Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мама на Манбляне»: У першы дзень беларус «з савецкім сьцягам» сарваўся ўніз


Тацьцяна Гацура-Яворская і ўкраінскі альпініст Віталь Сазонаў

Тацьцяна Гацура-Яворская і ўкраінскі альпініст Віталь Сазонаў

Тацьцяна Гацура-Яворская, шматдзетная мама і праваабаронца, апавядае пра 5 дзён і 4 ночы на Манбляне.

Зьдзяйсьняючы мару свайго дзяцінства, яна выправілася на ўзыходжаньне ў складзе групы дасьведчаных альпіністаў з украінскага клюбу «Тропа». Тацьцяна несла з сабою бел-чырвона-белы сьцяг. Другі беларус у камандзе — Сяргей, які жыве і працуе ў Лёндане, — на вяршыню ішоў са сьцягам СССР.

Некалькі гадзінаў таму яны вярнуліся з гары.

«У першы дзень мяне горы напалохалі, — кажа Тацьцяна. — Чакалі, што маршрут будзе просты. Мы ўздымаліся з 2 да 3 тысяч мэтраў, а як сказаў Віталь Сазонаў, дасьведчаны альпініст, які з намі ў камандзе, па складанасьці гэта адпавядала ягонаму ўздыму на Пік Леніна з 4 да 5 тысяч.

Калі мы дайшлі да прытулку, я была моцна напалоханая. Тым больш што другі беларус сарваўся на маіх вачах і паляцеў уніз. Дзякуй Богу, усё нармальна, яго выцягнулі, усё скончылася добра. Але ў прынцыпе я была напалоханая тым, што ў кожную хвіліну насамрэч ты можаш кудысьці зваліцца».

Далей сытуацыя склалася так, што група дайшла да першага прытулку і трапіла ва ўмовы кепскага надвор’я зь вельмі моцным ветрам.

«Два дні не маглі проста зрушыцца зь месца. Жылі ў экстрэмальных умовах. У прытулку было ад −5 да −9, пяць чалавек у маленькім пакоі. Абаграваць не было чым, харчаваліся „альпійскімі пакетамі“, якія разводзяцца вадой. Я ня вельмі люблю такое, але што было рабіць. У мяне была банка нашай згушчонкі. Я яе пакідала на штурм вяршыні, але ўжо было зразумела, што няма чаго чакаць. Гэта быў нечаканы, але вельмі прыемны для ўсіх дэсэрт», — кажа Тацьцяна.

«Палову заплечніка выкінула б пры першай магчымасьці. І наступны раз так і зраблю — ацэньвае Тацьцяна сваю падрыхтаванасьць. — Казаскі альпініст Асэт з сабою браў нават плястыкавыя кубачкі і ня браў міску — так змагаўся за кожны грам». Раней Тацьцяна казала, што на вышыні кожныя 100 грам успрымаюцца як кіляграм.

Але, упэўненая яна, калі б не надвор’е, дайшла б да вяршыні.

А вось з суайчыньнікам Сяргеем з савецкім сьцягам вышыня Тацьцяну так і не прымірыла.

«Калі чалавек на тваіх вачах зрываецца і падае, ня важна, што ў яго ў заплечніку ляжыць савецкі сьцяг. Першыя некалькі дзён пасьля гэтага я была зь ім вельмі лагоднай і талерантнай, — кажа яна. — Але калі зноў пачаліся размовы пра тое, што „Пуцін добры“, а ў нас не міжнародная экспэдыцыя, а мы ўсе аднолькавыя», то ў мяне гэта выклікала шмат эмоцый. Нават учора пасварыліся. Складана. Нас вышыня не прымірыла. Нават тое, што мы тры дні і чатыры ночы былі адрэзаныя ад сьвету і ведалі, што верталёт за намі не прыляціць... Ня ведаю, што яшчэ сказаць... Напэўна яшчэ гэта ўсё перажываю«.

Перад узыходам Тацьцяна казала, што калі ў цябе ёсьць мара зь дзяцінства, яе ня трэба адкаладаць, а абавязкова паспрабаваць зьдзейсьніць.

«Зусім не пашкадавала. Я не расчараваная, а зачараваная. Ведаю, што пайду ізноў. Як я сабе ўяўляла гэта даўно, так яно і атрымалася. Не пашкадавала і з-за таго, што мы не ўзьняліся на вяршыню. Я пазмагалася са стыхіяй, выпрабавала сябе, — упэўненая Тацьцяна Гацура-Яворская. — Кожнаму, канечне, сваё, але ніколі не адчувала сябе так добра, як сёньня, калі я спускалася ўніз зь нямытымі валасамі, у цяжкіх ботах і зь цяжкім заплечнікам. Я пераадолела сябе, узьнялася, і раю ўсім не адкладаць, а спрабаваць. Адчуваньне вартае таго».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG