Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мова Нанова» дабралася да Кіева, Кракава, Гранады


Глеб Лабадзенка
Глеб Лабадзенка

Адразу пасьля Новага году праект «Мова Нанова» адзначыць сваю першую гадавіну. Бясплатныя курсы беларускай мовы былі запачаткаваныя ў Менску філёлягам Алесяй Літвіноўскай і журналістам Глебам Лабадзенкам. У чэрвені 2014 году курсы «Мова Нанова» атрымалі Гран-пры фэстывалю беларускамоўнай рэклямы ADNAK у намінацыі «Грамадзка значныя праекты». У лістападзе 2014 году курсы атрымалі дзяржаўную рэгістрацыю. У сьнежні 2014 году — перамаглі ў конкурсе «Падзея году» на V фэстывалі нефармальнай адукацыі. У чым сакрэт такога імклівага посьпеху, Радыё Свабода даведалася ў аднаго з заснавальнікаў курсаў Глеба Лабадзенкі.

— У адрозьненьне ад іншых моўных праектаў, у такі няпросты час вы выжылі, вы разьвіваецеся, вы пасьпяховыя. Як самі думаеце, за кошт чаго?

— Я б не сказаў, што гэты час няпросты. Увесь гэты год — а нашы курсы існуюць роўна год — для нас быў толькі ўздым, пасьпяховае і дынамічнае разьвіцьцё. Мы пачалі выдаваць студэнцкія білеты і за 2,5 месяца выдалі ўжо больш за тысячу.

— Курсы «Мова Нанова» даўно ўжо выйшлі за межы сталіцы. Дзе яшчэ, у якіх гарадах вы праводзіце заняткі?

— Курсы за год адкрыліся ў васьмі беларускіх гарадах — усіх абласных (акрамя Гомеля), а таксама ў Бабруйску, Баранавічах і Маладэчне. За мяжой па нашай праграме курсы дзейнічаюць у Кіеве, Кракаве, Гранадзе. Энтузіясты бяруць нашу праграму і самі праводзяць курсы. Гэта нас вельмі цешыць, таму праграму выкладаем на сайт.

— Акрамя проста заняткаў па вывучэньні беларускай мовы, якія яшчэ формы дзейнасьці прапануеце?

— Так, мы асвойваем новыя кірункі дзейнасьці. Да прыкладу, разам з адной вядомай турфірмай сталі вазіць экскурсіі, ужо адбылося 6 экскурсіяў па выдатных мясьцінах Беларусі, зьвязаных з выбітнымі асобамі. Таксама ў нас ёсьць іншыя пляны. Нядаўна мы хадзілі ў музэй, і сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч праводзіў заняткі з нашымі студэнтамі. Для іх гэта быў сапраўдны падарунак, такая рэдкая магчымасьць — пачуць сына Коласа!

МОВА НАНОВА: Нашчадкі пераможцаў зьбіраюцца тут!
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:11 0:00
Наўпроставы лінк

— Магчыма, у Гранадзе ці Польшчы і нескладана знайсьці памяшканьне. Але ў беларускіх гарадах мясцовыя ўлады вельмі насьцярожана ставяцца да беларускамоўных ініцыятываў. Дзе ў беларускіх гарадах знаходзіце памяшканьні для заняткаў?

— Тут складаней за ўсё — пачаць, таму што сапраўды чыноўнікі глядзяць насьцярожана на беларускаарыентаваныя праекты. На жаль, так у нас склалася — нейкі стэрэатып апазыцыйнасьці ўсяго, што зьвязана зь беларускім. Там, дзе курсы дзейнічаюць, нам гэты стэрэатып удалося разьбіць, разьвянчаць. У тых васьмі гарадах, дзе курсы існуюць, я перакананы, што чыноўнікі бачаць, што там ніякай палітыкі. Мы працуем выключна ў плоскасьці культуры, і там, дзе курсы ёсьць, ніякіх непаразуменьняў зь мясцовымі чыноўнікамі няма. Праўда, быў выпадак, калі ў адным з гарадоў курсы былі ў памяшканьні адной з экалягічных арганізацыяў, а гэтае памяшканьне належала аўтасэрвісу. Гаспадар аўтасэрвісу выгнаў з памяшканьня і экалягічную арганізацыю, і нашы курсы. Ён сказаў, што нейкія наркаманы зьбіраюцца і па-беларуску размаўляюць. Але гэта не сыстэма, гэта адзін выпадак. Проста нарваліся на такога мужыка.

— Ведаю, што вы распачалі і курсы для дзетак. І 3 студзеня ў вас дэбют на тэлеканале «Белсат».— З кастрычніка мы адкрылі дзіцячыя курсы. Наша выкладчыца ў Менску Алена Церашкова ўзяла ўсё на сябе. У яе самой чацьвёра беларускамоўных дзетак. У нас быў ранішнік перад Калядамі, і там было прыкладна 70 дзетак. Моўныя дзіцячыя курсы самі па сабе ўзьнікаюць. То бок дарослыя прыходзяць на курсы зь дзецьмі, і выкладчыкі нашы, каб дзетак нечым заняць, раздрукоўвалі нейкія размалёўкі, вершыкі зь дзеткамі вучылі. А цяпер ужо заняткі для дзетак будуць і ў Горадні і Берасьці

«Белсат» прапанаваў нам зрабіць тэлевэрсію курсаў «Мова Нанова», далі нам тэхнічную магчымасьць, апэратара, рэдактара. Мы ўзялі ўсе свае распрацоўкі, цікавых гасьцей і зрабілі тэлевэрсію на 12 хвілін па тым жа прынцыпе, што і заняткі ў «Галерэі Ў». То бок кожны занятак мае нейкую тэму — граматычную, лексычную, а таксама гутарку зь цікавым госьцем.

Курсы «Мова нанова» для дзетак
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:47 0:00
Наўпроставы лінк

— І адно ненавагодняе пытаньне. А было нешта такое, што не ўдалося? Былі расчараваньні?

— У нас так і не атрымалася адкрыць нашы курсы ў Гомелі. Былі нейкія спробы, але нешта не складаецца. Там ёсьць нейкія іншыя курсы. Але ў нашых курсах галоўная задача — масавасьць, мы хочам ангажаваць у гэтую справу як мага больш людзей. Дзеля гэтага запрашаем музыкаў, стараемся разнастайваць заняткі.

Хацелі да Новага году новы сайт запусьціць, каб усе зьдзівіліся, але не пасьпелі...

— Глеб, а каму хацелі б сказаць словы падзякі за супрацу?

— Канечне, найперш маёй напарніцы Алесі Літвіноўскай. Таму што я з адукацыі журналіст, а яна філёляг. Безь яе курсаў не было б. Уся моўная частка, навуковая частка на ёй. Дзякуючы яе грунтоўнаму падыходу да справы ў нас атрымліваюцца ня проста вясёлыя сустрэчы, а ўсё мае адукацыйны ўхіл. І граматычная частка, і слоўнікі — усё на ёй.

Таксама я хацеў бы падзякаваць той тысячы чалавек, якія прыйшлі да нас. І што самае важнае — разам нам удаецца рабіць такую клясную дзьвіжуху!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG