Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мяжа падзеньня беларускай эканомікі


Ці здолее яна ў 2017 годзе выйсьці на станоўчыя тэмпы разьвіцьця? Удзельнікі: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: На мінулым тыдні быў апублікаваны праект дзяржаўнага бюджэту на 2017 год. Як казаў старшыня палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка, закон аб бюджэце павінен быць прыняты яшчэ цяперашнім складам палаты прадстаўнікоў, то бок на пачатку кастрычніка.

Ці зьяўляецца гэты праект бюджэтам разьвіцьця ці гэта бюджэт рэцэсіі, альбо штосьці сярэдняе? Выглядае, што ў адрозьненьне ад ранейшых часоў, беларускае эканамічнае кіраўніцтва гэтым разам дастаткова рэалістычна ацэньвае пэрспэктывы. У праекце бюджэту на 2017 год заплянаваны рост ВУП на 0,2%. Гэта кардынальнае адрозьненьне ад ранейшых праектаў — звычайна беларускае кіраўніцтва давала аптымістычныя лічбы, якія потым, апошнія 2-3 гады, аказваліся цалкам нерэалістычнымі. Гэтым разам гэтая лічба, пры пэсымістычным сцэнары, дастаткова блізкая да рэальнасьці, але большасьць эканамістаў усё ж лічаць, што нават такога мінімальнага росту ў 2017 годзе можа ня быць.

Мінфін заклаў у бюджэт парамэтры, якія па-ранейшаму залежаць ад зьнешніх абставінаў. Некаторыя эканамісты гэта даволі жорстка крытыкуюць, а менавіта залежнасьць беларускай эканомікі ад цаны за барэль нафты. Зь іншага боку, яна ёсьць, і як ні крытыкуй, гэта тое, ад чаго беларуская эканоміка адштурхоўваецца. У праект бюджэту закладзеныя наступныя парамэтры: цана за барэль нафты — 35 даляраў, курс расейскага рубля — 75 рублёў за даляр.

Гэта лічыцца рэалістычна-пэсымістычным сцэнаром.

Беларускае эканамічнае кіраўніцтва гэтым разам дастаткова рэалістычна ацэньвае пэрспэктывы.

Што яшчэ можна сказаць пра бюджэт з улікам таго, што зараз Беларусь перажывае істотны сацыяльны крызіс? Паводле апошніх дадзеных, адбылося зьмяншэньне даходаў насельніцтва на 7% у параўнаньні з адпаведным пэрыядам мінулага году. Беларускае кіраўніцтва зьвярнула ўвагу на гэтыя праблемы, і нягледзячы на тое, што манэтарная стабільнасьць і жаданьне не ўкідаць у эканоміку лішніх грошай застаецца, на гэтыя сацыяльныя тэмы мінфін паспрабаваў неяк адказаць. Сказана, што апераджальным тэмпам будуць якраз расьці даходы настаўнікаў і дактароў.

Паводле прагнозу МВФ, падзеньне беларускага ВУП у 2017 годзе будзе каля 1,5%. Тут можна нагадаць, што калі вясной прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў заяўляў, што беларуская эканоміка выйдзе ў 2016 годзе на рост, а МВФ заяўляў, што будзе падзеньне на 3%, то цяперашнія вынікі паказалі, што МВФ меў рацыю. На цяперашні момант выглядае, што па выніках 2016 году эканоміка будзе мець падзеньне каля 4%.

Дракахруст: Можна адштурхоўвацца ад прагнозу МВФ, які прадказвае рост толькі ў 2018 годзе. Хоць і ў 2017-м ён прадказвае падзеньне невялікае, але меншае, чым у папярэднія гады — як казаў спадар Кабякоў, зьніжаюцца тэмпы падзеньня.

Гэта можна лічыць прагрэсам, але, як паказвае жыцьцё, Міжнародны Валютны Фонд мае рацыю часьцей, чым беларускія эканамічныя «чараўнікі». У бюджэце на наступны год яны нарэшце заклалі больш-менш праўдападобныя лічбы. Прычым закладзены даволі пэсымістычны сцэнар. Нафтавыя цэны дэманструюць валятыльнасьць і тэндэнцыю хутчэй да росту. Але, навучаны горкім досьведам, урад сплянаваў бюджэт з разьлікам на горшае.

Зразумела, здароўе беларускай эканомікі шмат у чым залежыць ад зьнешніх фактараў. Скажам, дасьць МВФ грошы ці ня дасьць?

Міжнародны Валютны Фонд мае рацыю часьцей, чым беларускія эканамічныя «чараўнікі».

На мінулым тыдні мы размаўлялі пра тое, што насамрэч праблемы паміж Беларусьсю і Расеяй палягаюць ня толькі ў газавай спрэчцы, але і ў тым, што доступ для беларускіх тавараў на расейскі рынак ускладняецца. І гэта вынік ня толькі менш спрыяльнага стаўленьня расейскіх уладаў, але і росту канкурэнцыі, як з боку кітайскіх тавараў, гэтак і ўласна расейскіх.

Газавая спрэчка хутчэй за ўсё вырашыцца нейкім кампрамісам, пытаньне толькі: якім? Цяпер на Беларусі вісіць доўг 300 мільёнаў даляраў за газ, і які б кампраміс ні быў, усё роўна заплаціць за тое, за што Беларусь плаціла па сваім разуменьні, ёй так ці інакш давядзецца. Пытаньняў больш, чым адказаў.

Некалькі гадоў таму беларускія незалежныя эканамісты казалі пра праклён нізкіх тэмпаў. Вось гэтая беларуская сыстэма можна жыць, доўга жыць, але, выбраўшы свой «мотарэсурс» у 90-я гады, яна зараз ня будзе прадукаваць высокіх тэмпаў. Цяперашні крызіс хавае гэтую тэндэнцыю. на крызіс можна ўсё сьпісваць. Але ў пэрспэктыве Беларусь сутыкнецца з пытаньнем: рост — а які? Як растуць іншыя і як расьце Беларусь?

Карбалевіч: Апошняя нарада Лукашэнкі з урадам была вельмі цікавая ў сэнсе рыторыкі. Лукашэнка патрабуе ад ураду эканамічнага росту. Пры гэтым патрабуе не спасылацца на вонкавыя чыньнікі і прычыны. І гэта цікава. Бо ўся рыторыка Лукашэнкі адносна эканамічных правалаў зводзіцца да аднаго: мы не вінаватыя, бо ва ўсім сьвеце крызіс. Цяпер, каб прымусіць урад больш актыўна працаваць, ён хутка памяняў аргумэнты.

Урад штучна стварае сытуацыю, каб перавыканаць пляны.

Потым выступае прэм’ер-мінстар Кабякоў. Відавочна, што ён падрыхтаваў свой выступ загадзя. І першым і галоўным тэзісам стаў як раз аргумэнт пра вонкавыя шокі. «Сёньня эканоміка працуе ва ўмовах паміж стрэсавым і неспрыяльным сцэнарамі разьвіцьця зьнешніх умоваў, якія пралічваліся ў пачатку года для вызначэньня прагнозных паказьнікаў», — адзначыў кіраўнік ураду.

Яшчэ цікава, што ўрад пайшоў гэтым разам на статыстычныя хітрыкі. У праекце рэспубліканскага бюджэту на будучы год рост ВУП мяркуецца на ўзроўні 0,2%, таму што дакумэнт разьлічваўся па кансэрватыўным сцэнары ($ 35 за барэль нафты, курс даляра — 75 расійскіх рублёў). Пры гэтым Кабякоў заяўляе: урад Беларусі разьлічвае, што паказьнік валавога ўнутранага прадукту ў 2017 годзе вырасьце на 1,7% у параўнаньні з 2016 годам.

Прагноз 35 даляраў за барэль нафты, здаецца, заніжаны. Урад штучна стварае сытуацыю, каб перавыканаць пляны і потым рабіць пераможную справаздачу. Акрамя таго, чым большы прафіцыт бюджэту, тым больш грошай на вяртаньне даўгоў. Бо ў бюджэце заплянавана толькі 25% на выплату доўгу, а 75% будуць пазычаць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG