Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Місія Алены Анісім: ад нефармалкі да дэпутаткі


Алена Анісім

Алена Анісім

Адной зь неспадзяванак выбарнай кампаніі стала абраньне дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім — намесьніцы старшыні Таварыства беларускай мовы, навуковай супрацоўніцы Інстытуту мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. Балятавалася яна па Стаўпецкай выбарчай акрузе, на сваёй радзіме.

Яе дзявочае прозьвішча — Амельчыц. Нарадзілася ў 1962 годзе ў вёсцы Савоні недалёка ад Мікалаеўшчыны, у мясьцінах, зьвязаных з жыцьцём беларускага клясыка Якуба Коласа. Бацькі — настаўнікі: маці выкладала матэматыку, бацька — замежныя мовы. Сыны Аляксандар, Мікалай і Ўладзімер грамадзкай дзейнасьцю не займаюцца. Як і муж Валеры — па адукацыі матэматык, нядаўна выйшаў на пэнсію. Мае адну ўнучку.

«Майстроўня» як трамплін заканадаўцы

Каляды, 1982 год. Ірына Крук, Сяргей Запрудзкі, Алена Амельчыц (Анісім). Фота з архіву

Каляды, 1982 год. Ірына Крук, Сяргей Запрудзкі, Алена Амельчыц (Анісім). Фота з архіву

Пасьля школы Алена паступіла на філфак Белдзяржунівэрсытэту. Акурат тады на факультэце ўтварылася нефармальная суполка «Майстроўня» — моладзевае згуртаваньне, якое ставіла за мэту адраджэньне беларускай мовы, а ўрэшце — здабыцьцё незалежнасьці. Згадвае «майстровец», скульптар Гэнік Лойка:

«Мы з Аленай сябруем ад 1980 году, калі пачаліся першыя рэпэтыцыі нашай „Майстроўні“. У суполку яна прыйшла сьвядома, разам зь Вінцуком Вячоркам, разам зь філфакаўскай сяброўкай Веранікай Надтачэевай, якая цяпер Курцова. І вось так ужо больш за 35 гадоў змагаемся за Беларусь, за беларускую мову. Іншая справа, што з прычыны пэўных разыходжаньняў у падыходах да беларусізацыі я выйшаў з ТБМ. Але гэта нічога ня мяняе, мы ўсё роўна змагаемся на адным полі. Алегу Трусаву так і сказаў: будзем па-рознаму, але ісьці да адной мэты. Спадзяюся, што Алена ў палатцы будзе змагацца, прынамсі я ў яе веру. Канечне, хацелася б ад яе нечага радыкальнага, што мне больш імпануе, але яна заўсёды была мудрай дзяўчынай, і калі не пагаджаецца з маімі мэтадамі, значыць, мае рацыю. Адпаведна, лепш ведае, якім шляхам рушыць далей».

Першая сэрыя дакумэнтальнага цыклю Вячаслава Ракіцкага «Сьведкі», прысьвечанага «Майстроўні». Сяргей Дубавец і Алена Анісім пра публічнае калядаваньне ў савецкім Менску

Пра нефармальны пэрыяд, ролю і месца ў ім Алены Анісім у кнізе «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду» падрабязна расказаў пісьменьнік, публіцыст, актыўны ўдзельнік моладзевага руху 1980-х Сяргей Дубавец. А шлях каляжанкі ад нефармалкі да дэпутаткі лічыць цалкам лягічным:

«Тут няма ніякай гаворкі пра нейкую трансфармацыю, бо гэта вельмі цэльная асоба, якая па жыцьці абсалютна ніколі не мяняе свае погляды, сваю пазыцыю. І я перакананы, што ў сілу патрыятычнасьці, беларушчыны яна там шмат каго перацягне на свой бок — чаму і каму гэта можа не спадабацца? Тым больш, калі яна стала дэпутатам, зь яе аўтаматам здымаюцца ўсе тыя нэгатыўныя канатацыі ўсялякай апазыцыйнасьці, аб якую ўлада ня хоча мазацца. Зразумела, што гэты вобраз „пракажоных“ створаны і прэзыдэнтам, і афіцыйнымі СМІ. Але за Аленай ніколі не было нейкай зацятай апазыцыйнасьці дзеля апазыцыйнасьці, заўсёды перасьледаваўся нацыянальны беларускі інтарэс. А гэта можа быць шмат каму сымпатычна. І чаму б на гэтай падставе не магла ўзьнікнуць хай сабе ня фракцыя, а прынамсі група аднадумцаў?»

Дэпутацтва як вынік прадуманай шматхадоўкі

Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў, для якога выбарчая кампанія скончылася напярэдадні, кажа, што пападаньне Алены Анісім у парлямэнт стала вынікам «шматхадоўкі», якую яны рэалізоўвалі цягам трох апошніх гадоў: пакуль ён адцягваў увагу на сваю пэрсону, яна з групай падтрымкі рабіла сваю справу. Такім чынам плён удзелу ў выбарах ацэньвае на 75%:

Алег Трусаў і Алена Анісім

Алег Трусаў і Алена Анісім

«Мы да гэтага ішлі тры гады і выйгралі. То бок задача была — правесьці ў парлямэнт Алену Анісім, а я выконваў функцыю своеасаблівага раздражняльніка, зь вялікім посьпехам адцягваючы на сябе ўвагу, прымушаючы ўсе сілы кінуць супраць мяне. Як вынік — па маёй акрузе парушэньняў, мабыць, больш, чым дзе па краіне... Анісім ішла з такой жа праграмай, як і ў мяне, амаль адзін да аднаго. Таму першае, што яна зробіць, — гэта ўнясе на разгляд закон аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы, які намі даўно ўжо напісаны. Яшчэ раз кажу: мы тры гады рыхтаваліся, каб правесьці яе ў парлямэнт, і пасьпяхова гэта ажыцьцявілі».

Сама Алена Анісім так адказвае на пытаньне, калі жаданьне ўдзельнічаць у дзяржаўным будаўніцтве набыло акрэсьленыя формы:

«Ведаеце, канкрэтна так, можа, і ня думала, але, мабыць, гэта той час, калі я была ў Савеце ФПБ у кадэнцыю Ганчарыка і працавала ў Акадэміі навук у прафсаюзах. Мне гэта дало разуменьне, якім чынам і ў якім напрамку можна рухацца. І ў пэўнай ступені якраз той досьвед, тая школа акадэмічных прафсаюзаў паспрыяла, каб я сёлета балятавалася ў парлямэнт. Бо гэта была першая практычная школа. Другая школа — гэта, безумоўна, Таварыства беларускай мовы і непасрэдна Алег Трусаў. Бо так, як працуе ён, — гэта проста ўзор для ўсіх іншых. Столькі, колькі робіць Алег Анатолевіч для арганізацыі і для краіны — ня будзе перабольшаньнем сказаць, мала хто робіць увогуле».

У сваю чаргу, спадар Трусаў не сумняецца, што прадстаўніцтва ТБМ у заканадаўчым органе будзе ўспрынята станоўча, без навешваньня ярлыкоў апазыцыйнасьці. А самі дэпутаты нарэшце зоймуцца справай — запусьцяць маштабны працэс беларусізацыі ўсіх сфэраў жыцьця:

«Нават па сваёй акрузе бачу, што адносіны да мовы зьмяніліся кардынальна. А што тычыцца Анісім, то ў яе такой праблемы нават не існавала — на Стаўпеччыне, радзіме Якуба Коласа, і цяпер у кожнай вёсцы гавораць па-беларуску. Яна мясцовая, людзі ведалі яе бацьку, братоў, ніякіх пытаньняў. Невялікія праблемы былі зь Нясьвіжам, дзе яна ўзяла меней галасоў, але падтрымала інтэлігенцыя, мае былыя студэнты, якія працуюць у музэях. Гарадзею проста на вушы паставілі, сам колькі езьдзіў, дапамагаў. Кампанію вялі жорстка. Зь іншага боку, там не было прадстаўніка „палаткі“, не было ўказаньня валіць любой цаной. Адрозна ад мяне, дзе ўсе палатнікі са спэцсьпісу павінны былі прайсьці. А ў яе акрузе палатнік не захацеў ісьці, таму было адносна прасьцей».

Алена Анісім на Кангрэсе беларускай культуры

Алена Анісім на Кангрэсе беларускай культуры

Статус як магчымасьць моўнай экспансіі

Ці не абвінавацяць тыя ж дэмакраты Алену Анісім у «абслугоўваньні» дзяржаўных інтарэсаў? Публіцыст і «нацыянал-нефармал» 1980-х Сяргей Дубавец лічыць, што падобная пазыцыя ня мае нічога рацыянальнага, паколькі беларуская справа ад прысутнасьці Анісім у парлямэнце толькі выйграе:

«Ну што тут можа быць адмоўнага? Упершыню за 20 гадоў пасьля рэфэрэндуму 1995 году ў беларушчыны ва ўладзе зьявіўся свой рэальны прадстаўнік. Так, здаралася ў нас, што Латушка гаварыў па-беларуску, што Макей вершы чытаў. Але гэта прыватныя выпадкі, гэта ня ёсьць палітыка. А тут прыйшоў чалавек, для якога гэта якраз і ёсьць палітыка — прасоўваньне беларушчыны, яе пашырэньне. І, будучы чалавекам ад улады, ясна, што яна мае калясальныя магчымасьці ў гэтай справе. Гэта ня тое, што сабраўся актыў ТБМ і „бамбіць“ лістамі нейкае міністэрства. Бо калі гэта пойдзе ад імя афіцыйнага абранага дэпутата, прадстаўніка заканадаўчай улады, будзе зусім іншы эфэкт і ў міністэрствах».

Алена Анісім ужо заявіла, што першым дакумэнтам, які яна ініцыюе на абмеркаваньне, стане законапраект аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы. Апроч даручэньняў, атрыманых ад землякоў-выбарцаў, мяркуе ініцыяваць адкрыцьцё прынамсі адной беларускамоўнай гімназіі ў кожным раённым цэнтры:

Я сваіх прынцыпаў, поглядаў не хаваю і нашу справу буду адстойваць заўсёды

«Гэта адназначна, таму што я іду ня проста сама па сабе, а як прадстаўнік Таварыства беларускай мовы, як прадстаўнік той часткі грамадзтва, якая не задаволеная дэкляраванай роўнасьцю моваў, а жадае бачыць гэтую роўнасьць на практыцы, адчуваць сапраўдны статус дзяржаўнасьці беларускай мовы. Вось на гэтым увесь час будзе рабіцца акцэнт. Дарэчы, мне сёньня быў дадзены непасрэдны наказ — не ад апазыцыі, не ад кіраўніцтва ТБМ — ад навукоўцаў. Наконт таго, што законы павінны прымацца адразу на дзьвюх мовах, каб не было пытаньняў пра тое, правамоцныя яны ці не. Я сваіх прынцыпаў, поглядаў не хаваю і нашу справу буду адстойваць заўсёды».

Хто далучыўся да выбарнай кампаніі Алены Анісім? З кім яна хацела б падзяліць гэты калектыўны посьпех? Нарэшце, як да ідэі балятавацца ў дэпутаты паставіліся блізкія?

«Сыны — у меншай ступені, больш езьдзіла з унучкай, нават двойчы на футбол. Муж напачатку ставіўся збольшага скептычна, але пасьля і яго зацягнула ў вір — адпрацаваў, хай цяпер адпачне, яму сапраўды давялося нялёгка. Канечне, адзначыла б Валеру Дранчука і Натальлю Плаксу, якія працавалі на Стаўпеччыне і ў Нясьвіжы. Безумоўна, Марыя Міхайлаўна Міцкевіч, якая таксама шмат дапамагала. Пісьменьнікі Генрых Далідовіч і Алесь Камароўскі зь першага ж слова адгукнуліся на прапанову сустрэцца з выбарцамі, падтрымаць і загітаваць. Адмыслова прыехаў Аляксей Галіч, прасьпяваў на пікеце тры песьні — такога ў Стоўпцах, напэўна, ніхто дагэтуль ня чуў і ня бачыў. Нарэшце, кіраўніца маёй ініцыятыўнай групы, а пасьля і давераная асоба Ала Петрашкевіч, бібліятэкарка стаўпецкай дзіцячай бібліятэкі. Усе працавалі вельмі добра».

Алена Анісім нарадзілася 28 верасьня 1962 году ў вёсцы Савоні на Стаўпеччыне ў Менскай вобласьці. Скончыла філфак БДУ. Была актыўнай удзельніцай нефармальнага моладзевага абʼяднаньня «Майстроўня». З 1991 году працуе ў Інстытуце мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук (з 2008 году — Інстытут мовы і літаратуры). Намесьніца старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, была адной зь вядоўцаў праграмы «Беларуская мова» на тэлеканале ОНТ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG