Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Расеі распачалі крымінальную справу супраць беларускага нэанацыста. Дзьве вэрсіі, што такое Misanthropic Division


Фота, як сьцьвярджаецца ў сацсетках, Дзьмітрыя Паўлава

Фота, як сьцьвярджаецца ў сацсетках, Дзьмітрыя Паўлава

Верагодна, Дзьмітры Паўлаў, якому прыпісваюць стварэньне міжнароднай нэанацысцкай суполкі Misanthropic Division, знаходзіцца ва Ўкраіне ці Нямеччыне.

Сьледчы камітэт Расеі паведаміў аб пачатку крымінальнай справы супраць грамадзяніна Беларусі Дзьмітрыя Паўлава, які, па зьвестках расейскага СК, стварыў у 2013 годзе нэанацысцкую суполку Misanthropic Division.

Па беларускім нумары тэлефона, які ў сацсетках прыпісваецца Паўлаву, адказвае чалавек, які прадстаўляецца як знаёмы Паўлава па працы ў кампаніі EPAM. Ён кажа, што Паўлаў даўно зьехаў зь Беларусі, меркавана, ва Ўкраіну, і пакінуў яму свой нумар. Мужчына кажа, што ня ведае іншых дэталяў. Нумар тэлефона скончваецца лічбамі 14-88 — закадаваным нэанацысцкім лёзунгам.

Афіцыйная вэрсія з Расеі

Расейскія сьледчыя сьцьвярджаюць, што Паўлаў, вядомы па мянушцы «Фюрэр», стварыў Misanthropic Division «як субкультурны праект, плянуючы ўмацаваць свае пазыцыі сярод нацыяналістаў, а таксама атрымліваць прыбытак ад продажу прадукцыі з адпаведнай сымболікай», а пасьля «Эўрамайдану» суполка стала «больш радыкальнай» і распаўсюдзілася на іншыя краіны Эўропы.

Паўлава абвінавачваюць у стварэньні і арганізацыі дзейнасьці экстрэмісцкай арганізацыі, публічных закліках да ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай дзейнасьці або публічным апраўданьні тэрарызму; публічных закліках да ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці; распальваньні нянавісьці альбо варожасьці, а таксама зьнявазе чалавечай годнасьці; рэабілітацыі нацызму.

Тут і ніжэй: як сьцьвярджаецца ў сацсетках, на фота — Дзьмітры Паўлаў

Тут і ніжэй: як сьцьвярджаецца ў сацсетках, на фота — Дзьмітры Паўлаў

Сябры суполкі бралі ўдзел у «Эўрамайдане» і баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны, заклікаюць у шэрагі «Правага сэктару» і «Азову», заклікаюць да экстрэмісцкай дзейнасьці, распальваюць нянавісьць, прапагандуюць расізм.

Арганізацыя прызнаная ў Расеі экстрэмісцкай. Адзін зь яе ўдзельнікаў асуджаны за злачынствы экстрэмісцкага напрамку. У Маскве праводзяцца ператрусы ў асобаў, зьвязаных з Misanthropic Division.

Сам Паўлаў нібыта знаходзіцца ў Нямеччыне.

Вэрсія з сацсетак

У сацсетках, у тым ліку ад імя Misanthropic Division і яго праціўнікаў, распавядаецца іншая вэрсія. Мянушка Паўлава — «Misanthropic Fuhrer», раней — «Базутчык». 31 кастрычніка 2013 году ён разам зь Сяргеем пад мянушкай «People Hater» і Аляксандрам «Sharp Knife» стварыў «УКантакце» паблік, дзе публікаваліся нэанацысцкія артыкулы і фоты з «Эўрамайдану». Публікуюцца фоты, як сьцьвярджаецца, Паўлава на «Эўрамайдане», затым у складзе падразьдзяленьня Нацгвардыі Ўкраіны «Азоў».

Тут і ніжэй: як сьцьвярджаецца ў сацсетках, сярод удзельнікаў групавых фота — Дзьмітры Паўлаў

Тут і ніжэй: як сьцьвярджаецца ў сацсетках, сярод удзельнікаў групавых фота — Дзьмітры Паўлаў

Сьцьвярджаецца, нібыта MD браў удзел у процістаяньні «Беркуту» на «Эўрамайдане» ад сьнежня 2013 года, затым у Адэсе і Харкаве — у процістаяньні з «Антымайданам», пазьней і да сёньняшняга дня ў складзе «Азову» — на Данбасе. Прыхільнікі MD заяўляюць, што арганізацыя не зьвязаная наўпрост з «Азовам» і «Правым сэктарам»: хоць ваюе на іх боку, але крытыкуе іх пазыцыі (нацыяналістычныя, але не нацысцкія і расісцкія).

Што дзіўна, розныя суполкі пад назвамі Misanthropic Division прытрымліваюцца розных бакоў канфлікту на паўднёвым усходзе Ўкраіны. Існуе і суполка «MD Новороссия», якая заяўляе, што ваюе супраць украінскіх узброеных сілаў. Усе яны сапраўды публікуюць матэрыялы і сымболіку нэанацысцкай тэматыкі.

На сьцягах Misanthropic Division​ прысутнічае эмблема дывізіі СС Totenkopf. Дэвіз усіх суполак — «Сьмерць у імя Вотана», а «Вотан» — старажытнаверхненямецкае імя скандынаўскага бога Одзіна і скарачэньне ад «Will Of The Ancient Nation» («Воля старажытнай нацыі»).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG