Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрыўся «Млын», дзе пануе беларускасьць


Вокладкі-вышыванкі на дакумэнты

Вокладкі-вышыванкі на дакумэнты

У Менску адкрылася выстава-кірмаш «Млын», на якой свае дызайнэрскія працы выставілі больш за паўтысячы майстроў. Сярод іх нямала аўтараў, якія актыўна выкарыстоўваюць у творчасьці нацыянальныя матывы.

Адразу на ўваходзе ў выставачны цэнтар БелЭкспа арыгінальнымі вырабамі з керамікі сустракае вядомая майстрыня Вольга Ўгрыновіч. За гады прафэсійнай дзейнасьці яна займела свой арыгінальны стыль, які шматлікія наведнікі ацэньваюць кашальком: бяруць посуд з адбіткам палявых кветак, наборы з нацыянальным арнамэнтам, куфлі з «Пагоняй».

Для ахвотных папрактыкавацца ў нялёгкай справе — надаць кавалку гліны ўнікальную форму — спадарыня Вольга ладзіла майстар-кляс. Ня дзіва, што зь першай спробы заяўлены як тэма «Гарлачык шчасьця» выйшаў ня ў кожнага.

Вольга Ўгрыновіч у сваім царстве керамікі

Вольга Ўгрыновіч у сваім царстве керамікі

«Пагоня»: заўсёды пад рукой

«Пагоня»: заўсёды пад рукой

У нацыянальным калярыце

У нацыянальным калярыце

«Сьвядомая» талерка

«Сьвядомая» талерка

У асобным павільёне выстаўленыя гіпсавыя мэдальёны з выявамі беларускага арнамэнту. На сьцяне — вялікі плякат-«расшыфроўка» кожнага сымбалю. Тут гаспадарыць мянчук Алег Сямёнаў. Цікаўлюся: адкуль такое захапленьне? І ці ёсьць спробы параўнаць некаторыя паганскія знакі-абярэгі са «свастыкай» нацысцкай партыі?

Майстар арнамэнту Алег Сямёнаў

Майстар арнамэнту Алег Сямёнаў

Абярэгі на ўсе выпадкі

Абярэгі на ўсе выпадкі

«Інструкцыя» для карыстальнікаў

«Інструкцыя» для карыстальнікаў

«Цікавасьць да гэтай тэмы існавала даўно — чытаў, вывучаў, дакопваўся. Урэшце вырашыў заняцца як рамяством, бо гэта акурат і падпадае пад рамесную дзейнасьць. Сама па сабе тэхналёгія нескладаная: на гіпс наносяцца адпаведныя знакі і потым расфарбоўваюцца. Што да нібыта „свастыкі“, то збольшага людзі ўжо абазнаныя. Зрэдку сапраўды трапляюцца такія, хто па няведаньні можа ледзь не абвінаваціць у прапагандзе нацызму. Але, на шчасьце, іх зусім мала. У асноўным разумеюць і набываюць — ад дзяцей да пэнсіянэраў».

«Упарадкаваны» арнамэнт

«Упарадкаваны» арнамэнт

Малады майстар Сяржук Каліноўскі прывёз на выставу рознакаляровыя драўляныя скрыні з накрыўкай, стылізаваныя пад традыцыйныя куфры. Некалі такія сховішчы для побытавага скарбу былі ў кожнай беларускай хаце. З густам аздобленыя ў нацыянальным стылі, яны і сёньня выклікаюць інтарэс у публікі. Спадар Сяргей расказвае, што на выраб аднаго куфра траціць тыдзень-паўтара, прычым гэта ўвесь вытворчы цыкль — ад зьбіваньня скрыні да расфарбоўкі:

Майстар куфраў Сяржук Каліноўскі

Майстар куфраў Сяржук Каліноўскі

Душы беларускіх мітаў

Душы беларускіх мітаў

Куфар для хатніх скарбаў

Куфар для хатніх скарбаў

«Займаюся вырабам куфраў года паўтара, і паступова гэта стала маёй працай. Так што гэта стылізацыя, але дае ўяўленьне, як захоўвалі свае рэчы нашы продкі. На сваіх куфрах часьцяком пішу словы беларускіх песьняў, каб стварыць адпаведны настрой. Скажам, вясновы: на вобразнае пытаньне на накрыўцы „Ой, вясна-красна, што ты нам прынесла?“ даецца адказ на фасадах: „...малым дзеткам — па яечку, маладым дзеўкам — па вяночку...“. У выніку атрымліваецца як бы патройны сымбіёз мастацтва — куфры, дываны і песьні. Людзі цікавяцца, бо гэта нестандартна: на мінулым „Млыне“ амаль усё прадаў, адзін куфар толькі застаўся».

Беларускі матыў афрыканскага продка

Беларускі матыў афрыканскага продка

Шматлюдна каля стэнду, дзе выстраіліся шэрагам, бадай, самыя незвычайныя экспанаты — барабаны на ўзор афрыканскіх, але зь яскрава беларускім характарам. Аўтары — Зьміцер і Хрысьціна Баранскія, прыехалі зь вёскі Вялікае Запрудзьдзе Валожынскага раёну:

Музыка Арцём Фрэнкель і майстрыня Хрысьціна Баранская

Музыка Арцём Фрэнкель і майстрыня Хрысьціна Баранская

Беларускі матыў афрыканскага продка

Беларускі матыў афрыканскага продка

Арнамэнт на барабане: ведай нашых

Арнамэнт на барабане: ведай нашых

«За аснову ўзятая форма афрыканскіх барабанаў, бо ў Беларусі насамрэч хаджэньне мелі бубны — такі кругляк з нацягнутай скурай. Мы ўзялі за прататып „джэмбе“, бо яны маюць больш глыбокі, выразны гук. Яны цалкам мясцовыя, бо робім іх зь беларускага дрэва, зь беларускай скуры, беларускімі рукамі. А зараз вырашылі яшчэ ўплятаць сюды беларускі арнамэнт, каб лішні раз падкрэсьліць тутэйшасьць. Ніхто асабліва гэтым у Беларусі не займаецца, попыт ёсьць. Найперш зьвяртаюцца музыкі, а таксама бацькі, каб змалку прышчапляць дзецям пачуцьцё рытму. Малым сапраўды вельмі падабаецца — гэта як рытм сэрца».

Барабанная галерэя

Барабанная галерэя

Цэлую партыю такіх барабанаў для заняткаў рытмікай у музычнай школе дапамог «прыстроіць» Арцём Фрэнкель — прафэсійны музыка, выкладчык і сябра калёніі нефармалаў, якія атабарыліся ў Вялікім Запрудзьдзі.

Вышыванкі на любы густ

Вышыванкі на любы густ

Куток гарлачыкаў

Куток гарлачыкаў

Гушканка: лось-беларус

Гушканка: лось-беларус

Гушканка-2: зубар-беларус

Гушканка-2: зубар-беларус

Нацыянальныя матывы прысутнічалі і на астатніх пляцоўках выставачнага комплексу БелЭкспа. Адны гандлявалі міні-«вышыванкамі» — палатнянымі вокладкамі для дакумэнтаў, іншыя — фуфайкамі ў стылі «вышымаек» і нататнікамі, аздобленымі арнамэнтам. Багата выстаўлена глінянага посуду, вырабаў з дрэва, саломы, чыгуну — традыцыйных матэрыялаў, якія беларусы выкарыстоўвалі здавён.

Нататнікі з арнамэнтам

Нататнікі з арнамэнтам

Вышымайкі на ўсе сэзоны

Вышымайкі на ўсе сэзоны

Драўляныя вырабы для інтэр’еру

Драўляныя вырабы для інтэр’еру

Упрыгожаньні з каштоўных мэталаў

Упрыгожаньні з каштоўных мэталаў

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG