Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Абламейка прэзэнтаваў «Мой Картаген» — кнігу, якую трэба перакласьці на расейскую мову


У кнігарні «Логвінаў» прэзэнтавалі кнігу эсэістыкі Сяргея Абламейкі «Мой Картаген». Кніга выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды. ХХІ стагодзьдзе» і стала 43-м папяровым выданьнем у кнігазборы.

Перад тым, як трапіць у кнігу, усе эсэ ў розны час публікаваліся на сайце Радыё Свабода. Як кажа аўтар, кожны тэкст нараджаўся як яго рэфлексія на пэўную праблему, нейкую грамадзкую ці культурную патрэбу.

«Я хацеў патлумачыць выбар назвы. Картаген — мэтафара настойлівага клопату яе аўтара. Назва гэтая запазычаная ў рымскага палкаводца і дзяржаўнага дзеяча Катона-старэйшага. Ён згадваў, што „Картаген павінен быць разбураны“, кожны раз падчас свайго выступу ў сэнаце Рыму, нават калі гаварыў зусім на іншыя тэмы. Проста заканчваў усе свае прамовы гэтай фразай. Гэтая фраза за апошнія паўтары тысячы гадоў стала мэтафарай настойлівага клопату і канчатковай мэты. Дык вось тэмы, якія я ўзьняў, — гэта мой настойлівы клопат, а значыць, мой Картаген», — сказаў на пачатку прэзэнтацыі Сяргей Абламейка.

У кнізе «Мой Картаген» чатыры разьдзелы. Першы называецца «Беларуская ідэя» і аб’ядноўвае эсэ, якія тычацца беларускай гісторыі — і даўняй, і сучаснай. Другі разьдзел называецца «Русский мир». У ім сабраныя тэксты пра Расею, узаемадачыненьні беларускай і расейскай культураў, беларускай і расейскай моваў. Яшчэ адзін разьдзел прысьвечаны архітэктуры, Менску і стану гістарычных помнікаў сталіцы.

Сяргей Абламейка

Сяргей Абламейка

Апошні разьдзел кнігі называецца «Людзі і справы». Гэтыя тэксты пісаліся або з нагоды юбілеяў выдатных асобаў беларускай культуры, альбо з нагоды іх адыходу.

Дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук у сваім выступе ўзгадаў, што прадмову да першай кнігі Сяргея Абламейкі «EGOізмы» напісаў Васіль Быкаў, у якой назваў тую кнігу ўнівэрсальнай, «якая ахоплівае ўсе бакі чалавечага існаваньня»:

Аляксандар Лукашук выступае на прэзэнтацыі

Аляксандар Лукашук выступае на прэзэнтацыі

«Тады Васіль Быкаў вельмі трапна зьвярнуў увагу на ўнівэрсалізм кнігі Сяргея Абламейкі. Аўтар сапраўды ўнівэрсальны, ён вельмі добра адчувае сябе і ў старажытнай гісторыі, і ў гісторыі старажытнага Рыму, і ў беларускай гісторыі. Але ў гэтым сэнсе слова „ўнівэрсальны“ ў прадмове Быкава можна замяніць на іншае, на супрацьлеглае — на „ўнікальны“. І гэта таксама будзе праўдзівым. Таму што любоў да сваёй гісторыі, да сваёй краіны, да сваёй памяці заўсёды ўнікальная — яна з чалавека ўнівэрсальнага робіць унікальным».

Падчас прэзэнтацыі Сяргей Абламейка зачытаў некалькі ўрыўкаў са сваёй кнігі, дзе закранаюцца тэмы грамадзянскай і этнічнай нацыі, а таксама пытаньне важнасьці беларускай мовы для і існаваньня беларускага народу.

Працягнуўшы тэму мовы, пісьменьнік і публіцыст Сяргей Дубавец прапанаваў неадкладна перакласьці кнігу «Мой Картаген» на расейкую мову, каб яе прачытала як мага больш людзей:

Сяргей Дубавец

Сяргей Дубавец

«Гэтая кніга стаіць у адным шэрагу з творамі асьветніка Кастуся Тарасава, расейскамоўнымі кнігамі якога ў 80-я гады зачытвалася вольная моладзь, а таксама з асьветніцкай эсэістыкай пачатку ХХ стагодзьдзя».

Мовазнаўца Вінцук Вячорка параўнаў «Мой Картаген» з другой кнігай Сяргея Абламейкі, якая выйшла летась, і зрабіў выснову, што аўтар гэтым разам напісаў вельмі аптымістычную кнігу:

Вінцук Вячорка

Вінцук Вячорка

«Перад Сяргеем Абламейкам быў вялікі выклік. Таму што пэўны час была паўза ў стварэньні такога кшталту тэкстаў. Бадай што паўтара пакаленьня, якія прыходзілі да гэтых каштоўнасьцяў, адчувалі, што яны недзе лунаюць у паветры, але ніхто ня мог сфармуляваць — што такое Беларусь, беларушчына, чаму мы такія, а ня іншыя. У гэтым сэнсе папярэдняя кніга Сяргея Абламейкі „Настальгія“ была пэсымістычная, а „Мой Картаген“ — абсалютна аптымістычная, з харошымі імпульсамі, скіраваная ў будучыню».

Доктар тэалёгіі Ірына Дубянецкая сказала, што для яе самы блізкі ёй разьдзел — прысьвечаны архітэктуры Менску:

«Я лічу, што ў сучаснай Беларусі трэба забараніць архітэктуру як прафэсію. Таму што тое, што будуецца, — гэта эстэтычная катастрофа. Ня толькі з пункту гледжаньня саміх будынкаў, а з пункту гледжаньня гістарычнага і эстэтычнага ляндшафту. Мы часта павінны ехаць у іншыя краіны, каб пабачыць тое, як было калісьці ў нас. Таму што там гэта ня нішчылі, а захоўвалі. У нас — наадварот».

«Мой Картаген» — трэцяя кніга Сяргея Абламейкі. У 2004 годзе выйшлі «EGOізмы», у 2014-м — «Настальгія».

Кнігу можна таксама прачытаць у фарматах PDF, EPUB і Kindle.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG