Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адной крыві»: беларускі фільм пра агульначалавечы канфлікт, які хочуць паказаць аўстрыйскім школьнікам


Кадар зь фільму
Кадар зь фільму

Кароткамэтражны фільм «Адной крыві» беларускага рэжысэра Мітрыя Сямёнава-Алейнікава перамог на кінафэстывалі «LET’S CEE» ў Аўстрыі. Рэжысэр распавёў Свабодзе, як у Менску зьняў стужку, якую аўстрыйцы прынялі як фільм пра сябе.

Сямейная сварка, гумовыя дубінкі, «кактэйлі Молатава» і кроў — хвілінны трэйлер фільма «Адной крыві» стварае ўражаньне, што ідзецца пра вялікі галівудзкі баявік. Але «Адной крыві» — 15-хвілінная стужка вытворчасьці незалежнай беларускай каманды, і распавядае гэтае кіно зусім не пра рэвалюцыю. У хуткім часе беларусы змогуць паглядзець стужку ў кінатэатрах, пасьля «фэстывальнага шэсьця» яна можа трапіць у вольны доступ у інтэрнэт.

Малады беларускі рэжысэр Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў распавядае Свабодзе, што ў фільме гаворка вядзецца не пра гвалт і рэвалюцыю:

«Мы зрабілі фільм пра тое, што ў людзей, якія жывуць разам, мо ў адной сям’і, могуць быць розныя погляды на жыцьцё. Самае важнае, што пры ўзьнікненьні нейкіх канфліктаў трэба ўмець дараваць адно аднаму, умець дараваць і прымаць іншы бок. Яна не пра палітыку — яна пра людзей».

Ён сьцьвярджае, што фільм не рабіўся пра канкрэтную краіну, хоць беларусы, паглядзеўшы трэйлер, думаюць, што фільм пра Беларусь, украінцы ж бачаць Украіну:

Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў
Мітрый Сямёнаў-Алейнікаў

«Трэйлер для таго і робіцца, каб людзі хацелі паглядзець фільм. І ён сваю ролю выканаў: шмат людзей увесь час пішуць, што хочуць паглядзець, і пытаюць, дзе паглядзець».​

Мітрый кажа, што параўнаньне «Адной крыві» зь нядаўнім нацыянальным кінапраектам «Мы, браты» («Авэль») непазьбежнае — і нярэдкае. Ён сьцьвярджае, што ня бачыў «Мы, браты», хоць пра падабенства дэталяў і нават назвы яго нярэдка пытаюць. Але свой сцэнар ён напісаў яшчэ ў 2013 годзе для курсу драматургіі ва Ўсерасейскім дзяржаўным інстытуце кінэматаграфіі (ВГИК), а рэалізаваць яго вырашыў пасьля падзеяў ва Ўкраіне ў 2014 годзе. На той час ужо было вядома пра выхад «Авэля», але тое рэжысэра не турбавала: у 15-хвіліннага фільма за ўласныя грошы і вялікага кінапраекту за мільёны даляраў — «розныя вагавыя катэгорыі».

Цяжкія пошукі дэпрэсіўнага Менску

Фільм «Адной крыві» быў зьняты за сем тысяч даляраў — гэта сума невялікая па мерках кіно, але значная, калі ўлічыць, што гэта асабістыя грошы Мітрыя:

«Я тады вучыўся і працаваў у Маскве, у ВГИКу. Былі магчымасьці недзе падпрацаваць, нешта паздымаць. Я ашчаджаў, бо быў інтэрнат, няшмат плаціў за пражываньне. Вядома, не было ўсёй сумы, нешта пазычыў у сяброў. Амаль усе, хто з намі працаваў, працавалі ці за вельмі малыя грошы, ці задарма.

Цяжка здымаць, калі ў цябе амаль няма сродкаў. Ратуе толькі тое, што людзі падтрымліваюць. Усім здавалася, што мы цягнем у гару нейкі камень, які ў любы момант можа нас саміх раздушыць. Мы разумелі, што нам трэба некаторыя сцэны зрабіць экшнам, хоць гэта і драма. Можна было абысьціся, узяць архіўныя здымкі ці відэа з Youtube. Але гэта не пайшло б у плюс фільму. Чалавек ня будзе спачуваць героям, калі не пабачыць, што менавіта яны знаходзяцца ў гэтай сытуацыі».

Стужка здымалася ў Менску, у ёй ужытая расейская паліцэйская форма, відаць аўто, тыповыя для СНД. Але нават у Аўстрыі некаторыя гледачы ўспрымалі гісторыю як сваю, пра Аўстрыю — адзін аўстрыйскі глядач нават распавёў рэжысэру, што меў вельмі падобны канфлікт з братам. У фільме паказаная агульначалавечая гісторыя, робіць выснову рэжысэр, а ўзьнятыя ў ёй праблемы ўласьцівыя любой краіне.

Мітрый згадвае, што нямала езьдзіў з камандай па Менску, пабываў ледзь ня ў кожным закутку. Ды выявілася нечаканая праблема: горад не падыходзіў пад змрочны антураж стужкі. Як адзначыў апэратар, які да таго працаваў у Маскве, у беларускай сталіцы «трэба здымаць камэдыі пра каханьне».​

Тым ня менш атмасфэрныя дэкарацыі знайшліся. Адной зь іх стаў славуты «чырвоны дворык» на вуліцы Рэвалюцыйнай, а сутыкненьні дэманстрантаў з паліцыяй здымаліся ў вузкім праходзе між двума паркінгамі, дзе можна было стварыць уражаньне перакрытай вуліцы.

Здымкі ўзгадняліся зь мясцовымі ўладамі, але наўрад ці такое ўдалося б зьняць, калі б быў прыняты закон аб узгадненьні сцэнараў

«Здымкі ўзгадняліся зь мясцовымі ўладамі, але наўрад ці такое ўдалося б зьняць, калі б быў прыняты закон аб узгадненьні сцэнараў, пра праект якога нядаўна распавядаў рэжысэр Андрэй Курэйчык. Таму што чыноўнiкi могуць проста не зразумець, пра што ты хочаш стварыць кіно, могуць проста спужацца тэмы ці дыялёгаў, хоць у самой ідэі фільму можа ня быць нічога асуджальнага ці правакацыйнага. Ніхто не павінен забараняць мастаку маляваць сваю карціну тымі колерамі, якімі ён жадае».

Выхаваньне аўстрыйскіх школьнікаў і расейскіх вернікаў

Аўстрыйскі фэстываль стаў для Мітрыя першым досьведам такога кшталту. Маладым калегам ён раіць карыстацца паслугамі агенцтваў, што рассылаюць фільмы па фэстывалях, бо самастойна ў такіх справах разабрацца цяжка. Ды папярэджвае, што можна не спадзявацца трапіць на фэстываль «па знаёмстве»:

«Першапачатковы адбор вядзецца нават не па фільме, а яшчэ па анкеце, бо фільмаў там тысячы. Калі што няправільна запоўніў — адсеюць. Таму хай лепей гэта робяць людзі, якія ўмеюць. Да таго ж у шмат якіх фэстываляў ёсьць фішка, што яны любяць прэм’еры: могуць ня ўзяць фільм, калі ты яго ўжо недзе паказаў. Асабліва калі фільм трапіў у сеціва».

Пасьля фэсту Мітрый меў магчымасьць паразмаўляць з адным зь сяброў журы, які судзіў «кароткі мэтар». Той распавёў, як праводзяць аналіз фільмаў: зь пяці соцень заявак адбіраюць шорт-ліст — дзясятак зь лішкам, затым параўноўваюць фільмы, адсейваюць да трох, пасьля да двух. Два «фіналісты» ўжо дасьледуюцца дэталёва: глядзяць складанасьць здымак, гісторыю, актораў, апэратарскую працу... Мітрый кажа, што ў ягоным выпадку думка журы была аднагалосная.

Школьныя настаўніцы хацелі паказваць фільм старшаклясьнікам у адукацыйных мэтах

Рэакцыя на «Адной крыві» была цёплая і з боку гледачоў. Рэжысэр прыгадвае, што пасьля паказу да яго падышлі дзьве жанчыны і папрасілі DVD зь фільмам: гэта былі школьныя настаўніцы, якія хацелі паказваць фільм старшаклясьнікам у адукацыйных мэтах. Выхаваўчы настрой фільму як прыпавесьці, кажа рэжысэр, можа пацьвердзіць і тое, што яго ўзялі на расейскі фэстываль «Прамяністы анёл», дзе паказваюць «духоўна-маральнае кіно». Нават нягледзячы на тое, што героі ў фільме лаюцца — хай і ня матам, але «моцным слоўцам».

У беларусаў магчымасьць пабачыць «Адной крыві» зьявіцца неўзабаве: фільм возьме ўдзел у фэстывалі «Лістапад», затым зьявіцца на «BulbaMovie», «Cinema Perpetuum Mobile» і іншых беларускіх фэстах — усіх Мітры і ня памятае. Ён мяркуе, што можна будзе зладзіць і закрыты паказ для журналістаў і крытыкаў. Далей фільм працягне «фэстывальнае шэсьце»: бліжэйшым часам фільм паедзе ў Румынію, чакае запрашэньняў і зь іншых фэстываляў. Пасьля фэстаў яго, магчыма, выкладуць у вольны доступ.

Зацікавіць амэрыканца фільмамі пра Вітаўта ці Купалу

Да «Адной крыві» Мітрый здымаў кліпы — і здымае дагэтуль. Адзін з апошніх — кліп для дуэту Юзары і Маймуна на песьню «Time», што рыхтаваўся для «Эўравізіі». Да таго працаваў зь беларускімі гуртамі «Безь Білета» і «Напалі», а таксама з шэрагам расейскіх выканаўцаў. Кажа, што не зьбіраўся рабіць «Адной крыві» поўнамэтражным фільмам, але над высокабюджэтным фільмам згадзіўся б папрацаваць ня думаючы — хоць на тым жа «Беларусьфільме»:

«Гэтая гісторыя („Адной крыві“. — РС) працуе, калі яна кароткая, ёмістая, хуткая. За 15 хвілін цяжка прымусіць гледача нешта разумець, пачаць спачуваць пэрсанажу, вельмі цяжка. Калі ў цябе ёсьць „поўны мэтар“, у цябе ёсьць час „закахаць“ гледача ў пэрсанажа. Але заставацца ў „кароткім мэтры“ я не пляную, хачу здымаць вялікае кіно».

Ён лічыць, што беларусам нішто не перашкаджае здымаць выдатныя фільмы і што нават нізкабюджэтны арт-хаўс можа зарабляць грошы, калі рэжысэр умее зацікавіць гледача:

«Ня трэба бегаць за Галівудам і крычаць, што яны ўмеюць і як яны здымаюць. Я супраць думак, што беларусы нечага ня ўмеюць. Трэба пазбаўляцца ад гэтых правінцыйных забабонаў! Як казаў Фрэнсыс Форд Копала, кіно — гэта сцэнар і акторы. Я зь ім згодны цалкам, а ў нас ёсьць і цудоўныя сцэнарысты, і цудоўныя акторы.

Пакуль яны робяць фільмы пра робатаў, мы будзем рабіць фільмы пра людзей

Ня трэба думаць пра „Трансформэраў“, бо „на сваёй казе“ мы пойдзем па іншым шляху. Пакуль яны робяць фільмы пра робатаў, мы будзем рабіць фільмы пра людзей. Галівуд — гэта машына па зарабляньні грошай, там кіно — гэта бізнэс. Так, яны робяць якасны прадукт, але іншая справа, што яны туды ўкладваюць. Трэба выбіраць: ці ты проста зарабляеш грошы, ці робіш нешта вышэйшае за гэта. Бо калі проста зарабляеш грошы — зарабляеш адзін раз, а тое, што рабілі Фэліні ці Таркоўскі, засталося назаўсёды. Такія рэчы зарабляюць не грашыма, яны зарабляюць жыцьцём. Трэба проста ўмець прадаваць гэта».

Ён адзначае, што ведае багата добрых фільмаў, якія здымаліся ў Беларусі, хоць многія зь іх і «супольнай вытворчасьці». Як прыклад ён прыводзіць «Ідзі і глядзі» Элема Клімава, што здымаўся на базе «Беларусьфільма» зь беларускімі акторамі. Ён адзначае, што ёсьць і моцныя маладыя рэжысэры.

«Фільмы пра гістарычную Беларусь мне цікава было б рабіць, і я ведаю, што іх цікава было б глядзець беларусам. Ці зайшлі б яны на Захадзе? Мне здаецца, так. Але калі мы пачынаем казаць толькі пра свае праблемы, праблемы канкрэтнай краіны, мы драбнеем і становімся нецікавымі. Нібы мы на нешта скардзімся. Чаму мне спадабаўся „Левіятан“ Зьвягінцава і іншыя яго фільмы: яны зробленыя так, што ты разумееш, што гэта недзе ў Расеі, але ты эмацыйна і візуальна ня можаш да канца прачытаць, дзе менавіта гэта знаходзіцца. Яны дыхаюць тым, што гэта не гісторыя канкрэтнай краіны, што межаў няма — ёсьць людзі.

Ня важна, як фільм будзе названы — ці „Плянэта Зямля“, ці „Якуб Колас“, напрыклад. Можна зрабіць цудоўны фільм і пра Якуба Коласа, і пра князя Вітаўта, каб кожны пабачыў у Эўропе ці ў нейкім сэнсе сябе, ці гісторыю нашага сьвету. Мы ўсё роўна робім кіно пра сябе, але трэба ўмець рабіць яго адкрыта. Калі мы скажам „князь Вітаўт“, адразу беларусы пойдуць глядзець, але мы можам прывабіць гэтым хоць амэрыканца, калі там будзе канфлікт, агульны для людзей».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG