Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежнікі пасьля БДУ гавораць зь беларускім акцэнтам


Тацяна Рамза
Тацяна Рамза

Суаўтарка падручніка беларускай мовы для японцаў Тацяна Рамза навучыла сотню замежнікаў размаўляць па-беларуску. А японка Сіёры Кіёсава пад яе кіраўніцтвам засвоіла беларускую за тры месяцы.

Падручнік пад назвай «Спрабуйма» выйшаў у Цукубскім унівэрсытэце ў Японіі 21 лютага, акурат да Дня роднай мовы. Навошта дзясяткі студэнтаў з усяго сьвету прыяжджаюць да нас вучыць беларускую мову, Свабодзе распавяла Тацяна Рамза, суаўтарка новага падручніка, дацэнт катэдры сучаснай беларускай мовы філялягічнага факультэту БДУ.

Каб чалавек за тры месяцы вывучыў мову з нуля — гэта цуд!

«Спрабуйма!» — ужо пяты падручнік беларускай мовы для замежнікаў, над якім працавала Тацяна Рамза. З 1999 году, калі ў БДУ аднавілі Летнюю школу беларусістыкі, яна займаецца менавіта навучаньнем замежнікаў беларускай мове. З таго часу, кажа выкладчыца, інтарэс да беларускай мовы ў іх не зьнікае.

Тацяна Рамза навучае замежнікаў беларускай мове з 1999 году
Тацяна Рамза навучае замежнікаў беларускай мове з 1999 году

Тацяна Рамза звычайна навучае беларускай мове студэнтаў зь Нямеччыны, Аўстрыі, Чэхіі й Сэрбіі. Было й два японцы. Спачатку ў яе вучыўся Акіра Фурусава — выкладчык японскай мовы ў БДУ. Дагэтуль ён працяглы час жыў у Беларусі й фактычна валодаў беларускай мовай на пачатковым узроўні.

Зусім па-іншаму адбывалася навучаньне зь Сіёры Кіёсава, калі тая прыехала першы раз у Беларусь у 2012 годзе. З замежных моў Тацяна Рамза валодала нямецкай, Сіёры — ангельскай, таму камунікаваць даводзілася перадусім праз электронны перакладчык і расейскую. Але працаздольнасьць Сіёры дазволіла ёй ужо за тры месяцы загаварыць па-беларуску.

«Я была настолькі ўражаная тым, як яна займалася, — кажа Рамза. — Зь якой апантанасьцю і якой карпатлівасьцю! Усе нашы заняткі яна запісвала на дыктафон, дома па некалькі разоў іх праслухоўвала. Для чалавека, які не валодаў мовай, зрабіць такі прагрэс, які зрабіла яна, — гэта проста цуд».

У 2015-м Сіёры ўжо выкладала курс беларускай мовы ва ўнівэрсытэце

Сіёры яшчэ некалькі разоў прыяжджала ў Беларусь — і каб завяршыць сваю магістарскую працу пра моўную сытуацыю ў Беларусі, і каб удасканаліць беларускую мову. А потым у 2015-м прафэсар Тасінобу Усуяма прапанаваў ёй выкладаць курс беларускай мовы ў Цукубскім унівэрсытэце (горад Цукуба — за гадзіну язды ад Токіё). Падчас выкладаньня гэтага курсу й быў падрыхтаваны падручнік для японцаў.

Гэта першы ў Беларусі асобнік падручніка «Спрабуйма!»
Гэта першы ў Беларусі асобнік падручніка «Спрабуйма!»

У лютым 2016 году выйшаў першы том «Спрабуйма!». Да лета мае быць надрукаваны другі. Выкладаць 48-гадзінны курс па беларускай мове стане значна прасьцей, бо ўвесь матэрыял ужо быў апрабаваны ў 2015 годзе на занятках, якія праводзіла Сіёры.

«Сіёры вельмі мэтанакіраваная! — кажа Тацяна Рамза. — Яна пачала з навуковай працы пра моўную сытуацыю ў Беларусі. І паступова настолькі захапілася беларускай мовай, што размаўляе на ёй ужо лепш, чым на расейскай».

Сіёры ўжо была на інтэрвію ў Радыё Свабода

Падручнік называецца «Спрабуйма!» — гэта кароткая форма выразу «Давайце паспрабуем вывучыць асновы беларускай мовы разам!». Як піша ў прадмове прафэсар Усуяма, па гэтым падручніку японцы могуць вывучаць беларускую мову нават самастойна.

«Мне патрэбная беларуская мова, каб стаць дыпляматам»

Штогод у БДУ прыяжджае каля 30 чалавек, каб вывучаць беларускую мову. Найперш гэта славісты. Таксама сустракаюцца дасьледчыкі, якім цікавыя моўныя працэсы ў Беларусі. Часам — перакладчыкі.

«Адзін студэнт зь Нямеччыны мне сказаў, што ён хоча быць дыпляматам, а таму яму абавязкова патрэбная беларуская мова, — кажа Тацяна Рамза. — Абавязкова».

Падручнік аздоблены ў беларуска-японскім стылі
Падручнік аздоблены ў беларуска-японскім стылі

Гэтаксама было і ў Японіі, дзе з 2013 да 2015 году ладзіліся моўныя курсы «Беларуская гутарня». Іх вялі беларуска Тацяна Цагельнік разам зь Сіёры Звычайна наведнікі курсаў ужо ведалі расейскую ці польскую, і ім было проста цікава авалодаць яшчэ адной славянскай мовай.

У замежнікаў да беларускай мовы іншае стаўленьне, чым у саміх беларусаў. Яна стаіць у адным шэрагу зь іншымі замежнымі мовамі, якія людзям цікава вывучыць.

«Як бы там ні было, я лічу, што ведаць беларускую мову — гэта пэрспэктыўна. Зь цягам часу і самі беларусы зразумеюць, што беларуская мова — гэта здорава».

У студэнтаў застаецца беларускі акцэнт у іхняй расейскай мове

Незалежна ад паходжаньня студэнта, для ўсіх самым складаным звычайна становіцца беларуская фанэтыка. У тым ліку і японцам, бо ў іх няма розьніцы паміж гукамі «р» і «л», сьвісьцячымі і шыпячымі.

Са старонак падручніка
Са старонак падручніка

Каб паставіць беларускае вымаўленьне, Тацяна Рамза выкарыстоўвае «хуткапрамаўлянкі» й дзіцячыя вершыкі. Асабліва гэта карысна для практыкі самых складаных гукаў. Напрыклад, мяккае «с» адточваюць, прамаўляючы: «Сьцяпан сягоньня спаў пагана — да раньня сьнілася сьмятана».

«І потым, калі яны кажуць „снег“, я кажу: „сьмятана“! Яны пачынаюць усьміхацца й адразу ж выпраўляюцца. З усьмешкаю мова засвойваецца значна лягчэй і лепш».

Немцам, якія часта ведаюць польскую мову, даводзіцца быць пільнымі зь мяккім беларускім гукам «дз», няпростыя для іх цьвёрды «л» ды фрыкатыўны «г», мяккія «с», «з», «н».

Пасьля моўнага інтэнсыву цягам аднаго сэмэстру ў Менску большасьць студэнтаў настолькі пранікаецца беларускай фанэтыкай, што ў іх зьяўляецца беларускі акцэнт у расейскай мове.

«Я вельмі строга патрабую, каб яны правільна вымаўлялі цьвёрдыя „р“ і „ч“. І потым яны пераносяць гэтую фанэтыку на расейскую мову. Вядома, тут няма чаму радавацца, бо ўзьнікаюць памылкі ў іхняй расейскай мове. Але мне прыемна, што яны засвоілі вельмі важныя рысы беларускай фанэтыкі».

«Як гэта ні дзіўна, але замежнікі заўжды знаходзяць беларускамоўны асяродак»

Штогод да нас прыяжджаюць да 50 студэнтаў, каб вывучыць беларускую мову. Але ці ёсьць асяродак, у якім яны маглі б папрактыкаваць яе па-за заняткамі? Тацяна Рамза кажа: як гэта ні дзіўна, але яны звычайна вельмі хутка знаходзяць беларускамоўных сяброў у Менску.

«Варта толькі захацець. Як правіла, сюды прыяжджаюць вельмі матываваныя студэнты. Яны сюды едуць па беларускую мову і знаходзяць яе».

У той час як беларусы скардзяцца на адсутнасьць беларускамоўнага асяродзьдзя, замежныя студэнты ствараюць яго самі. Прычым часта яны вымушаюць расейскамоўных беларусаў пераходзіць на мову.

«Калі замежнікі пачынаюць гаварыць зь беларусамі па-беларуску, то нашы студэнты, нават калі яны ў жыцьці не гавораць па-беларуску, пачынаюць гаварыць, няхай і з памылкамі, але па-беларуску. Бо, урэшце, закрануты іх гонар».

Выходзіць, што замежнікі папулярызуюць беларускую мову і сярод беларусаў, і сярод сваіх сяброў. Напрыклад, Андрэ Бём, адзін са студэнтаў Тацяны Рамзы, у суаўтарстве з Марынай Рахлей выдаў летась праваднік па Беларусі на нямецкай мове. Выкладчыца задаецца пытаньнем, ці робяць столькі нашы амбасадары, колькі робяць замежныя студэнты для папулярызацыі Беларусі і беларускай мовы.

«Самае галоўнае, што любоў замежнікаў да беларускай мовы, на маю думку, паспрыяе таму, што беларусы вернуцца да сваіх каранёў. Можа, дзякуючы ім беларуская мова й для большасьці беларусаў насамрэч стане роднай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG