Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША вернуць Японіі ўчастак зямлі на востраве Акінава


Пратэст супраць амэрыканскай вайсковай базы на востраве Акінава
Пратэст супраць амэрыканскай вайсковай базы на востраве Акінава

ЗША і Японія дамовіліся аб тым, што ЗША 22 сьнежня вернуць адміністрацыі японскай прэфэктуры Акінава 4 тысячы гектараў зямлі — частку тэрыторыі, дзе былі разьмешчаны амэрыканскія вайсковыя аб’екты.

Вяртаньню падлягае 4 тысячы гектараў зямлі паміж вёскамі Кунігамі і Хігасі, якая ўваходзіць у склад так званага паўночнага трэніровачнага палігону агульнай плошчай 7,8 тысячы гектараў. У бліжэйшым часе японскія спэцыялісты маюць намер зрабіць там замеры ўзроўню забруджаньня глебы і, у выпадку неабходнасьці, правесьці дадатковыя работы па дэзактывацыі.

Гэта будзе найбольшая перадача зямлі ад ЗША Японіі з 1972 году.

Канфлікт паміж амэрыканскімі вайскоўцамі і мясцовым насельніцтвам Акінавы нарастаў ад траўня 2016 году. У канцы траўня на Акінаве быў затрыманы 32-гадовы супрацоўнік амэрыканскай вайсковай базы Кенэт Фрэнклін, які згвалціў і забіў 20-гадовую Рыну Сімабукура.

Гэта быў ужо другі выпадак згвалтаваньня, у якім вінавацілі амэрыканскага вайскоўца: папярэдні інцыдэнт адбыўся ў 1995 годзе і ахвярай стала 12-гадовая дзяўчынка.

Здарэньне атрымала шырокую агалоску. Японія заявіла пратэст ЗША ў сувязі з інцыдэнтам, пасьля чаго на Акінаве для вайскоўцаў і супрацоўнікаў амэрыканскіх базаў камандаваньнем ЗША была ўведзеная камэнданцкая гадзіна, а потым і «сухі закон». Масавыя пратэсты супраць прысутнасьці амэрыканскіх вайскоўцаў працягваліся ўсё лета і восень, і ўвесь гэты час амэрыканскія ўлады шукалі спосаб зноў наладзіць адносіны.

«Гэта будзе пазытыўным крокам для разьвіцьця адносінаў паміж саюзьнікамі і прадэманструе прыхільнасьць абодвух урадаў ідэі перагрупоўкі амэрыканскіх войскаў», — заявіў прадстаўнік японскага боку на ўмовах ананімнасьці.

Амэрыканскія войскі дысьлякаваныя на Акінаве ад 1972 году. Усяго ў Японіі разьмешчаны каля 50 тысяч вайскоўцаў ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG