго напаткалі», — кажа Вольга Саманава.

«Я шакаваная прысудам», — прызнаецца каханая жанчына Багаеўскага.

«Да нашага знаёмства ў яго не было за што ўхапіцца, дзеля чаго жыць», — кажа яна.

Фрагмэнт ліста Багаеўскага зь няволі: «Можа, і няма мне дараваньня...»

Фрагмэнт ліста Багаеўскага зь няволі: «Можа, і няма мне дараваньня...»

«Нашы стасункі напачатку былі дужа складаныя, але ён на вачах мяняўся. Глеб быў гатовы зьехаць з Бабруйску. Вырвацца са звыклага асяродзьдзя. І ў нас былі такія пляны. Ён хацеў вярнуцца ў Магілёў. Магілёўскі тэатар яго грэў — гэта былі яго родныя сьцены. За месяц да арышту ён прызнаўся, што пачаў распраўляць крылы. І выходзіць, што яму гэтыя крылы абрэзалі», — з роспаччу сказала суразмоўніца пры канцы гутаркі.

Адзін са сваіх апошніх лістоў Глеб Багаеўскі скончыў словамі: «Можа, і няма мне дараваньня...»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG