Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Санкт-Пецярбурзе прайшоў мітынг супраць маста імя Кадырава


Мітынг супраць «маста Кадырава» ў Санкт-Пецярбурзе, 6 чэрвеня 2016 года. Фота: Тацяна Вольтская
Мітынг супраць «маста Кадырава» ў Санкт-Пецярбурзе, 6 чэрвеня 2016 года. Фота: Тацяна Вольтская

На Марсавым полі ў расейскім Санкт-Пецярбурзе ўвечары 6 чэрвеня адбыўся мітынг супраць наданьня масту праз раку Дудзяргофку на паўднёвым захадзе горада імя першага прэзыдэнта Чачэнскай рэспублікі Ахмата Кадырава.

Па зьвестках міліцыі, якія перадае «Фонтанка», дазволены ўладамі мітынг сабраў 350 чалавек, арганізатары ж кажуць пра тысячу. Карэспандэнт тэлеканала «Дождь» сьцьвярджае, што сабраліся «больш за 400» людзей. Мітынг прайшоў мірна і амаль без правакацыяў.

Мужчына, які выступаў за «мост Кадырава» падчас мітынгу
Мужчына, які выступаў за «мост Кадырава» падчас мітынгу

Выступоўцы патрабавалі скасаваць афіцыйнае рашэньне Тапанімічнай камісіі адносна найменаваньня маста. Мітынг прайшоў без сымболікі партыяў, толькі са сьцягамі Расеі і Пецярбурга, а таксама шматлікімі плякатамі. Натоўп гукаў «Гэта наш горад!» і «Не масту Кадырава».

«Гэта мітынг ня супраць чачэнцаў, тут няма нацыяналізму. Гэта мітынг супраць спробаў уладаў горада ігнараваць меркаваньне пецябруржцаў, – гаворылася ў звароце да грамадзянаў, які распаўсюджваўся перад мітынгам. – Што тычыцца Ахмата Кадырава, то калі ва ўладаў ёсьць вялікае жаданьне ўшанаваць гэтага „героя Расеі“, то можна прапанаваць перайменаваць у гонар яго якую-небудзь мячэць ці іншы абʼект, хоць неяк зьвязаны зь яго дзейнасьцю».

Яшчэ да мітынгу пецярбуржцы прапаноўвалі назваць мост «Ахматавым мастом», толькі ня ў гонар Кадырава, а ў гонар расейскай паэткі Анны Ахматавай, на мітынгу таксама былі заклікі назваць мост у гонар Анны Паліткоўскай, якая абараняла правы чалавека ў Чачні, пакуль не была забітая ў 2006 годзе. Пэтыцыя супраць «маста Кадырава» ў інтэрнэце набрала больш за 80 тысяч подпісаў.

Прэс-сакратар часовага кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава (сына Ахмата Кадырава) раней называў рашэньне камісіі правільным і справядлівым: маўляў, Рамзан, як і Ахмат, заўсёды зь цеплынёй адгукаецца пра жыхароў Пецярбурга, таму ўдзячны жыхарам і ўладам горада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG