Паводле апытаньня, якое ў ліпені-жніўні бягучага году правяла кампанія Satio ў межах праекту тэхнічнай дапамогі «Разьвіцьцё Кастрычніцкага эканамічнага форуму», фінансаванага Эўразьвязам, толькі 16% маладых беларусаў (17–21 год) ня хочуць зьяжджаць за мяжу, нават калі ў Беларусі ня знойдуць сабе працы, а 19% гатовыя зьехаць пры першай жа магчымасьці.
Моладзь таксама распыталі пра лёгкасьць і важнасьць кожнага школьнага прадмета, у тым ліку расейскай і беларускай мовы.
Беларускую ў сярэднім назвалі больш простай для вывучэньня, але менш значнай: 53,8% ацанілі расейскую як вельмі важны прадмет (7-10 балаў па 10-бальнай шкале), беларускую як вельмі важную ацанілі толькі 27%. Балы ад 5 да 10 па значнасьці беларускай мове далі 74,2%, расейскай — 92,7%.
Найважнейшым прадметам назвалі замежную мову: 7-10 балаў ёй далі 58,9% апытаных. Пра матэматыку так адказалі 51,6%, пра інфарматыку — 44,1%, пра фізкультуру — 42%. Таксама больш значнымі за беларускую мову назвалі расейскую літаратуру, усясьветную і беларускую гісторыю, геаграфію, біялёгію, асновы бясьпечнай жыцьцядзейнасьці, грамадазнаўства і фізыку.
Найбольш цікавым прадметам назвалі фізкультуру: у 7-10 балаў яе ацанілі 44,4% апытаных. Сьледам ідуць інфарматыка (43,5%), расейская літаратура (38,5%), замежная мова (37,7%) і ўсясьветная гісторыя (34,4%).
Беларуская мова аказалася самым нецікавым прадметам: толькі 15,9% апытаных ацанілі яе цікавасьць на 7-10 балаў. Яшчэ 27,6% далі беларускай мове ад 1 да 3 балаў.
Беларускую літаратуру палічылі вельмі цікавай (7-10 балаў) 20,5%, нецікавай (1-3 балы) 24,9%. Расейскую, адпаведна, 38,5% цікавай і 9,8% нецікавай.
53,7% апытаных палічылі, што ім спатрэбіліся веды з урокаў расейскай мовы, а з урокаў беларускай — 16,1%. Пра матэматыку так сказалі 7,6%, пра замежную мову 4,4%, інфарматыку 3,4%. Ніхто не сказаў, што ім спатрэбілася астраномія, па адным апытаным — што ім спатрэбіліся веды з урокаў асноваў бясьпечнай жыцьцядзейнасьці, мастацкай культуры, дапрызыўнай падрыхтоўкі і геаграфіі.
Найбольш зьменаў у праграмах патрабуюць урокі замежнай мовы (так сказалі 31,9% апытаных), матэматыкі (31,1%), інфарматыкі (30,4%), расейскай (23,0%) і беларускай (18,5%) моваў.